Хакеісты менскага „Дынама” выйгралі ў „Адмірала” ў матчы чэмпіянату КХЛ



Хакеісты менскага „Дынама” выйгралі ў „Адмірала” у матчы чэмпіянату КХЛ. Паядынак з падначаленымі беларускага спецыяліста Аляксандра Андрыеўскага завяршыўся для „зуброў” перамогай з лікам 3:2. У складзе „Дынама” дзве шайбы закінуў Тайлер Граовац, яшчэ адну Мальце Стрэмваль. Такім чынам, мінчане ўсталявалі новы клубны рэкорд, завяршыўшы 10 матчаў запар з набранымі ачкамі

Гандбалісты „Машэкі” выйгралі ў „Добеле” у розыгрышы Кубка ЕГФ

Гандбалісты магілёўскага клуба „Машэка” следам за мінскім СКА пераможна пачалі выступы у розыгрышы Кубка ЕГФ. На пляцоўцы магілёўскага спарткомплексу „Алімпіец” падначаленыя Аляксея Васільева ў першым паядынку 2-га кваліфікацыйнага раўнду перамаглі латвійскі клуб „Добеле” з лікам 27:22. Самым выніковым у складзе „Машэкі” стаў Яраслаў Чайкоўскі, які закінуў 7 мячоў. Сустрэчу ў адказ з чэмпіёнам Латвіі магілёўцы правядуць 23 кастрычніка на яго арэне.

Дубль Дарбо дапамог „Шахцёру” абыграць „Тарпеда-БелАЗ”

Футбалісты салігорскага „Шахцёра” перамаглі жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” 3:1 у апошнім матчы 26-га тура чэмпіянату Беларусі. У першым тайме хатняга матчу лідэры турніру не змаглі трапіць у браму тарпедаўцаў, а адразу пасля перапынку сваё важкае слова сказаў лепшы бамбардзір беларускага першынства Дэмба Дарбо. На 50-й хвіліне гамбійскі форвард рэалізаваў пенальці, а яшчэ праз хвіліну забіў свой другі мяч. Зараз у актыве Дарбо стала 18 забітых мячоў. На 68-й хвіліне гульні вызначыўся албанскі паўабаронца гаспадароў Валон Ахмед, а незадоўга да фінальнага свістка Дзмітрый Анцілеўскі    адыграў адзін мяч. Пасля гэтай перамогі „Шахцёр” адарваўся ад барысаўскага БАТЭ на 7 ачкоў, маючы яшчэ дзве гульні ў запасе.

Беларускія самбісты заваявалі 11 медалёў на маладзёжным ЧС у Грэцыі

Беларускія самбісты заваявалі 19 медалёў рознай вартасці на чэмпіянаце свету сярод юнакоў, дзяўчат, юніёраў і юніёрак, які завяршыўся ў грэцкіх Салоніках. У старэйшай узроставай групе на рахунку беларускіх майстроў самаабароны без зброі шэсць узнагарод. У медальным заліку беларускія спартоўцы знаходзяцца на дзевятым месцы. Тройку наймацнейшых па якасці заваяваных медалёў склалі дружыны Расіі, Узбекістана і Украіны.

Ягор Герасімаў прабіўся ў асноўную сетку Кубка Крамля

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў прабіўся ў асноўную сетку розыгрышу Кубка Крамля, які праходзіць у Маскве. У фінале кваліфікацыі беларус адолеў ў трохсэтавым паядынку прадстаўніка Швецыі Эліяса Імера – 4:6, 1:6, 6:2. Сёння лепшы беларускі тэнісіст Ілля Івашка ў 1/16 фіналу асноўнага турніру згуляе з расейскім тэнісістам Яўгенам Данскім.

Беларускае Радыё Рацыя