Хакеісты „Лакаматыва” абыгралі „Нёман” у матчы беларускай экстралігі



У аўторак трыма матчамі ў Берасці, Оршы і Маладзечне працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Самы выніковы паядынак вечара выдалі „Лакаматыў” і „Нёман”. Па ходу сустрэчы аршанцы чатыры разы выходзілі наперад, але кожны раз гарадзенцы выраўновалі лічбы на табло. Аднак, калі „чыгуначнікі” вызначыліся пяты раз, адказу ў „Нёмана” не знайшлося. У выніку вікторыя „Лакаматыва” з лікам 5:4, вырашальны дакладны кідок нанёс Фёдар Пышкайла.

У паралельнай сустрэчы дзве шайбы і дзве галявыя перадачы Мікіты Ядраеца прынеслі „Віцебску” перамогу над „Дынама-Маладзечна” – 5:2. Дзякуючы свайму поспеху і асечцы канкурэнта віцябляне зраўняліся з „Нёманам” у турнірнай табліцы. У яшчэ адным матчы аўторка „Брэст” на        хатняй арэне разабраўся з „Лідай” 3:1 і замацаваўся на 8-й пазіцыі экстралігі. Пасля 29 гульняў сезона ў чэмпіянаце краіны з 43 ачкамі працягвае лідыраваць „Шахцёр”, на пункт ад „гарнякоў” адстае „Гомель”. Трэці радок дзеляць „Віцебск” і „Нёман”, у якіх па 40 балаў, на адлегласці двух ачкоў ад іх знаходзіцца „Юнацтва”.

Баскетбалісты „Менска” саступілі УНІКСу ў Адзінай лізе ВТБ

Баскетбалісты „Менска” другі раз у сезоне Адзінай лігі ВТБ пацярпелі паразу ад казанскага УНІКСа – 53:102. У сваім наступным паядынку  „Менск” 5 снежня прыме гасцей з клуба „Пары Ніжні Ноўгарад”. У 13 папярэдніх сустрэчах ніжагародскія баскетбалісты святквалі 6 перамог. Адну з іх – 11 лістапада над мінчанамі з лікам 84:67.

Шымановіч выйшла ў 1/8 фіналу турніру ІТФ у Рыа-дэ-Жанейра

Ірына Шымановіч, якая мае 316 нумар рэйтынгу ВТА, выйшла ў 1/8 фінала турніру ІТФ у Рыа-дэ-Жанейра з прызавым фондам 60 тысяч даляраў. У першым раундзе беларуска ў двух сэтах перамагла 220-ю ракетку планеты іспанку Розу Віцэнс Мас — 6:3, 6:3.

Швед Марцін Пансілуома стаў пераможцам першай гонкі новага сезона Кубка свету.

Швед Марцін Пансілуома стаў пераможцам індывідуальнай гонкі на 20 км на першым этапе Кубка свету па біятлоне ў фінскім Контыялахці.

Пансілуома дапусціў адзін промах на чатырох агнявых рубяжах і скончыў гонку з вынікам 49 хвілін 36,5 секунды. Другім стаў швейцарац Ніклас Хартвег, які не дапусціў промахаў але адстаў на 37,2 секунды, замкнуў тройку лепшых немец Давід Цобель. Беларускія і расейскія біятланісты адхіленыя ад удзелу ў Кубку свету рашэннем Міжнароднага саюза біятланістаў з-за сітуацыі ва Украіне.

Беларускае Радыё Рацыя