Хакеісты „Гомеля” абыгралі „Шахцёр” у чацвёртым матчы паўфінальнай серыі



Хакеісты „Гомеля” абыгралі „Шахцёр” у чацвёртым матчы паўфінальнай серыі плэй-оф чэмпіяната Беларусі з лікам 2:0. На восьмай хвіліне матчу гомельцы апынуліся ў досыць цяжкай сітуацыі.

Суддзі выдалілі да канца сустрэчы галоўнага трэнера „рысяў” Сяргея Стася, які кіраваў сваімі падначаленымі на адлегласці. У другім перыядзе гледачы таксама закінутых шайбаў не ўбачылі.  Здавалася, матч так і працягне рух у нічыйную гавань і ўсё вырашыцца ў авертайме, але на 43-й хвіліне пры гульні ў большасці Герман Несцераў з „Гомеля” адкрыў лік. „Гарнякі” прыклалі ўсе намаганні, каб адыграцца. Трэнерскі штаб салігорцаў узяў у канцоўцы тайм-аўт і зняў з гульні брамніка Сяргея Сцяпанава. Адсутнасць галкіпера на звыклым месцы каштавала „гарнякам” другой прапушчанай шайбы. За 59 секунд да канца матча Мікалай Сусла закінуў у пустую брамку. Лік у серыі да чатырох перамог стаў 3:1 на карысць „Гомеля”.

Гаварцова не выйшла ў асноўную сетку тэніснага турніру ў Маямі

Беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова, якая мае 143-і нумар сусветнага рэйтынгу, не змагла прабіцца ў асноўную сетку буйнога турніру катэгорыі WTA 1000 у амерыканскім Маямі з прызавым фондам  3 мільёны 200 тысяч даляраў.  У другім кваліфікацыйным раўндзе беларуска прайграла ў двух сэтах балгарскай тэнісістцы 131-й ракетцы планеты Цвятане Піронкавай – 0:6, 3:6. Яшчэ дзве беларускія тэнісісткі – восьмая ракетка планеты Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка, у якой 15-ы нумар у сусветным рэйтынгу – пачнуць выступ з 1/32 фіналу. Вікторыя Азаранка з’яўляецца трохразовай пераможцай Miami Open.

Маладэчна ўпершыню прыме фінал жаночай Еўрапейскай баскетбольнай лігі

Маладэчна ўпершыню прыме вырашальны этап жаночай Еўрапейскай баскетбольнай лігі (EWBL). Адзіны прадстаўнік Беларусі мінскі „Гарызонт” 3 красавіка згуляе ў паўфінале з украінскім клубам „Праметэй” з горада Каменскае. У другім паўфінальным паядынку латвійскі ТТТ з Рыгі будзе супернічаць з расійскім клубам „Ніка” з Сыктыўкара. Пераможцы паўфінальных гульняў 4 красавіка сустрэнуцца ў матчы за галоўны прыз, а тыя, хто прайграюць, паспрачаюцца за бронзу.

Прандэлі звольнены з пасады галоўнага трэнера „Фіярэнціны”

„Фіярэнціна” адправіла ў адстаўку Чэзарэ Прандэлі з пасады галоўнага трэнера каманды. Каманду ўзначаліць Джузэпэ Якіні. Італьянец ужо трэніраваў „Фіярэнціну” са снежня 2019 года па лістапад 2020 га.  „Фіялкі” у апошніх 11 матчах Серыі А святкавалі ўсяго тры перамогі, прайграўшы пры гэтым шэсць разоў, у тым ліку „Напалі” з лікам 0:6. У турнірнай табліцы каманда пасля 28 тураў займае 14-е месца, набраўшы 29 ачкоў.

Матч „Рэал” – „Ліверпуль” пройдзе ў Мадрыдзе

Хатні матч супраць „Ліверпуля” у рамках 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў „Рэал” згуляе на сваім стадыёне ў Мадрыдзе, паведамляе Marca. Іспанія аслабляе абмежаванні, укаранёныя для стрымлівання эпідэміі каронавіруса. У снежні многія краіны ўвялі забарону на палёты ў Вялікабрытанію і ў адваротным кірунку, што адбілася на месцы правядзення матчаў плэй-оф еўракубкаў з удзелам ангельскіх каманд. Тым не менш забарона не будзе працягнута пасля 30 сакавіка. Такім чынам, матчы „Рэала” і „Ліверпуля” ня буду пераносіць на нейтральныя палі, як і супрацьстаянне „Гранады” і „Манчэстар Юнайтэд” 8 красавіка, – перадае sport-express.ru.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belarushockey.com