Хакеісты менскага „Дынама” саступілі „Амуру” ў матчы чэмпіянату КХЛ



Хакеісты менскага „Дынама” саступілі хабараўскаму „Амуру” ў заключным хатнім матчы рэгулярнага чэмпіянату КХЛ.

Дружына Крэйга Вудкрафта пацярпела няўдачу з лікам 5:6. У складзе зуброў закінутымі шайбамі адзначыліся Дзяніс Мосалеў,  Зак Мітчэл, Франсіс Парэ, Павел Варфаламееў і Аляксей Протас. У Заходняй канферэнцыі разам з менскім «Дынама» у плэй-оф таксама выйшлі  маскоўскія ЦСКА, „Дынама” і „Спартак”, а таксама піцерскі СКА, яраслаўскі „Лакаматыў”, фінскі „Йокерыт” і чарапавецкая „Северсталь».

Хакеісты сталічнага „Юнацтва” сталі пераможцамі рэгулярнага чэмпіянату Беларусі

Хакеісты сталічнага „Юнацтва”, абыграўшы салігорскі „Шахцёр” 4:1, набралі 108 ачкоў у 49 матчах і сталі пераможцамі рэгулярнага чэмпіянату Беларусі. Першыя матчы плэй-оф пачнуцца 3 сакавіка. Мінчане чакаюць, чым скончыцца супрацьстаянне „Магілёва” і наваполацкага „Хіміка”. Супернік „Шахцёра” стане вядомы пасля высвятлення адносінаў паміж хакеістамі „Лакаматыва” з Оршы і „Брэста” .

Ягор Герасімаў выйшаў у 1/8 фіналу турніру ў Монпелье

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў паспяхова стартаваў на турніры ў французскім Манпелье з прызавым фондам 262 тысячы еўра.

У 1/16 фіналу адзіночнага разраду беларус, які займае 83-е месца ў сусветным рэйтынгу, перамог у дзвюх партыях экс-першую ракетку планеты, вядомага брытанскага тэнісіста Эндзі Марэя, які цяпер знаходзіцца на 121-м месцы з лікам 7:6 (10: 8), 6:1. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 45 хвілін. У паядынку за выхад у чвэрцьфінал Ягор Герасімаў згуляе з пераможцам сустрэчы паміж італьянцам Янікам Сінэрам і славенцам Альяжэм Бедэнэ.

Пары Сен-Жэрмен разграміў гандбалістаў „Кельце” ў Лізе чэмпіёнаў

Чарговыя матчы праходзяць на групавым этапе гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. У першым з іх лідар групы А польскі „Кельцэ” у сталіцы Францыі сустракаўся з гандбалістамі „Пары Сэн-Жэрмэн” і пацярпеў буйную паразу – 26:37. Беларускія легіянеры польскага клуба Арцём Каралёк і Уладзіслаў Кулеш закінулі па два мячы. Сустрэча гандбалістаў „Мяшкоў Брэст” і партугальскага „Порту”, нагадаем, перанесена на нявызначаны тэрмін.

„Чэлсі” і „Баварыя” перамаглі ў матчах 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў

Футбалісты англійскага „Чэлсі” і нямецкай „Баварыі” дамагліся перамог у матчах 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў.

Лонданскі клуб адолеў у Бухарэсце лідара іспанскага чэмпіянату мадрыдскі „Атлетыка” з мінімальнай перавагай – 1:0. Пераможны гол на 71-й хвіліне сустрэчы забіў французскі легіянер „Чэлсі” Аліўе Жыру.

Дзеючыя пераможцы чэмпіёнскай Лігі футбалісты мюнхенскай „Баварыі” ўпэўнена абыгралі ў гасцях італьянскі „Лацыё”  4:1. У складзе пераможцаў вызначыліся Роберт Левандоўскі, Джамаль Мусіала, Лерой Санэ, а яшчэ адзін мяч у сваю браму адправіў абаронца рымлянаў Франчэска Ачэрбі. У гаспадароў адзіны гол забіў Хаакін Карэа.

Пры гэтым Роберт Левандоўскі перасягнуў былога гульца «Рэала» Рауля Гансалеса, выйшаўшы на трэцяе месца ў спісе бамбардзіраў Лігі чэмпіёнаў. У польскага форварда 72 забітых мяча, на другім радку рэйтынгу знаходзіцца форвард «Барселоны» Ліянэль Месі, у яго 119 галоў. Лідар – нападнік «Ювентуса» Крышціяну Раналду, у якога на рахунку 134 мяча. Яшчэ два матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў адбудуцца сёння: „Аталанта” прыме мадрыдскі „Рэал”, а „Барусія” Менхенгладбах згуляе з „Манчэстар Сіці”

Фінал васьмі Лігі чэмпіёнаў па футзале перанеслі з Беларусі ў Харватыю

Матчы вырашальнай стадыі турніру пройдуць у Заграбе. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце УЕФА.

„Выканаўчы камітэт УЕФА прыняў да ведама эпідэміялагічнае становішча ў Беларусі, а таксама прынятыя там абмежаванні на падарожжы, якія могуць перашкодзіць шэрагу каманд і афіцыйным асобам прыняць удзел у фінальнай стадыі футзальнай Лігі чэмпіёнаў УЕФА-2020/21”, – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

Беларускае Радыё  Рацыя

Фота: belta.by