Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі яраслаўскаму „Лакаматыву”
Хакеісты менскага „Дынама” саступілі яраслаўскаму „Лакаматыву” ў матчы чэмпіянату КХЛ у авертайме з лікам 2:3. На дзявятай хвіліне паядынку „Лакаматыву” ўдалося адкрыць лік. Вызначыўся Мікалай Каваленка, які своечасова паспеў на дабіванне.
У другім перыядзе „Лакаматыў” працягнуў ціск і на 37-й хвіліне сустрэчы падвоіў перавагу свайго клуба Ягор Аверын. У трэцім перыядзе малюнак гульні некалькі памяняўся, і менчукі змаглі знайсці ключы да брамкі гаспадароў. Спачатку Раян Мэрфі на 44-й хвіліне скараціў розніцу ў ліку, а на 49-й хвіліне сваё важкае слова сказаў Ягор Шаранговіч. Дадатковы час сустрэчы прайшоў пад акампанемент нападаў «Лакаматыва». Дамінік Фурх некалькі разоў ратаваў каманду, але кідок Паўла Краскоўскага чэшскі галкіпер адбіць ня змог.
Хакеісты „Юнацтва” абыгралі „Гомель”
Хакеісты „Юнацтва” абыгралі „Гомель” з лікам 4:2 і ўмацаваліся на чале турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. Пераможная серыя „Юнацтва” без уліку двух тэхнічных перамог цяпер складае 12 матчаў. На яе рахунку 57 ачкоў. „Гомель” жа, саступіўшы ў трох з чатырох апошніх сустрэч турніру, апынуўся на трэцяй пазіцыі ў турнірнай табліцы з 53-ма пунктамі. На другое месца выйшаў салігорскі „Шахцёр”, які святкаваў шостую вікторыю запар і набраў 54 балы. На гэты раз „гарнякі” не без намаганняў перамаглі жлобінскі „Металург” – 4:3. У яшчэ адным матчы тура аршанскі „Лакаматыў” саступіў „Дынама-Маладзечна” – 2:3. Маладэчанцы займаюць чацвёртую пазіцыю ў турнірнай табліцы з 43-ма ачкамі. Аршанцы замыкаюць васьмёрку. У іх на рахунку 14 ачкоў.
ЦСКА Ганчарэнкі прайграў „Рубіну” ў матчы чэмпіянату Расеі
Футбалісты маскоўскага ЦСКА, якіх трэніруе беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка, прайгралі казанскаму „Рубіну” 0:1 у матчы 16-га тура чэмпіянату Расеі. Футбалісты „Краснадара”, капітанам якога з’яўляецца беларускі абаронца Аляксандр Мартыновіч, на выездзе саступілі „Хімкі” – 0:1. Маскоўскі „Лакаматыў” у Грозным згуляў унічыю з мясцовым „Ахматам” – 0:0. Беларускі форвард масквічоў Віталь Лісаковіч выйшаў на поле на 84-й хвіліне сустрэчы. „Барселона” разграміла „Асасуну” 4:0 у матчы 11-га тура чэмпіянату Іспаніі. Месі прысвяціў свой гол Дыега Марадону. „Сіне-гранатавыя” з 14 ачкамі ідуць восьмымі ў табліцы.
„Мілан” перамог „Фіярэнціну” 2:0 і працягвае лідзіраваць у турнірнай табліцы. „Манчэстар Юнайтэд” на выездзе перамог „Саўтгэмптан” ў матчы 10-га тура чэмпіянату Англіі – 3:2. У гасцей дублем адзначыўся ўругваец Эдзінсан Кавані. „МЮ” з 16 ачкамі ідзе сёмым у табліцы.
Ёханэс Бё выйграў спрынт на этапе КС у Фінляндыі
Нарвежскі біятланіст Ёханэс Бё выйграў спрынт на этапе Кубка свету ў Фінляндыі. Нарвежац не дапускціў промахаў на двух агнявых рубяжах. Другое месца заняў швед Себасцьян Самуэльсан. Замкнуў тройку прызёраў яшчэ адзін шведскі біятланіст Марцін Понсілуома.
Лепшы з беларускіх біятланістаў Сяргей Бачарнікаў фінішаваў 29-м. Шведская біятланістка Ганна Эберг выйграла спрынтарскую гонку ў жанчын. Другое месца заняла Марце Олсбю-Ройселан. Замкнула тройку наймацнейшых яшчэ адна нарвежка Каралін Офігстад Кнотэн.
Лепшая з беларусак Дыяна Алімбекава фінішавала на 52,5 секунды павольней за Ганну Эберг і дапусціла адзін промах падчас стральбы.
Льюіс Хэмілтан стаў пераможцам „Гран-пры Бахрэйна”
Пілот „Мерседэса” Льюіс Хэмілтан выйграў „Гран-пры Бахрэйна”. Раней брытанец датэрмінова забяспечыў сабе чэмпіёнскі тытул. Другім стаў Макс Ферстапен з „Рэд Бул”, трэцім – яго партнёр па камандзе Аляксандр Албан.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: vk.com/hcdinamoby