Хакеісты менскага „Дынама” саступілі казанскаму „Ак Барсу”



Хакеісты менскага „Дынама” саступілі ў матчы чэмпіянату КХЛ казанскаму „Ак Барсу” з лікам 4:5. Шэйн Прынс аформіў дубль,  Андрэй Касціцын і Аляксандр Паўловіч дадалі па адной шайбе.

Пасля матчу з „Ак Барсам” падначаленыя Крэйга Вудкрафта 25 лютага згуляюць на хатняй арэне супраць яраслаўскага „Лакаматыва”.

Сталі вядомыя ўсе пары плэй-оф чэмпіянату Беларусі па хакеі з шайбай

Пасля таго, як у паядынку заключнага тура чэмпіянату Беларусі па хакеі „Юнацтва-Мінск” абыграла гарадзенскі „Нёман” з лікам 1:0, канчаткова вызначыліся ўсе пары плэй-оф турніру. Такім чынам, у чвэрцьфінале  сустрэнуцца „Юнацтва-Мінск” – „Лакаматыў” (Орша), „Нёман” (Гародня) – „Магілёў”, „Шахцёр” (Салігорск) – „Металург” (Жлобін), „Дынама-Маладэчна” і „Гомель”. Матчы 1/4 фіналу пройдуць 27 і 28 лютага, а таксама 2-3 сакавіка і, калі спатрэбіцца, – 5, 7 і 9 сакавіка.

Ёханэс Бё з вялікай перавагай выйграў мас-старт на Чэмпіянаце свету

Нарвежскі біятланіст Ёханэс Бё ў дамінуючым стылі выйграў гонку з масавым стартам на чэмпіянаце свету ў італьянскім Антхольцы.

Перавага Бё-малодшага са стральбой была вельмі высокай. Другое месца заняў Кент Фіён-Маі  з Францыі. Трэцяе – яго суайчыннік Эмільен Жаклен. Пераможцай жаночага мас-старту на 12,5 км з чатырма агнявымі рубяжамі стала нарвежская біятланістка Марце Ройзэланд. Пасля фінішу планетарнага форуму каманды адправяцца ў Раўбічы, дзе з 26 лютага па 1 сакавіка пройдзе чэмпіянат Еўропы па бітатлоне.

Футбалісты зборнай Беларусі абыгралі Узбекістан у першым спарынгу новага сезона

На полі стадыёна „Аль-Хамра” у ААЭ падначаленыя Міхаіла Мархеля перамаглі каманду Узбекістана з лікам 1:0. Пераможны гол у сярэдзіне першага тайма забіў Павел Няхайчык, які выкарыстоўваў перадачу капітана каманды Ігара Стасевіча. Беларускія футбалісты перабазуюцца ў Сафію, дзе 26 лютага правядуць спарынг са зборнай Балгарыі.

Лютаўскія матчы з’яўляюцца для беларускай дружыны праверкай сіл перад плэй-оф Лігі нацый. У паўфінале 26 сакавіка зборная Беларусі згуляе ў Тбілісі з камандай Грузіі і ў выпадку перамогі 31 сакавіка ў Менску паспрачаецца за пуцёўку ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы з пераможцам матчу Паўночная Македонія — Косава.

Беларускія фрыстайлісты заваявалі бронзу ў сінхронных скачках у „Раўбічах”

Беларускія фрыстайлісты Ігар Драбянкоў і Макар Мітрафанаў заваявалі бронзавыя медалі ў стартах па сінхронных скачках, якія праходзілі падчас этапу Кубка свету па спартовай акрабатыцы ў спорткомплексе „Раўбічы”. Перамогу святкавалі швейцарцы Ноэ Рот і Пірмін Вернэр. Узнагароды этапу Кубка свету па фрыстайле, які завяршыўся ў „Раўбічах”, акрамя гаспадароў спаборніцтваў аспрэчвалі атлеты з Аўстраліі, Казахстана, Канады, Кітая, Расеі, ЗША, Украіны і Швейцарыі.

Беларускія дзюдаісты засталіся без узнагарод на турніры па дзюдо ў Дзюсельдорфе

Падначаленыя галоўнага трэнера зборнай Беларусі па дзюдо Леаніда Свірыда засталіся без узнагарод міжнароднага турніру серыі „Вялікага шлема”, які прайшоў у нямецкім Дзюсельдорфе. У апошні дзень спаборніцтваў на татамі выйшлі беларусы Ягор Варапаеў у вагавай катэгорыі 90 кг, Даніэл Мукетэ (вага 100 кг), Аляксандр Вахавяк і Уладзіслаў Цярпіцкі (у вазе звыш 100 кг), якія не змаглі заваяваць узнагародаў. Лепшы вынік паказаў Аляксандр Вахавяк, які спыніўся на сёмым радку выніковага пратаколу. Усяго беларус правёў чатыры паядынкі, саступіўшы пры гэтым у двух сутычках.

„Будаўнік” выйграў папярэднюю стадыю чэмпіянату Беларусі

Валейбалісты „Будаўніка”, перамогшы МАПІД з лікам 3:1, выйгралі папярэднюю стадыю чэмпіянату Беларусі. Самым выніковым гульцом матчу стаў бразільскі легіянер „Будаўніка” Дос Сантас, на рахунку якога 15 ачкоў. Першыя матчы 1/4 фіналу адбудуцца 29 лютага.

Шрамко заняў 6-е месца на этапе КС у Аўстраліі

Беларускі спартовец Ягор Шрамко заняў 6-е месца на этапе Кубка свету па спартовай гімнастыцы, які завяршыўся ў Мельбурне. Беларус у вырашальнай спробе зарабіў 14,233 бала. Перамогу святкаваў гімнаст з Рэспублікі Карэя Чжын Хван Шын. У першы дзень фіналаў на асобных снарадах беларус Ягор Шрамко заняў 4-е месца ў вольных практыкаваннях.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ex-press.by