Хакеісты менскага „Дынама” святкавалі другую перамогу на старце сезона КХЛ



Хакеісты менскага „Дынама” на сваім лёдзе абыгралі омскі „Авангард”, здабыўшы другую перамогу ў двух матчах на старце сезона КХЛ. Госці адкрылі лік у сярэдзіне першага перыяду, але ўжо праз паўтары хвіліны „зубры” аднавілі парытэт намаганнямі Седрыка Пакета, а праз 60 секунд Раян Спунэр і зусім вывеў менчукоў наперад – 2:1. У другой трэці Спунэр аформіў дубль, аднак яшчэ да перапынку „ястрабы” адказалі дублем Спенсэра Найта – 3:3. Роўны лік на табло зноў пратрымаўся нядоўга, на старце фінальнай 20-хвілінкі форвард гаспадароў Дзмітрый Сакалоў закінуў чацвёртую шайбу „зуброў”. У канцы паядынку амічы замянілі галкіпера на шостага палявога гульца, але прапусцілі яшчэ двойчы. Аўтарамі галоў сталі Нік Мерклі і Дзяніс Масалёў. Як вынік – 6:3 на карысць „Дынама”.

„Юнацтва” абыграла „Гомель”

У чарговым матчы першынства краіны ў экстралізе „Юнацтва” абыграла „Гомель”. Акрамя таго, адбыліся яшчэ два матчы: „Ліда” прайграла салігорскаму „Шахцёру” – 1:2, а „Віцебск” перамог з такім жа лікам „Магілёў” – 2:1.

Ігар Кавалевіч атрымаў аўтаматычную дыскваліфікацыю

Настаўнік „Нёмана” Ігар Кавалевіч першым з галоўных трэнераў зарабіў 4 жоўтыя карткі і прапусціць найбліжэйшы матч з-за іх перабору. Папярэджанне Кавалевіч атрымаў у матчы з „Шахцёрам”. Для параўнання: па 2 разы суддзі запальвалі жоўтае святло перад Міхаілам Марціновічам, які трэніраваў „Славію”, трэнерам жодзінскага „Тарпеда”-БелАЗ Дзмітрыем Молашам і настаўнікам „Мінска” Вадзімам Скрыпчанкам.

Ілля Шкурын пакінуў „Ракаў”

Беларускі форвард Ілья Шкурын пакінуў польскі „Ракув”. Рашэнне пра скасаванне кантракта прынята па ўзаемнай дамове бакоў, паведамляе прэс-служба клуба. Шкурын, правы на якога належаць маскоўскаму ЦСКА, стаў гульцом „Ракува” у лютым, яго арэнднае пагадненне было разлічана да канца года. З таго часу 23-гадовы нападнік правёў за польскі клуб два матчы і не вызначыўся выніковымі дзеяннямі. Кантракт Шкурына з ЦСКА разлічаны да 30 чэрвеня 2024 года. Беларускі форвард стаў гульцом ізраільскага „Макабі. Гэта каманда, якая ў трох матчах набрала дзевяць ачкоў і лідыруе ў другім дывізіёне чэмпіянату Ізраіля.

Палякоў забіў пераможны гол у матчы чэмпіянату Казахстана

У матчы 18-га тура чэмпіянату Казахстана „Астана” на сваім полі разграміла „Акжайык” — 4:0. Абаронца гаспадароў беларус Дзяніс Палякоў адкрыў лік на 32-й хвіліне і быў заменены на 76-й. У складзе гаспадароў яшчэ адзін беларус Макс Эбонг правёў увесь паядынак, Арцём Рахманаў выйшаў на замену на 76-й хвіліне. У гасцей Павел Назаранка правёў усю сустрэчу.

Азаранка згуляе з Плішкавай у 1/8 фіналу „US Open”

Беларуска Вікторыя Азаранка згуляе з чэшкай Каралінай Плішкавай у 1/8 фіналу „US Open”. Тэнісісткі сустракаліся восем разоў і атрымалі па чатыры перамогі. Апошняя гульня датаваная 2019 годам, калі Плішкава ў чвэрцьфінале турніру ў Рыме ўзяла верх у трох сэтах – 6:7, 6:2, 6:2.

Беларускае Радыё Рацыя