Хакеісты менскага „Дынама” вырвалі перамогу ў „Сібіры”
Хакеісты менскага „Дынама” ўдала завяршылі чарговую выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Чацвёртым і заключным прыпынкам для падначаленых Дзмітрыя Квартальнага стаў Навасібірск, дзе „зуброў” прымала мясцовая „Сібір”.
Першыя паўгадзіны гульнявога часу прайшлі без закінутых шайбаў, але ў сярэдзіне другой трэці гаспадары актывізаваліся. Форварду „снегавікоў” Эндзі Андрэёфу хапіла ўсяго некалькі хвілін, каб двойчы засмуціць галкіпера „Дынама” Аляксея Коласава. Адыграцца менчанам дапамаглі выдаленні ў складзе „сібіракоў”: ужо на чацвёртай секундзе трэцяга перыяду ў большасці „5 на 3” вызначыўся Раман Гарбуноў, а ў наступным жа нападзе „лішняга” рэалізаваў Віталь Пінчук.
Сустрэча няўмольна кацілася да авертайму, але за шэсць секунд да сірэны шайбу ў брамку „Сібіры” увагнаў Аляксандр Волкаў і прынёс тым самым валявую перамогу „Дынама” з лікам 3:2. Такім чынам, у гэтым гасцявым турнэ беларуская каманда набрала роўна палову з магчымых ачкоў – чатыры з васьмі, святкаваўшы дзве вікторыі ў чатырох матчах. Перад двухтыднёвай паўзай на міжнародныя сустрэчы менчане займаюць восьмае месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ.
Квартальнаў не паедзе са зборнай на Кубак Першага канала
Галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакею Дзмітрый Квартальнаў не паедзе разам з камандай на Кубак Першага канала ў Санкт-Пецярбург. Пра гэта стала вядома на прэс-канферэнцыі галоўнага трэнера „зуброў” пасля перамогі над „Сібірру”. Зборная Беларусі з’яўляецца дзейным пераможцам Кубка Першага канала. Турнір пройдзе з 14 па 17 снежня ў Санкт-Пецярбургу.
Гаўрус перайшоў у «Брэст»
Беларускі нападнік Артур Гаўрус перайшоў у „Брэст”. Раней выступаў у „Металургу”. У сёлетнім сезоне правёў 15 сустрэч, набраў 5 (2+3) балаў. За менскае „Дынама” нападнік правёў 156 паядынкаў, адзначыўся 35 (14+21) выніковымі дзеяннямі. За зборную Беларусі хакеіст прыняў удзел у 107 гульнях, забіў 21 гол і аддаў 25 асістаў.
Ліга нацый: Беларускі прайгралі Босніі і Герцагавіне
Жаночая зборная Беларусі прайграла ў футбольнай Лізе нацый у матчы з Босніяй і Герцагавінай 0:1. Нягледзячы на гэты матч, пасля паразы Чэхіі зборная Беларусі вылецела ў дывізіён С – самы нізкі ў іерархіі турніру.
Баскетбалісты „Гродна-93” да мінімуму скарацілі адставанне ад „Барысфена”
Баскетбалісты „Гродна-93” да мінімуму скарацілі адставанне ад лідара чэмпіянату Беларусі магілёўскага „Барысфена”. У хатнім паядынку падначаленыя Дзмітрыя Кузьміна разграмілі віцебскі „Рубон” з перавагай на 42 балы – 112:70. Пасля гэтай вікторыі ў актыве „Гродна-93” стала 25 ачкоў, а ў „Барысфена” на адзін бал менш. Роўна праз тыдзень, 12 снежня, два фаварыты сустрэнуцца на пляцоўцы магілёўскага спарткомплексу „Алімпіец”.
Беларускае Радыё Рацыя