Хакеісты менскага „Дынама” спынілі серыю паразаў у КХЛ
Хакейнае менскае „Дынама” перамогай завяршыла апошнюю выязную серыю ў бягучым рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У сераду супернікам „зуброў” стала горшая каманда Усходняй канферэнцыі „Барыс”, які ўзначальвае беларускі спецыяліст Андрэй Скабелка. Першы перыяд паядынку ў Астане абышоўся без закінутых шайбаў, затое наступная трэць склалася для менчан больш чым удала. На 22-й хвіліне сустрэчы Раян Спунэр вывеў нашу каманду наперад, а неўзабаве Нік Мёрклі і Раман Гарбуноў давялі перавагу „Дынама” да буйной 3:0. Тым не менш, хакеісты „Барыса” яшчэ да другога перапынку здолелі вярнуцца ў гульню, а на пачатку трэцяга адрэзка скарацілі адставанне да мінімуму. Гэтым гаспадары і абмежаваліся, а вось менчане спыняцца не сталі: Спунэр і Гарбуноў аформілі па дублю ў канцоўцы, усталяваўшы тым самым канчатковы лік 5:2 на карысць „Дынама”.
Гэтая перамога стала для падначаленых Крэйга Вудкрафта адзінай у чатырохматчавым гасцявым турнэ. За тры гульні да заканчэння сезона „зубры” займаюць 8-е месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ, адрыў ад „Спартака”, які ідзе 9-м, складае ўжо пяць ачкоў, але ў масквічоў ёсць два матчы ў запасе.
„Шахцёр” буйна абыграў „Нёман”
Трыма матчамі ў Салігорску, Маладэчне і Лідзе працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. У цэнтральным матчы вечара сышліся першая і другая каманды бягучага сезона – „Нёман” і „Шахцёр”. Гарадзенцы прыехалі ў Салігорск з серыяй з васьмі перамог запар, аднак першая гульня пасля міжнароднай паўзы ў „Нёмана” зусім не задалася. „Гарнякі” выйшлі наперад ужо ў самым пачатку сустрэчы, а ў другім і трэцім перыядах закінулі ў чужую брамку па два разы. За 60 хвілін госці здолелі адказаць толькі аднойчы. У выніку 5:1, „Шахцёр” набліжаецца да лідыруючага клуба з Гародні на адлегласць аднаго ачка. На трэцім месцы турнірнай табліцы экстралігі замацавалася сталічнае „Юнацтва”: падначаленыя Яўгена Есаулава на выездзе перайгралі „Дынама-Маладэчна” з лікам 3:1. Гэтая вікторыя стала для віцэ-чэмпіёнаў краіны шостай запар, адставанне менчан ад першага радка складае ўсяго чатыры балы.
Гандбалісткі „Гомеля” выйшлі ў лідары жаночага чэмпіянату Беларусі
Гандбалісткі „Гомеля” перамаглі на выездзе „БНТУ-БелАЗ” 30:29 і выйшлі ў лідары жаночага чэмпіянату Беларусі. Як і чакалася, сустрэча двух галоўных фаварытаў першынства ў Менску прайшла ў вельмі ўпартай барацьбе. У выніку дзеючыя чэмпіёнкі краіны гамяльчанкі ўсё ж здолелі адолець гаспадынь пляцоўкі з мінімальнай перавагай у ліку і абышлі канкурэнтак на два ачкі. У іншых матчах бабруйская „Бярэзіна” перайграла ў Віцебску мясцовую „Віцябчанку” – 32:29, а ў Гародні гандбалісткі „Гараднічанкі” ўзялі верх над берасцейскім клубам „Вікторыя-Бярэсце” – 37:33.
Сасновіч і Аляксандрава прайгралі ў 1/4 фіналу парнага разраду турніру ў горадзе Доха
Беларуска Аляксандра Сасновіч і расейская тэнісістка Кацярына Аляксандрава не змаглі прабіцца ў паўфінал парнага разраду турніру ў катарскай Досе з прызавым фондам 780 тысяч даляраў. У чвэрцьфінале беларуска-расейскі тандэм саступіў кітайска-расейскаму дуэту Чжаасюань Ян / Вера Званарова – 6:4, 6:7 (2:7), 7:10. Вікторыя Азаранка не змагла прабіцца ў чвэрцьфінальную стадыю. У паядынку другога раунда двухразовая пераможца спаборніцтваў у катарскай сталіцы саступіла чэмпіёнцы Алімпіяды 2020 дзевятай ракетцы свету Беліндзе Бенчыч са Швейцарыі – 6:1, 6:7 (4:7), 4:6.
«Барусія» мінімальна абыграла «Чэлсі»
У матчах 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў дортмундская „Барусія” абыграла на хатняй арэне лонданскі „Чэлсі”. На 63-й хвіліне нападнік «Барусіі» Карым Адэемі пранёсся па ўсёй палове поля лонданцаў, абыграў спачатку Энца Фернандэса, затым галкіпера Кепу Арысабалагу, пасля чаго дакладна прабіў па пустой браме і здабыў перамогу для сваёй каманды 1:0. У матчы паміж «Бруге» і «Бенфікай» перамаглі госці 2:0. На 51-й хвіліне Жаау Марыў адкрыў лік, рэалізаваўшы пенальці. За дзве хвіліны да канца асноўнага часу Давід Нерэс умацаваў перавагу каманды Роджэра Шміта.
„Манчэстэр Сіці” не пакінуў шанцаў „Арсеналу”
Футбалісты „Манчэстэр Сіці” абыгралі „Арсенал” у гасцявым перанесеным матчы 12-га тура чэмпіянату Англіі. У пераможцаў вызначыліся Кевін Дэ Бруйнэ, Джэк Грыліш і Эрлінг Холанд. За „кананіраў” гол прэстыжу з пенальці правёў Букаё Сака. Пасля матчу ў актыве „Арсенала” і „Манчэстэр Сіці” стала па 51 ачку. У лонданцаў ёсць адзін матч у запасе. Мадрыскі „Рэал” у рамках 21-га тура чэмпіянату Іспаніі разграміў „Эльчэ” 4:0 і скараціў адставанне ад „Барселоны” да 8 ачкоў.
Эберг выйграла індывідуальную гонку на чэмпіянаце свету ў Аберхофе
У Аберхофе працягваецца чэмпіянат свету па біятлоне. Золата на дыстанцыі 15 км выйграла шведка Ханна Эберг, якая зарабіла хвіліну штрафу. Срэбра ў актыве яе сяброўкі па камандзе Лін Персан, якая адстралялася дакладна. Бронзу заваявала італьянка Ліза Вітоцы. Усяго стартавалі 90 удзельніц.
Беларускае Радыё Рацыя
