Хакеісты менскага „Дынама” перамаглі „Авангард”



Хакеісты менскага „Дынама” перамаглі „Авангард” у матчах чэмпіянату КХЛ. Гульня на „Мінск-Арэне” завяршылася на карысць „зуброў”, якія ўпэўнена згулялі ў авертайме — 5:4. У стартавым перыядзе лік так і не быў адкрыты. Другі перыяд для заўзятараў дынамаўскай дружыны пачаўся няўдала. Павел Варфаламееў страціў шайбу на чужой сіняй лініі і омскія хакеісты, апынуўшыся каля брамы Дамініка Фурха, свой шанец выкарысталі ўпэўнена – адзначыўся Олівер Каскі на 22-й хвіліне гульні.

Зрэшты, менчане на 27-й хвіліне матчу адказалі шайбай Раяна Спунэра. „Ястрабы” неўзабаве змаглі зноў забіць. Іржы Секач перайграў Уладзіслава Калячонка і закінуў у далёкую дзявятку.

Трэці перыяд стартаваў з таго, што дынамаўцы кантралявалі шайбу ў сваёй зоне і заканамерна дамагліся поспеху. Спачатку Шэйн Прынс зноў параўняў лік у матчы, а затым Раман Гарбуноў вывеў менскую каманду наперад. Але ўтрымаць перавагу „зубры” не змаглі. У амічоў вызначыўся Аляксандр Хахлачоў. Да фінальнай сірэны каманды яшчэ па разу засмуцілі адзін аднаго. Спачатку Арцём Дзямкоў вывеў менчан наперад, а затым Рыд Бушэ пакінуў сваёй камандзе шанцы на перамогу, рэалізаваўшы большасць. У авертайме перамогу менчанам прынёс Шэйн Прынс, які завяршыў выдатную камбінацыю падначаленых Крэйга Вудкрафта.

Антон Пуціла пакінуў турэцкі „Алтай”

Беларускі паўабаронца Антон Пуціла скасаваў кантракт з турэцкім „Алтаем” па пагадненні бакоў. Неўзабаве футбалісту трэба будзе вызначыцца з новым клубам. Пуціла не трапляў у заяўку турэцкай каманды на апошнія матчы ў другім турэцкім дывізіёне. Раней паведамлялася, што заробак беларуса, з’яўляючыся істотным артыкулам выдаткаў „Алтая”, стаў абцяжарваць клуб у бягучых эканамічных рэаліях. Пуціла ў „Алтаі” атрымліваў у год 330 тысяч еўра.

„Мілан”, гуляючы ўдзесяцёх з 33-й хвіліны, перамог „Беневента” і вярнуўся на першае месца

„Мілан” на выездзе гуляючы ўдзесяцёх з 33-й хвіліны, нанёс паразу „Беневента” ў матчы 15-га тура чэмпіянату Італіі — 2:0. „Мілан” набраў 37 ачкоў і вярнуўся на першае месца ў турнірнай табліцы. „Барселона” на выездзе, дзякуючы голу Дэ Ёнга, абыграла „Уэску” ў матчы 17-га тура чэмпіянату Іспаніі – 1:0. Каталонцы з 28 ачкамі ідуць пятымі ў турнірнай табліцы. „Атлетык” звольніў галоўнага трэнера Гаіска Гарытана пасля перамогі над „Эльчэ” 1:0.  Каманда займае 9-е месца ў табліцы чэмпіянату Іспаніі, набраўшы 21 ачко. „Ювентус” на хатняй арэне разграміў „Удынэзэ” ў матчы 15-га тура чэмпіянату Італіі — 4:1. Лідар „Юве” Крышціяну Раналду адзначыўся дублем. Ён забіў 20 галоў за клуб і зборную 15-ы сезон запар.

„Лестэр” нанёс паразу „Ньюкаслу” ў выязным матчы 17-га тура чэмпіянату Англіі — 2:1. „Манчэстар Сіці” на выездзе абыграў „Чэлсі”- 3:1 і з 29 ачкамі ідзе пятым у турнірнай табліцы, у „Чэлсі” 26 балаў і восьмая пазіцыя. „Баварыя” на хатняй арэне разграміла „Майнц” у матчы 14-га тура чэмпіянату Нямеччыны – 5:2. Пасля першага тайма гаспадары саступалі 0:2. Дублем адзначыўся польскі нападнік «Баварыі»  Роберт Левандоўскі.

Экіпаж Сяргея Вязовіча займае чацвёртае месца пасля першага этапу „Дакара-2021”

Экіпаж Сяргея Вязовіча, які выступае за каманду „МАЗ-СПОРТаўта”, займае чацвёртае месца пасля першага этапу „Дакара-2021”. Этап з Джыду ў Бішу, са спецвучастку 277 км адзін з двух беларускіх экіпажаў пераадолеў за 3 гадзіны 28 хвілін 35 секунд. Лідарства захапіў расеец Дзмітрый Сотнікаў, які выступае за дружыну „КАМАЗ-Майстар”. Яго час на дадзеным адрэзку шматдзённага ралі – 3 гадзіны 17 хвілін 50 секунд.

Другі беларускі экіпаж МАЗ-СПОРТаўта пад кіраўніцтвам Аляксея Вішнеўскага не абышлі бокам тэхнічныя праблемы. Ён фінішаваў на 17-й пазіцыі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя