Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі „Куньлуню” ў хатнім матчы КХЛ



Хакеісты менскага Дынама пацярпелі хатнюю паразу ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Першым супернікам „зуброў” у міні-серыі з двух матчаў на родным лёдзе стаў кітайскі клуб „Куньлунь Рэд Стар” – адзін з горшых калектываў КХЛ цяперашняга сезона. У бягучым рэгулярным чэмпіянаце каманды двойчы сустракаліся ў Мыцішчах, дэбютны паядынак застаўся за „Куньлунем” 4:3, у другім мацней былі ўжо падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага 4:0. Трэці матч паміж супернікамі выдаўся найбольш відовішчным. Стартавая трэць скончылася з мінімальнай перавагай гаспадароў, голам за нашу каманду вызначыўся Яні Калдзіс. У канцы адрэзка дынамаўцы схапілі адразу два выдаленні і засталіся ўтрох, большасць у фармаце „5 на 3” госці рэалізавалі ўжо на старце другога перыяду. Тым не менш, „зубры” хутка вярнулі сабе лідэрства намаганнямі Ніка Мёрклі, а неўзабаве Данііл Сацішвілі павялічыў адрыў „Дынама” – 3:1. Заключная 20-хвілінка склалася для мінчан няўдала, павялічыць перавагу не атрымалася, роўна як і ўтрымаць адрыў: хакеісты „Куньлуня” адправілі ў брамку Аляксея Коласава дзве шайбы і сустрэча перайшла ў авертайм. Там пераможца выяўлены не быў, а ў серыі булітаў, якая расцягнулася на 16 кідкоў, „зубры” ўсё ж такі саступілі 3:4, дазволіўшы гульцам „Рэд Стар” перапыніць серыю з дзесяці паразаў.

Баскетбалісты „Менска” прайгралі „Самары” ў Адзінай лізе ВТБ

Баскетбалісты „Мінска” прайгралі чацвёрты паядынак запар у Адзінай лізе ВТБ. На пляцоўцы Falcon Club мінчане саступілі баскетбалістам „Самары” 78:91. Самым выніковым у складзе „Мінска” стаў Джарэд Агунгбемі-Джэксан, які набраў 34 ачкі. У трох папярэдніх сустрэчах падначаленыя Расціслава Вергуна прайгралі клубу „Пары Ніжні Ноўгарад” 60:89, краснаярскаму „Енісею” 64:73 і казанскаму УНІКСу 49:97. Свой наступны паядынак „Мінск” правядзе ў Пермі супраць мясцовай „Пармы”. Да гэтага пермякі святкавалі адну вікторыю ў чатырох праведзеных сустрэчах.

„Сталіца” згуляла ўнічыю з „Барысавам-900”

Чэмпіёны Беларусі па міні-футболе спартоўцы „Сталіцы” не ўтрымалі перамогу над „Барысавам-900” у гасцявым паядынку 6-га тура.
Пасля чатырох вікторый запар мінчане не змаглі дамагчыся чарговага поспеху. Першы тайм „сталічнікі” выйгралі з лікам 2:0, але пасля перапынку барысаўчане пераламілі ход гульні і ў выніку дамагліся нічыі – 4:4.

Лекары «Баварыі» дапусцілі Ноера да ўдзелу ў матчах

Ужо хуткім часам брамнік «Баварыі» і зборнай Германіі Мануэль Ноер можа вярнуцца на поле пасля 10-месячнага перапынку. Як паведамляе Kiker, лекары далі зялёнае святло на яго ўдзел у матчы 8-га тура Бундэслігі супраць «Майнца», які адбудзецца ў суботу, 21 кастрычніка. Цяпер рашэнне за Томасам Тухелем і самім Ноерам.
Нагадаю, летась у снежні. Мануэль зламаў галёнку, калі катаўся на лыжах. З-за цяжкай траўмы 37-гадовы галкіпер прапусціў больш за 10 месяцаў. У яго адсутнасць браму „Баварыі” абараняў Свен Ульрайх.

Беларускае Радыё Рацыя