Хакеісты „Металурга” выйшлі ў фінал



У беларускай хакейнай экстралізе вызначыўся першы фіналіст сезона  – ім стаў дзейны чэмпіён краіны жлобінскі „Металург”. У паўфінальнай серыі жлабінчане гулялі супраць пераможцы рэгулярнага чэмпіянату „Шахцёра”. На чарговую вочную сустрэчу, якая адбылася ў панядзелак у Салігорску, каманды прыбылі пры ліку 3:1 у серыі на карысць „Металурга”. Практычна ўвесь стартавы перыяд пятага матча супернікі правялі з нулямі на табло, але за пяць секунд да сыходу на перапынак Ігар Угольнікаў вывеў гасцей наперад. Праз некалькі імгненняў пасля пачатку другой трэці Сяргей Кузняцоў падвоіў перавагу „ваўкоў”, аднак усяго праз чатыры хвіліны лік у матчы стаў роўным 2:2: за „Шахцёр” вызначыліся Ілля Сушко і Міхаіл Шалагін. Не менш ударна каманды пачалі і заключны адрэзак – усяго за сем хвілін гледачы ў Жлобіне ўбачылі чатыры дакладныя кідкі, тры з іх нанеслі хакеісты „Металурга”. Па разу закінулі Аляксей Міхноў і Віталь Пінчук, а на дубль Кузняцова сваім дуплетам адказаў Шалагін.
За час, які застаўся да сірэны, лічбы на табло не змяніліся, у выніку 5:3 у матчы і 4:1 у серыі – жлабінчане ідуць далей, „гарнякі” задавольваюцца бронзавымі медалямі.

БЧ забіў тры мячы „Вітэну”

У 19 туры чэмпіянату Беларусі па міні-футболе гомельскі БЧ перамог „Вітэн” з лікам 3:0 – дублем адзначыўся Павел Кніга, яшчэ адзін гол забіў Яўген Пераміцін.  Лепшыя гульцы матча: Алег Яромін і Павел Кніга. БЧ адстае ад другога гомельскага клуба ВРЗ на 5 ачкоў і займае другое месца, у «Вітэна» 4-я пазіцыя.

Марозаў прызнаны лепшым гульцом 2 тура чэмпіянату Беларусі

Нападнік менскага „Дынама” Уладзіслаў Марозаў стаў лепшым футбалістам другога тура чэмпіянату Беларусі-2023. Форвард вызначыўся дублем у вароты мазырскай „Славіі”, чым забяспечыў перамогу сваёй каманды 2:0.

БАТЭ не ведае паразаў у вышэйшай лізе ў трынаццаці матчах запар

БАТЭ і „Энергетык”-БДУ згулялі ўнічыю ў матчы 2-га тура чэмпіянату Беларусі – 1:1. З улікам мінулага чэмпіянату краіны барысаўскі БАТЭ не ведае паразаў у вышэйшай лізе ў трынаццаці матчах запар (7 перамог і 6 нічыіх). А „Энергетык”-БДУ непераможны ў дзевяці гасцявых гульнях запар (толькі 2 нічыі на гэтым адрэзку) — і гэта клубны рэкорд.

Біліч можа ўзначаліць зборную Украіны

Харвацкі спецыяліст Славен Біліч блізкі да падпісання кантракта з федэрацыяй футбола Украіны. Харват можа стаць галоўным трэнерам зборнай пасля скасавання кантракта з „Уотфардам”. Біліч да гэтага працаваў у зборнай Харватыі, маскоўскім „Лакаматыве”, „Вест Хэме”, „Бешыкташы” і „Вест Бромвічы”.

За скасаванне кантракту „Чэлсі” заплаціць Потэру 13 мільёнаў фунтаў

Агульныя выдаткі „Чэлсі” на трэнераў у гэтым сезоне перавышаюць 50 мільёнаў фунтаў. Па дадзеных Daily Mail, у якасці кампенсацыі за звальненне Грэм Потэр атрымае ад „сініх” 13 мільёнаў фунтаў. Амаль за сем месяцаў працы ў лонданскай камандзе ангелец таксама зарабіў каля 7 мільёнаў фунтаў. Выкуп яго кантракту ў „Брайтана” абышоўся „Чэлсі” ў 22 мільёны фунтаў.

У жаночую каманду „Менска” перайшла футбалістка з амаль мільёнам падпісчыкаў у Інстаграме

Жаночы футбольны клуб „Менск” папоўніўся замежнай футбалісткай Ламанай Патрыцыяй Мэры – ураджэнкай Канады. Дзяўчына нядаўна дэбютавала за новы клуб у паядынку супраць „Зоркі-БДУ”. Ламана выступала ў чэмпіянатах Мальты, Турцыі, Іспаніі і ЗША. У яе на старонцы ў Інстаграм амаль 990 тысяч падпісчыкаў.

Беларускае Радыё Рацыя