Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі трэці матч запар



Хакейнае менскае „Дынама” пацярпела чарговую паразу ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У трэцім матчы заключнай у гэтым сезоне выязной серыі „зубры” сустракаліся з омскім „Авангардам”. Каманды доўгі час абыходзіліся без галоў, першае ўзяцце брамы гледачы ўбачылі толькі на экватары другога перыяду – вызначыўся форвард мінчан Мікіта Зоркін. Мінімальная перавага гасцей пратрымалася да сярэдзіны фінальнай трэці, якую гульцы беларускай каманды правалілі ў другой гульні запар. У прамежак з 52 па 56 хвілін сустрэчы дынамаўцы прапусцілі тройчы, а за некалькі секунд да сірэны атрымалі шайбу ў пустую брамку. Адказаць на гаспадарскі штурм менчане здолелі толькі голам Седрыка Пакета. Фінальны лік – 2:4, „Дынама” прайграе трэці матч запар. За чатыры гульні да заканчэння рэгулярнага чэмпіянату КХЛ падначаленыя Крэйга Вудкрафта з 63 ачкамі замыкаюць топ-8 каманд Заходняй канферэнцыі.

Азаранка выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў горадзе Доха

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка пераможна стартавала на турніры катэгорыі WTA-500 у горадзе Доха. У паядынку двухразовая пераможца гэтых спаборніцтваў перайграла ў дзвюх партыях турчанку Іпек Оз – 6:1, 6:1. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 5 хвілін. Вікторыя Азаранка выйгравала турнір у горадзе Доха ў 2012 і 2013 гадах. У 2020 годзе яго пераможцай была яшчэ адна беларуска Арына Сабаленка. Цяперашні турнір у сталіцы Катара завершыцца 18 лютага.

Скуркоўскі пакінуў пасаду старшыні „Гомеля”

Аляксей Скуркоўскі пакінуў пасаду старшыні „Гомеля”.

У бліжэйшы час выконваючым абавязкі старшыні клуба будзе намеснік старшыні Яўген Аляксандравіч Алейнік. Аляксей Скуркоўскі кіраваў „рысямі” з лістапада 2019 года.

Камерунскі паўабаронц знаходзіцца на праглядзе ў БАТЭ

Камерунскі паўабаронца Энджонаі Мба знаходзіцца на праглядзе ў БАТЭ. Пра гэта паведамляе kick442.com. У мінулым сезоне універсал быў капітанам камерунскага клуба „Баменда”, разам з якім стаў срэбраным прызёрам чэмпіянату. У сезоне-2019/20 „Баменда”  брала залатыя медалі.

„Манчэстэр Юнайтэд” цікавіцца абаронцам „Інтэра” Дзюмфрысам

Абаронца „Інтэра” Дэнзел Дзюмфрыс можа працягнуць кар’еру ў „Манчэстэр Юнайтэд”, паведамляе Gazzetta dello Sport. Паводле інфармацыі крыніцы, кіраўніцтва „чырвоных д’яблаў” ужо вядзе перамовы з агентам гульца наконт летняга пераходу. Дзюмфрыс выступае за каманду з Мілана з лета 2021 года. Яго дзейнае пагадненне з клубам разлічана да 2025 года. 26-гадовы абаронца правёў за „Інтэр” 25 матчаў у бягучым сезоне, забіў два галы і аддаў тры перадачы. Кошт гульца па дадзеных партала Transfermarkt ацэньваецца ў 28 мільёнаў еўра.

Беларускае Радыё Рацыя