Хакеісты менскага „Дынама” абыгралі „Ак Барс”



Хакеісты менскага „Дынама” перамаглі ў валявым стылі ў матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. У чацвёртым матчы першай хатняй серыі сезона падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава прымалі аднаго з лідараў Усходняй канферэнцыі КХЛ – казанскі „Ак Барс”. Даказаць статус фаварытаў госці вырашылі неадкладна, адправіўшы шайбу ў брамку галкіпера „зуброў” Дылана Фергюсана ўжо на 38-й секундзе сустрэчы. Зрэшты, гаспадары лёду адыграліся ўсяго праз тры хвіліны, прычым зрабіўшы гэта ў меншасці: голам адзначыўся капітан „зуброў” Андрэй Стась. На першы перапынак лідэрамі сышлі ўсё ж хакеісты казанскага клуба – 2:1, але ў сярэдзіне другога перыяду форвард „зуброў” Джэмел Сміт зноў аднавіў раўнавагу на табло. Заключная 20-хвілінка праходзіла з пераважнай перавагай гульцоў „Дынама”, і за дзве хвіліны да сірэны перамогу мінчанам з лікам 3:2 прынёс Кодзі Керан. Дзякуючы гэтаму поспеху дынамаўцы скарацілі адставанне ад васьмёркі наймацнейшых Заходняй канферэнцыі да аднаго пункта: зараз „зубры” займаюць 9-е месца з дзесяццю баламі.

„Гомель” перамог БАТЭ ў Барысаве і абышоў „жоўта-сініх” у табліцы.

Госці былі мацней у перанесеным матчы 16-га тура вышэйшай лігі — 2:1. На 10-й хвіліне габонскі форвард „Гомеля” Джуніёр Эфаге не рэалізаваў пенальці (Андрэй Кудравец парыраваў удар), але праз 12 хвілін яго аднаклубнік паўабаронца Андрэй Патапенка забіў мяч-прыгажун пяткай. У другім тайме перавагу гасцей павялічыў Дзяніс Казлоўскі, а Дзяніс Лапцеў у канцоўцы здолеў адыграць адзін мяч. „Гомель” з 33 ачкамі падняўся на пятае месца ў табліцы. У БАТЭ 31 бал і шостае месца, аднак барысаўчане правялі на дзве сустрэчы менш, чым „рысі”.

Футбалісткі зборнай Беларусі другі раз прайгралі ў Лізе нацый УЕФА

Футбалісткі зборнай Беларусі пацярпелі другую паразу ў жаночай Лізе нацый УЕФА. У харвацкай Вялікай Горыцы каманда Юрыя Малеева саступіла зборнай Чэхіі з лікам 1:2. У першым тайме беларускі прапусцілі два мячы, а пасля перапынку Вікторыя Валюк скараціла разрыў да мінімуму. У стартавым паядынку 4-й кваліфікацыйнай групы лігі B беларускія спартоўкі з такім жа лікам прайгралі ў венгерскім Д’еры камандзе Босніі і Герцагавіны. Два наступныя матчы зборная Беларусі правядзе супраць каманды Славеніі – 27 кастрычніка ў Будапешце, а 31 кастрычніка ў славенскім горадзе Мурска-Собота.

Валейбалісткі „Менчанкі” выйгралі першы матч плэй-оф жаночага Кубка Расеі

Валейбалісткі „Менчанкі” працягваюць паспяховыя выступы ў жаночым Кубку Расеі па валейболе – 2023. На папярэднім этапе Кубка, які праходзіў з 8 па 10 верасня, беларускі выйгралі ўсе тры матчы з аднолькавым лікам 3:0 і выйшлі ў плэй-оф з першай пазіцыі ў групе. На стадыі 1/16 фіналу суперніцамі нашых валейбалістак сталі дзяўчаты з омскай „Амічкі”, якіх „Менчанка” абыграла 3:1. Паўторны паядынак адбудзецца сёння таксама на пляцоўцы сталічнага Палаца спорту „Уручча”.

Беларускае Радыё Рацыя