Хакеісты менскага „Дынама” саступілі „Салавату Юлаеву”



Хакеісты менскага „Дынама” саступілі ўфімскаму „Салавату Юлаеву” у матчы чэмпіянату КХЛ з лікам 3:5. У складзе зуброў закінутымі шайбамі адзначыліся Адам Альмквіст, Павел Варфаламееў і Матыяс Тэдэнбю. На апошняй хвіліне менчане знялі з гульні галкіпера і прапусцілі шайбу ў пустую брамку.

„Цмокi-Менск” пацярпелі пятую паразу ў Адзінай лізе ЗГБ

Баскетбалісты „Цмокi-Менск” не змаглі перапыніць няўдалую серыю ў матчах новага сезона Адзінай лігі BTБ. Сваю пятую паразу запар чэмпіёны Беларусі пацярпелі ў гасцях у польскай „Зялёнай Гуры”, якая да гэтага прайграла чатыры паядынкі запар – 64:96. Самымі выніковымі ў складзе „цмокаў” сталі Джэйсан Кларк і Роберт Апшоў, якія набралі па 13 ачкоў. Беларускі клуб застаўся адзіным сярод 12 удзельнікаў Адзінай лігі BTБ, які не святкаваў ніводнай вікторыі ў стартавых турах. Свой наступны паядынак „банкаўскага” турніру мінскія „цмокі” правядуць 7 лістапада ў Таліне супраць мясцовага „Калева”.

Валейбалісткі „Менчанкі” перамаглі „Зарэчча-Адзінцова” ў матчы расейскай суперлігі

Валейбалісткі „Менчанкі” перамаглі „Зарэчча-Адзінцова” у гасцявым матчы расейскай суперлігі, з лікам 3:1. Лепшымі гульцамі матчу сталі Лізавета Лук’янава ў складзе гаспадароў і Вікторыя Сакрэтава ў „Менчанкі”. На рахунку абедзвюх валейбалістак па 25 ачкоў. Гэта другая перамога беларускай каманды ў суперлізе. Падначаленыя Станіслава Салікава з шасцю ачкамі займаюць дзевятае месца ў турнірнай табліцы.

„Шахцёр” разграміў „Менск” у матчы футбольнага чэмпіянату Беларусі

Футбалісты салігорскага „Шахцёра” разграмілі „Менск” у перанесеным гасцявым паядынку 16-га тура чэмпіянату Беларусі. Пасля заваявання другога запар чэмпіёнскага тытула падначаленыя Аляксея Багі не расслабіліся і пацвердзілі свой высокі клас, выйграўшы з буйным лікам 3:0. Адзін з галоў у браму мінчан забіў лепшы снайпер першынства Дэмба Дарбо, у актыве якога зараз 19 мячоў. Акрамя яго забівалі Максім Скавыш і Дарыё Калабарыч.

Футбалісткі „Дынама-БДУФК” другі раз сталі чэмпіёнкамі Беларусі

Футбалісткі мінскага „Дынама-БДУФК” другі раз запар сталі чэмпіёнкамі Беларусі. У паядынку 25-га тура падначаленыя Юрыя Малеева святкавалі сваю 25-ю перамогу, упэўнена перайграўшы на выездзе „Віцебск” 5:0. Галявы дубль у гэтай сустрэчы аформіла Анастасія Шлапакова. Набраўшы 75 ачкоў з 75 магчымых, дынамаўская каманда за два туры да фінішу турніру стала недасягальнай для пераследнікаў. Уладальнікамі сярэбраных медалёў сталі футбалісткі „Менска”, якія разграмілі юніёрскую зборную Беларусі – 5:0. Яшчэ ў адным паядынку спартоўкі „Бабруйчанкі” адолелі ў Гародні мясцовы „Нёман” – 1:0.

Баскетбалісткі „Гарызонта” выйгралі сёмы матч чэмпіянату Беларусі

Фаварыты жаночага чэмпіянату Беларусі па баскетболе дамагліся буйных перамог у матчах 7-га тура. Лідары турніру, чэмпіёнкі краіны баскетбалісткі „Гарызонта” святкавалі сёмую вікторыю запар, разграміўшы мінскі клуб „БДУ-Цмокi” з розніцай 48 балаў – 82:34. Віцэ-чэмпіёнкі спартоўкі „Цмокi-Менск” упэўнена перайгралі рэзервістак „Гарызонта” – 114:46. „Гомельскія рысі” перамаглі на выездзе баскетбалістак берасцейскай „Вікторыі” з лікам 80:69. Берасцейкі пацярпелі шэсць паразаў у шасці праведзеных матчах. Турнірную табліцу ўзначальвае „Гарызонт”, у якога 14 ачкоў з 14 магчымых, на два балы менш у „Цмокi-Менск”, у актыве гарадзенскай „Алімпіі” 11 ачкоў.

Беларускае Радыё Рацыя