Хакеісты менскага „Дынама” абыгралі „Нафтахімік” ў чэмпіянаце КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” абыгралі „Нафтахімік” у чэмпіянаце КХЛ. Гульня ў Ніжнякамску завяршылася ў авертайме з лікам 4:3. Стартавы перыяд хакеісты „Дынама” правялі з пазіцыі сілы, і ўжо на 3-й хвіліне матчу Ілля Усаў праштурхнуў шайбу ў брамку Франса Туохімаа.
Падвоіў перавагу «зуброў» на 11-й хвіліне Ілля Шынкевіч. На жаль, да перапынку дынамаўцы не змаглі пакінуць сваю брамку ў недатыкальнасці і прапусцілі ў меншасці. На гэтым поспехі „Нафтахіміка” не скончыліся, і на 34-й хвіліне гаспадары параўнялі лік. На 39-й хвіліне матчу Уладзімір Алістраў зноў вывеў «Дынама» наперад. У трэцім перыядзе «Нафтахімік» параўняў лік і перавёў гульню ў авертайм, у якім пераможную кропку паставіў шведскі легіянер „Дынама” Марыё Кемпа, які прынёс яшчэ адну вікторыю беларускай дружыне. Выязную серыю «Дынама» завершыць у Ніжнім Ноўгарадзе заўтрашнім паядынкам з «Тарпедам».
„Мінчанка” саступіла „Алімпіякасу” у матчы кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў
Валейбалісткі „Мінчанкі” саступілі грэчаскаму „Алімпіякасу” у першым матчы кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. Гульня ў Пірэі завяршылася з лікам 2:3 не на карысць падначаленых Станіслава Салікава. Беларускі клуб, не занадта ўдала пачаўшы сустрэчу, змог перавесці гульню на тай-брэйк. Але ў валейбольнай латарэі поспех спадарожнічаў „чырвона-белым”. У складзе «Мінчанкі» Алёна Лазюк набарала 21 ачко. Матч у адказ „Мінчанка” і „Алімпіякас” правядуць 14 кастрычніка ў беларускай сталіцы. У сваю чаргу валейбалісты салігорскага „Шахцёра” прайшлі ў другі раўнд кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. У двух матчах, якія з-за каронавірусных абмежаванняў прайшлі ў польскім „Белхатуве”, падначаленыя Віктара Бекшы былі мацнейшыя за лонданскую „Палонію”. У першым паядынку каманда з горада калійшчыкаў справілася з чэмпіёнамі Англіі ў пяці сэтах – 3:2, а напярэдадні аформіла перамогу з лікам 3:1. Самым выніковым гульцом матчу стаў Арцём Масько, які набраў 22 ачкі.
Французскія футбалісты абыгралі бельгійцаў у паўфінале Лігі нацый
Французскія футбалісты абыгралі бельгійцаў у паўфінале Лігі нацый. Матч у Турыне завяршыўся з лікам 3:2 на карысць падначаленых Дыдзье Дэшама. Зборная Францыі да перапынку саступала супернікам з лікам 0:2 пасля галоў Яніка Караска і Рамэлу Лукаку. Бельгійцы кантралявалі ход сустрэчы, здавалася, што яны свайго не выпусцяць. Аднак французская каманда змагла пакараць супернікаў за залішне абарончы стыль гульні пасля перапынку і вярнуць інтрыгу ў ход сустрэчы. Спачатку важны гол забіў Карым Бензема на 62-й хвіліне. Пасля гэтага „трохкаляровыя” зайгралі з куражом. На 69-й французы зарабілі пенальці за парушэнне на Антуану Грызману. Адзінаццаціметровы рэалізаваў Кіліан Мбапэ магутным ударам у дзявятку. Бліжэй да канца матчу Рамэлу Лукаку вывеў бельгійцаў наперад, але суддзя адмяніў узяцце брамы, угледзеўшы афсайд. Развязка наступіла ў дадатковы час. Перамогу зборнай Францыі прынёс дакладным ударам Тэа Эрнандэс.
Супернікам французаў у фінале Лігі нацый стане каманда Іспаніі, якая напярэдадні перамагла зборную Італіі. Апенінцы з дружынай Бельгіі аспрэчаць трэцяе месца. Абодва матчы адбудуцца 10 кастрычніка.
Беларускае Радыё Рацыя