Хакеісты „Гомеля” абыгралі „Нёман” у матчы чэмпіянату



Хакеісты „Гомеля” абыгралі гарадзенскі „Нёман” у матчы чэмпіянату Беларусі. Гульня завяршылася на карысць падначаленых Сяргея Стася з лікам 4:2. Спачатку дубль аформіў Герман Несцераў, які апынуўся самым кемлівым на пятаку каля брамкі „Нёмана” на сёмай і дзявятай хвілінах сустрэчы. У другім перыядзе гарадзенцы намаганнямі Аляксея Маліноўскага скарацілі разрыў. На 27-й хвіліне Ілля Камбовіч адправіў трэцюю шайбу ў брамку „Нёмана”. У трэцім перыядзе аматары хакея ўбачылі яшчэ дзве шайбы. Спачатку на 55-й хвіліне вызначыўся гулец „рысяў” Кірыл Межэйнікаў, а менш чым за хвіліну да канца сустрэчы шайбу закінуў Сяргей Маляўка, які ўсталяваў канчатковы лік матчу. Трэнерскі штаб „Нёмана” зняў з гульні брамніка, але заключны штурм гасцей завяршыўся безвынікова. У іншых матчах хакеісты жлобінскага „Металурга” абыгралі „Дынама-Маладзечна” 4:3. Лідар чэмпіянату мінскае „Юнацтва” з буйным лікам абыграла ХК „Магілёў” – 5:1, а салігорскі „Шахцёр” адолеў аршанскі „Лакаматыў” 4:2.

Аляксандр Паўловіч і яшчэ 26 хакеістаў мінскага „Дынама” адправіліся на выязную серыю

Пасля трэніроўкі мінскае „Дынама” адправілася ў нацыянальны аэрапорт „Менск”. Каманда паляцела у Казань, дзе сёння „зубры” згуляюць з „Ак Барсам”. 13 снежня падначаленыя Крэйга Вудкрафта на „Арэна-Мыцішчы” сустрэнуцца з „Куньлунем”. На выезд адправіліся 27 хакеістаў.

Два форварды камандзіраваныя ў фарм-клубы: Вячаслаў Грэцкі адправіўся ў „Дынама-Маладзечна”, Іван Драздоў – у „Юнацтва”, – перадае hcdinamo.by.

„Лех” саступіў „Рэйнджэрс” у Лізе Еўропы

У 6-м туры групавога этапу Лігі Еўропы гданьскі „Лех” саступіў лідару групы D шатландскаму „Рэйнджэрс” — 0:2. Польская дружына, набраўшы 3 ачкі ў 6 матчах замыкае турнірную табліцу. Маскоўскі ЦСКА пад кіраўніцтвам Віктара Ганчарэнкі саступіў у гасцях загрэбскаму «Дынама» 1:3. «Дынама» Заграб, набраўшы 14 ачкоў, узначальвае турнірную табліцу групы К. ЦСКА замыкае турнірную табліцу, набраўшы толькі 3 балы. Нямецкі «Баер» разграміў пражскую «Славія» – 4:0. Абодва клубы ўзначальваюць турнірную табліцу групы С. Нідэрландскі «ПСВ» дамогся буйной перамогі над кіпрскім Амоніяй — 4:0. «Напалі» у барацьбе за першае месца ў групе згуляла ўнічыю з іспанскім «Рэал Сасьедад» – 1:1. „Арсенал” святкаваў шостую перамогу ў групе ў гасцях над ірландскім «Дандалкам» 4:2. „Рома” саступіла балгарскаму ЦСКА 1:3, але засталася на першым месцы ў групе А. У групе J «Тотэнхэм Хоцспур» на сваім полі абыграў бельгійскі «Антвэрпэн» з лікам 2:0. На 57-й хвіліне Вінісіус Мараіс адкрыў лік, а на 71-й хвіліне Джавані Ло Чэльса забіў другі мяч. Дзякуючы гэтай перамозе, англійскі клуб заняў першае месца ў турнірнай табліцы сваёй групы, набраўшы 13 ачкоў. «Антвэрпэн» таксама выйшаў у плэй-оф Лігі Еўропы, заняўшы другое месца.

Лёсаванне 1/4 фіналу Кубка Беларусі адбудзецца ў 14.00

Лёсаванне 1/4 фіналу Кубка Беларусі адбудзецца сёння ў 14.00 па беларускім часе. „У васьмёрку наймацнейшых прабіліся: дзеючы ўладальнік трафея барысаўскі БАТЭ, пераможца „Беларусбанк – вышэйшай лігі” сезона 2020 года салігорскі „Шахцёр”, а таксама футбольныя клубы „Тарпеда”- БелАЗ, гарадзенскі „Нёман”,”Мінск”,”Віцебск”,”Іслач” і дзяржынскі „Арсенал”. Стадыя 1/4 фіналу будзе складацца з двух матчаў дома і на выездзе. Паядынкі пройдуць у сакавіку наступнага года.

ЧС па лёгкай атлетыцы ў закрытых памяшканнях перанесены

Чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы ў закрытых памяшканнях у кітайскім Нанкіне перанесены на сакавік 2023 года ў сувязі з пандэміяй каронавіруса. Такое рашэнне прынята Міжнароднай асацыяцыяй лёгкаатлетычных федэрацый (World Athletics). Планавалася, што турнір пройдзе ў сакавіку 2021 года. Аднак у міжнароднай федэрацыі палічылі зімовы каляндар занадта насычаным і прынялі рашэнне правесці ЧС у 2022 годзе ў Бялградзе, а ў 2023-м – у Нанкіне, улічваючы працу, праведзеную кітайскім бокам пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў.

Беларускае Радыё Рацыя