Хакеісты менскага „Юнацтва” абыгралі аршанскі „Лакаматыў”
Хакеісты менскага „Юнацтва” абыгралі аршанскі „Лакаматыў” у матчы чэмпіянату Беларусі. Падначаленыя Аляксандра Макрыцкага ўзялі верх над супернікамі з лікам 6:2. Матч прайшоў з перавагай сталічнай дружыны. Зрэшты, абарона аршанцаў да сярэдзіны перыяду стрымлівала атакі менчукоў. На дзясятай хвіліне матчу менчукам удалася эфектная атака, якую завяршыў Усевалад Кашкар. А яшчэ праз дзевяць хвілін ён падвоіў перавагу „Юнацтва”.
Пасля першага перапынку хакеісты «Юнацтва» працягнулі ціск на брамку аршанцаў і яшчэ тройчы засмуцілі брамніка супернікаў. Усевалад Кашкар аформіў хет-трык, яшчэ двойчы вызначыўся Міхаіл Стэфановіч. Затым Арсень Співак закінуў шайбу ў брамку „Юнацтва”, але Аляксей Вінаградаў аднавіў розніцу ў ліку. На гэтым каманды не спыніліся. Ягор Гайнетдзінаў закінуў свайму былому клубу, стаўшы аўтарам другой шайбы чыгуначнікаў. У канцоўцы „Юнацтва” гуляла ў большасці і мела яшчэ некалькі магчымасцяў забіць, але вынік так і не змяніўся.
Ілля Шымановіч перапісаў свой нацыянальны і еўрапейскі рэкорд
На этапе Міжнароднай лігі плавання (ISL) у Будапешце беларус Ілля Шымановіч праплыў стомятроўку брасам за 55,86 секунды. Такім чынам, наш суайчыннік перапісаў свой нацыянальны і еўрапейскі рэкорд на гэтай дыстанцыі, які раней складаў 55,89 секунды.
Ігнатовіч, Паўлавец, Кендыш – у складзе зборнай Беларусі на матчы нацыяльнай зборнай
Галоўны трэнер зборнай Беларусі Міхаіл Мархель вызначыўся з выніковым спісам гульцоў, выкліканых на таварыскі матч супраць каманды Румыніі, а таксама паядынкі Лігі нацый са зборнымі Літвы і Албаніі. Збор галоўнай каманды краіны будзе доўжыцца з 9 па 19 лістапада. Наша дружына размесціцца ў тэхнічным цэнтры БФФ і будзе трэніравацца на комплексе футбольных палёў БФФ. 10 лістапада зборная Беларусі адправіцца ў Плоешць, дзе на наступны дзень у рамках міжнароднага таварыскага матчу згуляе супраць румынаў. Далей „белакрылым” трэба правесці два матчы Лігі нацый: 15 лістапада дома з літоўцамі і 18 лістапада на выездзе са зборнай Албаніі.
Галоўны трэнер уключыў у канчатковы спіс нацыянальнай каманды 24 футбалісты. У тым ліку брамніка берасцейскага «Дынама» Сяргея Ігнатовіча, яго аднаклубнікаў абаронцаў Рамана Юзэпчука і Кірыла Печэніна ды нападніка Дзяніса Лапцева. А вось Павел Савіцкі апынуўся па-за заяўкі.
Федэрацыя пляжнага футбола абвергла інфармацыю пра непадаўжэнне кантрактаў з лідэрамі зборнай Беларусі
Інфармацыя пра непадаўжэнне кантрактаў з гульцамі зборнай Беларусі па пляжным футболе не мае пад сабой падстаў. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар Асацыяцыі „Федэрацыя пляжнага футбола” (АФПФ) Аляксандр Баранаў.
„Ва ўсіх згаданых гульцоў ёсць дамовы, ніякіх апавяшчэнняў пра непадаўжэнне кантрактаў яны не атрымлівалі. Ёсць некаторыя фінансавыя складанасці, звязаныя з перабоямі з фінансаваннем з боку тытульнага партнёра, якім з’яўляецца БелАЗ, але ідзе праца па зборы сродкаў на будучы год, каб захаваць іспанскі трэнерскі штаб”, – перадае словы Баранава BSRussia.
„Лестэр” разграміў „Лідс” і падняўся на другое месца
„Лестэр” не пакінуў шанцаў „Лідсу” 4:1 ў заключным паядынку 7-га тура англійскай прэм’ер-лігі. Цілеманс зрабіў дубль, на рахунку Вардзі гол і галявая перадача. „Лісы” набралі 16 ачкоў падняліся на другое месца ў табліцы – наперадзе толькі абаронца тытула „Ліверпуль”.
УЕФА можа перанесці ўсе матчы Еўра ў Расею
УЕФА разглядае варыянт з пераглядам арганізацыі Еўра-2020, які быў перанесены на 2021 год. Як паведамляе Le Parisien, ва УЕФА могуць прыняць рашэнне аб правядзенні ўсіх матчаў турніру на тэрыторыі Расеі.
Падобны план разглядаецца з-за складанасці арганізацыі турніру ў 12 гарадах, як планавалася першапачаткова.
З-за пандэміі каранавіруса ў розных краінах і гарадах будуць дзейнічаць свае абмежаванні. Да таго ж перасячэнне мяжы ў такой сітуацыі будзе праблематычным. Па ўсёй бачнасці, права правядзення матчаў Еўра-2020 пазбавіцца Азербайджан. Ваенны канфлікт у Нагорным Карабаху змушае арганізатараў пазбавіць Баку статусу горада, у якім пройдуць матчы турніру. У сваю чаргу Расея выглядае ідэальным кандыдатам для правядзення такога маштабнага турніру, улічваючы пабудаваную да чэмпіянату свету 2018 года інфраструктуру.
Беларускае Радыё Рацыя