Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі СКА
Хакейнае менскае „Дынама” правяло другі матч у серыі першага раунда плэй-оф Кубка Гагарына супраць санкт-пецярбургскага СКА. Стартавая гульня паміж камандамі, якая прайшла ў Санкт-Пецярбургу 1 сакавіка, завяршылася перамогай менчукоў з лікам 6:4.
Выпраўляць няўдачу ў пачатку серыі „армейцы” кінуліся з першых хвілін пятнічнага матча – ужо ў дэбютным перыядзе гаспадары адарваліся ад „зуброў” на тры шайбы. Матч завяршыўся з лікам 5:2, а ў складзе «зуброў» закінутымі шайбамі адзначыліся Раян Спунэр і Мікіта Пышкайла. Такім чынам, лік у серыі да чатырох перамог паміж „Дынама” і СКА зраўняўся – 1:1. Далей каманды правядуць дзве сустрэчы на „Мінск-Арэне”, першая з іх адбудзецца ў нядзелю і пачнецца а 17.10.
„Лакаматыў” узяў рэванш у „Дынама-Маладзечна” ў раундзе плэй-ін экстралігі
У пятніцу адбыўся чарговы матч раунда плэй-ін беларускай хакейнай экстралігі, дзе вызначаюцца апошнія ўдзельнікі чвэрцьфіналу плэй-оф.
У другім матчы серыі да дзвюх перамог сышліся „Дынама-Маладзечна” і „Лакаматыў”. Першая сустрэча каманд засталася за дынамаўцамі 3:1, якія ў выпадку паўтарэння поспеху забяспечвалі сабе месца ў плэй-оф экстралігі. Падчас пятнічнага матча гаспадары двойчы выходзілі наперад, але абодва разы аршанцы зраўнялі лічбы. Асноўны час паядынку так і скончыўся ўнічыю, і лёс каманд вырашыўся ў авертайме. Дадатковы перыяд працягнуўся ўсяго 50 секунд – перамогу „чыгуначнікам” з лікам 3:2 прынёс форвард Фёдар Пышкайла. Такім чынам, уладальнік пуцёўкі ў плэй-оф у гэтай пары вызначыцца 5 сакавіка ў Оршы. Сёння аформіць выхад у накаўт-раўнд экстралігі могуць хакеісты „Брэста”: для гэтага паўднёўцам неабходна ў гасцях перайграць наваполацкі „Хімік”.
Гандбалісткі зборнай Беларусі занялі трэцяе месца на турніры ў Маскве
Беларускія гандбалісткі перамогай завяршылі выступы ў розыгрышы Кубка дружбы – 2023, які праходзіць у Маскве. Падначаленыя Аляксандра Сыцько ўпэўнена абыгралі кітайскі „Фенікс” 32:22 і занялі трэцяе месца. Самымі выніковымі ў складзе беларускай дружыны сталі Анастасія Кулак і Яна Сотнікава, якія закінулі па пяць мячоў. Да гэтага беларускі пацярпелі дзве паразы: у першы дзень яны саступілі другой расійскай камандзе – 29:32, а раней прайгралі першай зборнай Расіі з лікам 28:31. У заключным паядынку дзве расійскія каманды вызначаць пераможцу спаборніцтваў.
„Мінск” прайграў баскетбалістам „Самары” ў Адзінай лізе ВТБ
Баскетбалісты „Мінска” пацярпелі чарговую паразу ў гульнях другога этапа рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі ВТБ. У сваім 28-м матчы менчукі прайгралі на выездзе баскетбалістам „Самары” 56:90. Яшчэ ў адным матчы групы В саратаўскі „Аўтадор” саступіў краснаярскаму „Енісею” 58:73. Наступны паядынак менчукі правядуць 8 сакавіка ў Краснаярску. Менавіта там падначаленыя Расціслава Вергуна святкавалі сваю адзіную вікторыю ў гэтым сезоне.
ФІФА можа дазволіць легіянерам скасоўваць кантакты з клубамі з Украіны
Міжнародная федэрацыя футбола можа прыняць чарговае рэзананснае рашэнне наконт легіянераў, якія маюць кантракты з клубамі з Украіны. ФІФА разглядае магчымасць задавальнення просьбаў некалькіх футбалістаў, якія маюць кантракты з украінскімі клубамі, аб іх скасаванні ў аднабаковым парадку, улічваючы адсутнасць перспектывы заканчэння ўзброенага канфлікту ў суседняй краіне. Раней ФІФА дазволіла легіянерам без узгаднення з украінскімі клубамі падпісваць часовыя кантракты з камандамі з іншых краін. Першапачаткова правіла распаўсюджвалася да канца сезона-2021/22, а затым было працягнутае на ўвесь наступны спаборніцкі год.
Беларускае Радыё Рацыя