Хакеісты „Дынама” ў хатнім матчы КХЛ перамаглі „Сочы”
Хакеісты менскага „Дынама” у рамках чэмпіянату КХЛ прымалі ў сябе ў гасцях „Сочы”. У сярэдзіне другога перыяду лік адкрылі госці. Аднак праз чатыры хвіліны Сэм Энас аднавіў раўнавагу, рэалізаваўшы штрафны кідок. У апошняй траціне сустрэчы „зубры” выйшлі наперад, дзякуючы шайбе, закінутай Аляксандрам Волкавым. „Дынама” умацавалася на сёмым месцы Заходняй канферэнцыі КХЛ. Клуб мае 30 балаў.
Наступны паядынак дынамаўцы правядуць ужо сёння. Іх супернікамі зноў будуць „Сочы”.
„Віцебск” святкаваў восьмую перамогу запар у беларускай хакейнай экстралізе
Хакеісты „Віцебска” працягнулі пераможную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай экстралігі да васьмі матчаў. „Мядзведзі” на сваім лёдзе прымалі трэцюю каманду сезона – „Гомель”, гэты паядынак апынуўся адзіным у гульнявой праграме чацвярга. Два дні таму каманды ўжо сустракаліся ў Віцебску і тады гаспадары святкавалі перамогу ў серыі булітаў 3:2. На гэты раз падапечныя Рамана Юпатава вырашылі ўсе пытанні ў асноўны час. Ужо да шостай хвіліны першага перыяду паўночнікі мелі адрыў у дзве шайбы дзякуючы Аляксандру Ляўко і Ігару Карабанаву. У наступнай траціне супернікі абмяняліся закінутымі шайбамі – на гол гамяльчаніна Ягора Феафанава адказаў Ілья Камбовіч. У заключным адрэзку сітуацыя не змянілася, як вынік 3:1 на карысць „Віцебску”. Такім чынам, „мядзведзі” зраўняліся па ачках з лідыруючым „Шахцёрам” – у абодвух клубаў па 42 балы, але ў паўночнікаў згуляна на матч менш.
Названы склад футбольнай зборнай Беларусі на матчы з Андорай і Косава
Галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі Карлас Алас Ферэр назваў склад каманды на заключныя матчы адборавага турніру чэмпіянату Еўропы. Да маючых адбыцца сустрэч з камандамі Андоры і Косава пад кіраўніцтвам іспанскага спецыяліста будуць рыхтавацца 24 футбалісты. У тым ліку брамнік гарадзенскага «Нёмана» Канстанцін Рудзянок, яго партнёры па камандзе абаронцы Сяргей Карповіч і Ягор Пархоменка. З 13 лістапада беларуская дружына будзе трэніравацца на базе тэхнічнага цэнтра АБФФ у Мінску, а потым адправіцца ў Будапешт, дзе 18 лістапада правядзе намінальна хатні паядынак са зборнай Андоры.
У Ерэване стартуе чэмпіянат свету па самба з удзелам беларусаў
У сталіцы Арменіі Ерэване стартуе чэмпіянат свету па самба, удзел у якім прымуць і беларускія атлеты. Усяго на турнір заявіліся спартоўцы з 65 краін. Каманда Беларусі па рашэнні Міжнароднай федэрацыі самба (FIAS) выступіць на чэмпіянаце свету пад нейтральным сцягам, роўна як і зборныя Расіі і Францыі. У мужчынскіх спаборніцтвах барацьбу за ўзнагароды павядуць прызёры планетарных форумаў Уладзіслаў Бурдзь (вагавая катэгорыя – да 58 кг) і Павел Гладкіх (да 64 кг), у жаночых турнірах стартуюць чэмпіёнкі свету Анфіса Капаева (да 50 кг), Алена Купава (да 54 кг) і Таццяна Мацко (да 59 кг), а ў баявым самба прайсці па сетцы да канца паспрабуюць Раман Гліцук (да 79 кг) і Валянцін Наталевіч (да 98 кг).
Беларускае Радыё Рацыя