Хакеісты менскага „Дынама” адправілі шэсць шайб у вароты ХК „Сочы”



Хакеісты менскага „Дынама” працягваюць хатнюю серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У пятніцу падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага прымалі хакеістаў „Сочы”, якія пацярпелі дзесяць паразаў у адзінаццаці апошніх матчах.

„Леапарды” гасцявалі на „Мінск-Арэне” другі дзень запар: першы паядынак паміж камандамі завяршыўся няпростай перамогай „зуброў” з лікам 2:1, паўторная гульня выдалася куды больш выніковай. Дынамаўцы выйшлі наперад на 13-й хвіліне намаганнямі расійскага форварда Вячаслава Асвіна, а бліжэй да канца перыяду 18-гадовы нападнік мінчан Ягор Борыкаў падвоіў перавагу. У пачатку другой трэці гаспадары атрымалі права пагуляць у большасці, і сваім шанцам скарыстаўся Нік Мёрклі – 3:0. Праз некалькі секунд пасля прапушчанай шайбы сочынцы зноў засталіся ўчатырох і мінчане рэалізавалі лішняга зноў: на гэты раз вызначыўся Сэм Энас. Тым не менш, госці рукі не апусцілі і даволі хутка здолелі скараціць адставанне – 2:4. Праўда, апошняе слова ў гэтым адрэзку ўсё роўна засталося за мінчанамі, дубль у складзе якіх аформіў Энас. У заключнай трэці гледачы ўбачылі толькі адну закінутую шайбу, аўтарам якой стаў яшчэ адзін малады нападнік „зуброў” Ягор Ігнаценка. Фінальны лік – 6:2, „Дынама” зноў мацней.

Салігорскі „Шахцёр” выйграў дзявяты матч запар у беларускай экстралізе

Хакеісты салігорскага „Шахцёра” працягваюць узначальваць турнірную табліцу беларускай хакейнай экстралігі. У адзіным матчы гульнявой праграмы пятніцы сустрэліся першая і апошняя каманды рэгулярнага чэмпіянату – „Шахцёр” і „Магілёў”. Папярэдні вочны паядынак клубаў два дні таму ў Салігорску скончыўся непрыстойна буйной перамогай гаспадароў лёду – 8:0. На гэты раз лідары сезона былі крыху больш стрыманыя, але суперніка ўсё роўна разграмілі 5:0. Гэтая перамога стала для салігарчан дзявятай запар, дзякуючы чаму падначаленыя Яраслава Чупрыса выйшлі на аднаасобнае першае месца ў чэмпіянаце, зноў адарваўшыся ад „Віцебска” на два балы.

„Іслач” узнялася на трэцяе месца ў чэмпіянаце Беларусі па футболе

Футбалісты „Іслачы” ўзняліся на трэцяе месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. Падначаленыя Сяргея Бароўскага перайгралі ў гасцях футбалістаў „Гомеля” з лікам 2:0. Абодва мячы былі забітыя ў самым канцы сустрэчы – на 88-й хвіліне вызначыўся Вадзім Пігас, а яшчэ праз дзве хвіліны яго поспех паўтарыў Аляксандр Макась. У іншым  паядынку мазырская „Славія” адолела ў Салігорску мясцовы „Шахцёр” – 1:0. Пераможны гол у сярэдзіне першай паловы гульні забіў Максім Жумабекаў. Каманда Аляксея Багі прайграла трэці матч запар. Сёння свае сустрэчы правядуць галоўныя фаварыты. Лідар першынства менскае „Дынама” прыме на сваёй арэне „Смаргонь”. „Нёман”, які ідзе другім, таксама на хатняй арэне сустрэнецца з футбалістамі „Слуцка”. Калі падначаленыя Вадзіма Скрыпчанкі перамогуць, а „Нёман” прайграе, то менскія дынамаўцы датэрмінова забяспечаць сабе залатыя медалі.

Беларускія самбісты заваявалі тры бронзы ў першы дзень чэмпіянату свету ў Ерэване

У сталіцы Арменіі Ерэване стартаваў чэмпіянат свету па самба-2023, удзел у якім пад нейтральным сцягам прымаюць беларускія спартоўцы. У першы дзень галоўнага турніру сезона былі разыграны сем камплектаў узнагарод, беларуская каманда была прадстаўлена ў кожнай з вагавых катэгорый. У вазе да 58 кг у мужчын Уладзіслаў Бурдзь у чвэрцьфінале саступіў грузіну Вахтангу Чыдрашвілі. Пасля гэтага беларус трапіў у суцяшальны турнір за трэцяе месца, дзе адолеў Ілхома Парманава з Узбекістана і Тыграна Кіракасяна з Арменіі, тым самым стаўшы ўладальнікам бронзавага медаля. Яшчэ дзве бронзы беларускай камандзе прынеслі дзяўчаты. У вазе да 50 кг Анфіса Капаева за крок да фіналу саступіла прадстаўніцы Казахстана Маргарыце Бажаевай. У сутычцы за трэцяе месца Капаева была мацней за Марыю Гедэс з каманды ўцекачоў. Іншая беларуска Таццяна Мацко таксама дайшла да паўфіналу, дзе прайграла Ібадатхон Агаджонавай з Узбекістана, але ў паядынку за бронзу справілася з Івай Івановай з Балгарыі.

Беларускае Радыё Рацыя