Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі маскоўскім аднаклубнікам у КХЛ
Хакейнае менскае „Дынама” з паразы пачало кароткую гасцявую серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У першай гульні двухматчавага выязнога тура „зубры” сустракаліся з маскоўскім „Дынама”. Прабіць галкіпера масквічоў Канстанціна Волкава „зубры” так і не змаглі, а вось супернікі выкарыстоўвалі свае шанцы. У канцы другой трэці гаспадары выйшлі наперад, а пад заслону паядынку яшчэ адна шайба ўляцела ва ўжо пустую брамку менчанаў – 0:2.
Гэтая параза стала для падначаленых Вудкрафта чацвёртай запар. Тым не менш дынамаўцы з 42 ачкамі застаюцца на 8-й пазіцыі Заходняй канферэнцыі КХЛ, але адрыў ад „Северсталі”, якая ідзе дзевятай, скараціўся ўсяго да двух балаў. Другі і заключны сёлета матч на выездзе „зубры” правядуць заўтра менавіта супраць чарапаўчан.
„Нёман” і „Гомель” перамаглі ў матчах беларускай экстралігі
Трыма матчамі ў Гомелі, Магілёве і Лідзе прадоўжыўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Хакеісты „Нёмана” адсвяткавалі шостую вікторыю запар: другі раз за тры дні ад гарадзенцаў пацярпела „Ліда” – 3:0. За кошт удалай серыі „Нёман” працягвае пераследваць лідара „Шахцёр”, каманды з Салігорска і Гародні ў табліцы падзяляе ўсяго два балы. У паралельнай сустрэчы „Гомель” здабыў няпростую перамогу над „Брэстам” – 3:2, вырашальную шайбу за „рысей” правёў Міхаіл Кавалёў. Гамяльчане вярнуліся на 3-е месца экстралігі, праўда, гэтую пазіцыю паўднёўцы дзеляць з менскім „Юнацтвам”: у абодвух клубаў па 47 ачкоў. Таксама ў чацвер „Дынама-Маладэчна” дзякуючы хет-трыку Эдуарда Грыня ўпэўнена разабралася з „Магілёвам” – 5:2.
„Мінск” прайграў „Аўтадору” ў матчы Адзінай лігі ВТБ
Баскетбалісты „Мінска” зноў пацярпелі паразу ў матчах рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі ВТБ. Падначаленыя Расціслава Вергуна саступілі ў Саратаве мясцоваму „Аўтадору” 77:88. Госці нядрэнна пачалі гульню, выйграўшы першую чвэрць з перавагай у чатыры ачкі. Аднак потым гаспадары перахапілі ініцыятыву і дамагліся сёмай перамогі ў гэтым сезоне.
Шрамчанка падпісаў кантракт з салігорскім „Шахцёрам”
Паўабаронца Антон Шрамчанка стаў гульцом чэмпіёна краіны – салігорскага „Шахцёра”. Кантракт з хаўбекам падпісаны на два сезоны, удакладняе прэс-служба „гарнякоў”. Прафесійную кар’еру ён пачаў у магілёўскім „Дняпры” ў 2010 годзе. Антон таксама вядомы заўзятарам па выступах за бабруйскую „Белшыну”, менскае „Дынама” і „Гомель”.
Два папярэднія сезоны Шрамчанка абараняў колеры футбольнага клуба „Мінск”.
17-гадовы брамнік Мацвей Каўрук арандаваны БАТЭ
Мацвей Каўрук наступны сезон правядзе ў складзе барысаўскага БАТЭ. Пра гэта паведамляе „Цэнтр Развіцця Футболу” ва Укантакце. 17-гадовы галкіпер стаў гульцом „жоўта-сініх”, тэрмін арэнднай дамовы разлічаны да канца сезона-2023.
„Манчэстэр Сіці” выбіў „Ліверпуль” з Кубка лігі
У матчы 1/8 фіналу Кубка ангельскай лігі „Манчэстэр Сіці” нанёс паразу „Ліверпулю” з лікам 3:2, здабыўшы пуцёўку ў чвэрцьфінал. На гол Холанда на 10-й хвіліне адказаў Карвалью, Марэз зноў вывеў «гараджанаў» наперад, а Салах ужо праз хвіліну зраўняў. А вось на гол Аке «мерсісайдцы» адказаць так і не змаглі – 3:2.
Аргенціна ўзнялася на другое месца ў рэйтынгу ФІФА, Беларусь на 97-й пазіцыі
Зборная Беларусі завяршае 2022 год на 97-м месцы ў рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА). За час, які прайшоў з моманту апублікавання папярэдняга рэйтынг-ліста (6 кастрычніка), беларуская каманда правяла два таварыскія матчы на вучэбна-трэніровачным зборы ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. У першым з іх падначаленыя Георгія Кандрацьева адолелі футбалістаў Сірыі 1:0, а завяршылі сезон паразай ад зборнай Амана 0:2. Усяго ў адыходзячым годзе беларусы правялі 10 гульняў, тры выйгралі, тройчы згуляўшы ўнічыю і пацярпеўшы 4 паразы. За ўсю гісторыю зборнай Беларусі яе найлепшай пазіцыяй у рэйтынгу ФІФА было 36-е месца ў лютым 2011 года.
Снежаньскі рэйтынг ФІФА ўзначальвае зборная Бразіліі, новаспечаныя чэмпіёны свету аргентынцы падняліся на другі радок, уладальнікі срэбра французы займаюць трэцяе месца. Футбалісты Марока, якія саступілі харватам у гульні за бронзу, перамясціліся з 22-й на 11-ю пазіцыю.
Беларускае Радыё Рацыя
