Хакеісты „Гомеля” абыгралі „Нёман” у матчы чэмпіянату Беларусі
Хакеісты „Гомеля” выйгралі ў „Нёмана” ў матчы чэмпіянату Беларусі. Сустрэча завяршылася на карысць падначаленых Сяргея Стася з лікам 3:2.
Каманды з самага пачатку дэманстравалі прывабны для заўзятараў хакей, надаючы нямала часу гульні ў атацы. Зрэшты, і пра абарону як гульцы „рысяў”, так і іх супернікі з Гародні не забываліся. У выніку за ўвесь першы перыяд дружыны вызначыліся толькі аднойчы. Пад заслону першай трэці паядынку шайбу для „Гомеля” закінуў Ілля Камбовіч.
Пасля перапынку гарадзенская дружына, якой кіруе Андрэй Сідарэнка, зрабіла ўсё, каб адыграцца і ёй гэта ўдалося на 28-й хвіліне матчу. Арцём Ляўша завяршыў камбінацыю, распачатую Крысціянам Дзюбіньскі і Артурам Абмёткам. Пасля другога перапынку Аляксандр Скарэнаў вывеў „рысяў” наперад, на што „Нёман” адказаў шайбай Крысціяна Дзюбіньскі. Але ўсё ж гомельская дружына вырвала перамогу – Антон Елісеенка менш чым за чатыры хвіліны да канца паядынку вывеў яе наперад і гарадзенцы ўжо не паспелі перавесці гульню ў авертайм.
У іншым матчы гульнявога дня хакеісты „Юнацтва” абыгралі „Магілёў” з лікам 3:1.
Беларусы выступілі за перанос ЧС-2021 па хакеі
З больш як 420 тысяч беларусаў, якія прынялі галасаванне на платформе «Голас», амаль 91% выказаліся за перанос з Беларусі чэмпіянату свету па хакеі 2021 года. Галасаванне ініцыяваў Беларускі фонд спартовай салідарнасці (БФСС), які абараняе правы спартоўцаў, якія пацярпелі ад свавольства рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. У апісанні кампаніі аўтары адзначылі:
„У 2021 годзе Латвія і Беларусь павінны правесці Чэмпіянат свету па хакеі. Але ж у нашай краіне робіцца беззаконне: улады жорстка душаць мірныя пратэсты, кідаюць гранаты ў бяззбройных людзей, катуюць і забіваюць нязгодных з рэжымам. Зараз чэмпіянат асабліва выгадны Аляксандру Лукашэнку: праз гэта значную спартовую і палітычную падзею ён будзе легітымізаваць свой статус і ратаваць рэпутацыю.
18 лістапада на пасяджэнні Савета Міжнароднай федэрацыі хакея вырашыцца лёс ЧС-2021. Меркаванне беларускага народу стане вызначальным у гэтых перамовах „, – адзначылі аўтары кампаніі.
Арына Сабаленкао выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Лінцы
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў аўстрыйскім Лінцы з прызавым фондам 202 тысячы даляраў. У паядынку першага раўнда беларуска, якая займае 11-е месца ў сусветным рэйтынгу, за паўтары гадзіны перамагла ў дзвюх партыях італьянскую тэнісістку Ясмін Пааліні – 6:4, 6:4. У 1/8 фіналу Арына Сабаленка згуляе са швейцаркай Штэфані Фегеле. Яшчэ адна беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч у 1/16 фіналу перамагла ў двух сэтах амерыканку Бярнарду Перу – 6:3, 6:1.
Левандоўскі прапусціць таварыскі матч Польшча – Украіна
Нападнік „Баварыі” і лепшы снайпер бундэслігі Роберт Левандоўскі не згуляе ў таварыскім матчы зборных Польшчы і Украіны, які пройдзе сёння. Пра гэта паведаміў галоўны трэнер „рэпрэзентацыі” Ежы Бжэнчэк.
Гульцы, якія выступалі ў Лізе чэмпіёнаў і Лізе Еўропы і праводзяць шмат матчаў за свае клубы, будуць адпачываць у сустрэчы з Украінай. І гэта тычыцца не толькі Роберта Левандоўскага. Як і ў кастрычніку, будзем мяняць склад. Наўрад ці хтосьці згуляе ў кожным з трох матчаў (палякі ў лістападзе таксама згуляюць з Італіяй і Нідэрландамі ў Лізе нацый, але гэта будзе залежаць ад стану здароўя. Ва ўсіх матчах будзем матываваныя, імкнемся перамагчы”, – цытуе Бжэнчэка tribuna са спасылкай на „Футбол NEWS”.
Андрэй Арлоўскі вярнуўся ў топ-15 рэйтынгу цяжкавагавікоў UFC
Беларускі экс-чэмпіён UFC у цяжкай вазе Андрэй Арлоўскі вярнуўся ў топ-15 рэйтынгу арганізацыі. У абноўленым рэйтынгу наш суайчыннік займае 15-е месца. Лідыруе ў табліцы Фрэнсіс Нган. Арлоўскі ў суботу перамог канадца Танэра Босера на турніры UFC Fight Night 181 ў Лас-Вегасе. У другой па значнасці падзеі вечара беларус святкаваў вікторыю адзінагалосным судзейскім рашэннем. Перамога над Босэрам стала для Арлоўскага 30-й у кар’еры прафесійнага байца ММА і 19-й – у UFC. Дзякуючы гэтаму ён стаў уладальнікам новага рэкорду прамоўшэну па колькасці выйграных баёў у цяжкай вазе.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: belarushockey.com