Хакеісты менскага „Дынама” выйгралі пяты матч запар у чэмпіянаце КХЛ



Хакеісты менскага „Дынама” святквалі пятую запар перамогу ў чэмпіянаце КХЛ. На гэты раз „зубры” адолелі чэлябінскі „Трактар” у серыі булітаў — 3:2.

У першым перыядзе лік адкрыў Арцём Дзямкоў на 11-й хвіліне, а яшчэ праз пяць хвілін Роб Клінкхамер павялічыў перавагу беларускай дружыны. У другім перыядзе Яраслаў Косаў скараціў розніцу ў ліку, а ў трэцяй дваццаціхвілінцы вызначыўся гулец зборнай Беларусі ў складзе „Трактара” Нік Бэйлен. У авертайме каманды больш турбаваліся пра абарону ўласнай брамкі і шайбаў не закінулі. У серыі булітаў вікторыю менчукам прынёс Арцём Дзямкоў. Наступны матч „бела-сінія” правядуць у Чарапаўцы супраць мясцовай „Северсталі”.

Футбалісты „Руху” разграмілі „Слуцк” ў матчы чэмпіянату Беларусі

Берасцейскі „Рух” разграміў „Слуцк” з лікам 5:0 у хатнім матчы 25-га тура чэмпіянату Беларусі. У першым тайме берасцейцы двойчы засмуцілі брамніка гасцей – на 11-й хвіліне Усевалад Садоўскі адкрыў лік, а затым Алег Нікіфарэнка падвоіў перавагу „Руху”. Пасля перапынку Ягор Багамольскі аформіў галявы дубль, а ў самым канцы матчу Арцём Канцавы паставіў апошнюю кропку. У цэнтральным паядынку гэтага тура дзеючыя чэмпіёны краіны футбалісты берасцейскага „Дынама” на выездзе перайгралі лідара цяперашняга першынства барысаўскі БАТЭ з лікам 4:2. На другую пазіцыю ў турнірнай табліцы падняўся гарадзенскі „Нёман”, які адолеў ў Жодзіне мясцовае „Тарпеда-БелАЗ” — 1:0. Пераможны гол у самым канцы першага тайма забіў Зоран Марушыч.

Менскае „Дынама” пасля серыі няўдалых гульняў дамаглося перамогі ў хатняй сустрэчы з „Віцебскам” – 1:0. Адзіны мяч забіў Яўген Шыкаўка, які рэалізаваў пенальці на 74-й хвіліне гульні. У Маладэчне сталічны „Энергетык-БДУ” прымаў „Іслач” з Менскага раёна і выйшаў наперад на 39-й хвіліне пасля ўдару Джэрэмі Мавату. У другім тайме госці адказалі голам гвінэйскага форварда Момо Янсанэ, які праводзіў свой апошні матч у складзе „Іслачы” перад ад’ездам у малійскі клуб „Блэк Старз”. У выніку нічыя – 1:1. З такім жа лікам завяршыўся паядынак футбалістаў „Гарадзеі” і мазырскай „Славіі”. Сустрэча бабруйскай „Белшыны” і салігорскага „Шахцёра” перанесеная на больш позні тэрмін. У заключным паядынку 25-га тура футбалісты „Мінска” сёння прымуць аўтсайдара турніру „Смалявічы”.

Футбалісткі „Дынама-БДУФК” выйгралі 17-ы матч запар чэмпіянату Беларусі

Падначаленыя Юрыя Малеева абыгралі аўтсайдара турніру выхаванак Берасцейскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву з лікам 11:0. Чатыры галы забіла Анастасія Шупо, на мяч менш у актыве лепшага снайпера цяперашняга першынства Сімпарэ Саліматы. Дынамаўская дружына забіла ўжо 103 галы, прапусціўшы ўсяго двойчы. У берасцеек толькі два забітых мячы і 102 прапушчаных. Дзеючыя чэмпіёнкі краіны футбалісткі „Мінска” абыгралі срэбранага прызёра мінулага першынства сталічную „Зорку-БДУ” з лікам 4:1.

„Баварыя” нечакана прапусціла ад „Хофенхайма” 4 мячы

„Хофенхайм” разграміў „Баварыю” ў матчы 2-га тура чэмпіянату Нямеччыны – 4:1. Апошні раз мюнхенцы прайгравалі ў снежні 2019-га, калі іх абыграла менхенгладбахская „Барусія”  з лікам 2:1. У матчы трэцяга тура чэмпіянату Англіі „Лестэр” перамог „Манчэстэр Сіці”  з лікам 5:2. Джэймі Вардзі запісаў на свой рахунак хет-трык.

Вікторыя Азаранка перамагла на старце адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе

На парыжскіх кортах „Ралан Гарос” пачаўся трэці ў гэтым сезоне турнір серыі „Вялікага шлема” – адкрыты чэмпіянат Францыі. Экс-першая ракетка планеты беларуска Вікторыя Азаранка сустракалася з чарнагорскай тэнісісткай Данкай Ковініч і перамагла ў двух сэтах – 6:1, 6:2. Аляксандра Сасновіч таксама выйшла ў другі раўнд. У 1/64 фіналу беларуска, якая займае 96-е месца ў сусветным рэйтынгу, перамагла немку Ганну-Лену Фрыдзам  – 6:2, 2:6, 6:3.

Ботас выйграў Гран-пры Расеі

Фінскі пілот «Мэрсэдэса» Валтэры Ботас стаў пераможцам Гран-пры Расеі «Формулы-1». Другое месца заняў нідэрландскі гоншчык Макс Ферстапен з «Рэд Бул». Трэцім стаў брытанскі пілот «Мэрсэдэса» Льюіс Хэмілтан, які атрымаў два пяцісекундныя штрафы за няправільную адпрацоўку працэдуры старту.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: vk.com/hcdinamoby