Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” абыгралі „Магілёў”
Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” абыгралі „Магілёў” у матчы чэмпіянату Беларусі. Матч завяршыўся на карысць каманды Сяргея Пушкова з лікам 4:2. У першым перыядзе гульня праходзіла з перавагай гульцоў гарадзенскага клуба, якія двойчы засмуцілі брамніка „львоў”. Галявы дубль на свой рахунак запісаў Артур Абметка. На трэцяй хвіліне ён завяршыў камбінацыю, распачатую Сяргеем Рамановічам і Эдуардам Насыбуліным. На 16-й хвіліне паядынку яму асіставалі Павел Пячура і Ігар Казячы. У другім перыядзе магілёвец Раман Шуба трапным кідком скараціў адставанне ў ліку, скарыстаўшыся большасцю сваёй каманды. Аднак Аляксей Фурса зноў вярнуў гарадзенскай камандзе перавагу ў дзве шайбы. Зрэшты, дадзенае ўзяцце брамкі не стала апошнім у другой траціне матчу. Дасведчаны Віктар Андрушчанка прымусіў капітуляваць брамніка „Нёмана” яшчэ раз.
Заключны перыяд прайшоў пад акампанемент нападаў „Магілёва”, аднак Сяргей Маляўка закінуў чацвёртую шайбу для свайго клуба, усталяваўшы канчатковы лік. Варта адзначыць, што вызначыўся гарадзенскі хакеіст, калі яго каманда гуляла ў меншасці.
Герасімаў прайграў у 1/16 фіналу тэніснага турніру ў Санкт-Пецярбургу
Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў прайграў у матчы 1/16 фіналу адзіночнага разраду на турніры ў Санкт-Пецярбургу з прызавым фондам мільён 200 тысяч даляраў. Беларус, які займае 85-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіў у двух сэтах расейскаму тэнісісту Яўгену Данскому, у якога 121-я пазіцыя – 4:6, 6:7. Сустрэча працягвалася гадзіну 40 хвілін.
Яшчэ адзін беларускі тэнісіст Ілля Івашка, які прабіўся ў асноўную сетку праз кваліфікацыю, у паядынку 1/16 фіналу сустрэнецца з французам Адрыянам Манарына.
France Football назваў прэтэндэнтаў на званне лепшага атакуючага хаўбека ў гісторыі
Французскае выданне France Football намінавала 20 футбалістаў на званне лепшага атакуючага паўабаронцы ў гісторыі.
У спіс прэтэндэнтаў на ганаровую ўзнагароду ўвайшлі такія футбалісты, як Раберта Баджо, Георге Хаджы, Бобі Чарльтан, Альфрэда Ды Стэфана, Ладзіслаў Кубала, Руд Гуліт, Дыега Марадона, Пеле, Мішэль Плаціні, Франчэска Тоці, Ферэнц Пушкаш, Зіка і Зінедзін Зідан. Адзіны гулец з гэтага спісу, які яшчэ не завяршыў гульнявую кар’еру – 36-гадовы Андрэс Іньеста, які выступае за японскі клуб «Вісэл Кобэ».
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя