Менскае „Дынама” перамагло СКА ў чацвёртым матчы серыі плэй-оф Кубка Гагарына



Хакеісты менскага „Дынама” перамаглі СКА ў чацвёртым матчы серыі плэй-оф Кубка Гагарына. Каманда Крэйга Вудкрафта ўзяла верх з лікам 2:1. Да 18-й хвіліны чэшскі брамнік зуброў Дамінік Фурх памылак не дапускаў. Але пасля нападу „тры ў два” Андрэй Кузьменка закінуў шайбу ў пусты кут брамкі „Дынама” і менчане сышлі на перапынак саступаючы ў адну шайбу. У пачатку другога перыяду Васіль Падколзін парушыў правілы, пакінуўшы СКА ў меншасці. Дынамаўцы па-гаспадарску размясціліся ў зоне і Арцём Дзямкоў фірмовым магутным кідком зраўняў лік. Лік да другога перапынку не змяніўся. На 46-й хвіліне матчу двое менчан выкаціліся на брамку Аляксандра Самонова. Галкіпер зноў адвёў пагрозу, але новая атака прывяла да таго, што Масалёў у таўханіне закінуў другую шайбу ў брамку армейцаў. Незадоўга да фінальнай сірэны СКА замянілі брамніка на палявога гульца, але гэта не дапамагло ім пазбегнуць паразы. Лік у серыі да чатырох перамог стаў 3:1 на карысць каманды Валерыя Брагіна. Наступны матч камандаў адбудзецца ў Санкт-Петербурзе.

Хакеісты „Юнацтва” і салігорскага „Шахцёра” выйшлі ў паўфінал плэй-оф

Хакеісты „Юнацтва” і салігорскага „Шахцёра” выйшлі ў паўфінал плэй-оф чэмпіянату Беларусі. Мінчане зноў не пакінулі шанцаў супернікам з «Брэста» — 5:1. Што тычыцца матчу «Шахцёра» і наваполацкага «Хіміка», то тут у няпростай барацьбе выйграў клуб з Салігорска – 1:0. Лёс сустрэчы быў вырашаны на 17-й хвіліне. Раман Дастанка першым апынуўся на дабіванні. Хакеісты „Дынама-Маладзечна” і „Нёмана” зраўнялі лік у чвэрцьфінале плэй-оф. Дынамаўцы з Маладзечна зноў правялі цяжкі матч супраць жлобінскага „Металурга”, які змаглі абыграць толькі ў авертайме – 4:3 . Гарадзенскі „Нёман” на сваім лёдзе абыграў „Гомель” — 3:1 дзякуючы шайбам Сяргея Маляўкі, Дзмітрыя Каштанава і Артура Буйніцкага. «Нёман» зраўняў лік у серыі – 2:2.

Вольга Гаварцова прайграла ў кваліфікацыі турніру ў Мексіцы

Беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова не змагла прабіцца ў асноўную сетку турніру ў мексіканскай Гвадалахары з прызавым фондам больш за 235 тысяч даляраў.  У другім кваліфікацыйным раўндзе беларуска, якая займае 139-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіла ў трохсэтавым паядынку амерыканцы Каралін Долхайд, у якой 154-я пазіцыя ў рэйтынгу WTA, – 6:7, 6:5, 6:7.

Сяргей Крывец быў заменены на 85-й хвіліне матчу трэцяга дывізіёна чэмпіянату Польшчы

У чарговым матчы трэцяга дывізіёна чэмпіянату Польшчы „Лех”-2 на сваім полі згуляў унічыю з „Аструдай” – 1:1. Беларускі паўабаронца гаспадароў Сяргей Крывец быў заменены на 85-й хвіліне пры ліку 1:0. „Лех”-2 у 19-і сустрэчах набраў 18 ачкоў і займае 16-е, выратавальнае, месца. „Інтэр” абыграў „Аталанту” ў матчы 26-га тура чэмпіянату Італіі – 1:0. Адзіны мяч забіў Мілан Шкрыньяр. „Інтэр” з 62 ачкамі лідыруе ў турнірнай табліцы, у „Аталанты” 49 балаў і пятая пазіцыя. „Чэлсі” перамог „Эвертан” у матчы 27-га тура чэмпіянату Англіі — 2:0 і з 50 ачкамі ідзе на чацвёртым месцы ў табліцы, у каманды Карла Анчалоці 46 балаў і шостая пазіцыя.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя