Хакеісты „Металурга” параўнялі лік у фінале супраць „Нёмана”



Хакеісты „Металурга” параўнялі лік у фінале супраць „Нёмана”

У беларускай хакейнай экстралізе працягваецца чэмпіёнская серыя.
У пятніцу „Нёман” і „Металург” правялі другі паядынак у серыі да чатырох перамог, сустрэча каманд зноў адбылася ў гарадзенскім Лядовым палацы спорту. Жлобінцы, якія за ўсю мінулую гульню ні разу не змаглі закінуць суперніку, на гэты раз вызначыліся ўжо на 4-й хвіліне – лік у матчы адкрыў Ігар Угольнікаў. Няўдалым для „Нёмана” выйшаў і пачатак другой трэці, калі перавагу гасцей падвоіў абаронца Вячаслаў Грамовіч. Першы голавы напад гарадзенцы арганізавалі бліжэй да экватара паядынку, дакладным кідком за гаспадароў адзначыўся Герман Паддубны. Аднак за астатнія паўтара перыяды гульцы „Нёмана” так і не змаглі аднавіць парытэт на табло – у выніку 2:1, „Металург” мацней.
Такім чынам, пасля дзвюх гульняў у фінальным супрацьстаянні роўнасць – 1:1, першы паядынак паміж камандамі 12 красавіка завяршыўся на карысць гарадзенцаў 2:0. Далей „Металург” і „Нёман” чакаюць дзве сустрэчы ў Жлобіне, якія пройдуць у бліжэйшыя нядзелю і аўторак.

Скабелка пакінуў пасаду галоўнага трэнера зборнай Казахстана

Беларус Андрэй Скабелка пакінуў пасаду галоўнага трэнера зборнай Казахстана. Такое рашэнне было прынята на пасяджэнні выканкама Федэрацыі хакея Казахстана. Разам са Скабелкай каманду пакінуў увесь яго штаб. Маючыя адбыцца таварыскія матчы з Паўднёвай Карэяй, турнір з удзелам Расіі, Беларусі і чэмпіянат свету-2023 каманда правядзе пад кіраўніцтвам Галыма Мамбеталіева.
Новы галоўны трэнер узначальваў зборную Казахстана на чэмпіянаце свету у 2018 годзе. Таксама на мінулай Універсіядзе заваяваў бронзавыя медалі разам са студэнцкай зборнай Казахстана. З’яўляецца галоўным трэнерам сталічнага „Намада”, які стаў чэмпіёнам Казахстана мінулага сезона.
Паведамлялася, што Скабелка не зможа трэніраваць зборную Казахстана на чэмпіянаце свету-2023 з-за праблем з візай. Латвія, дзе пройдуць матчы казахстанцаў, не выдае працоўныя візы грамадзянам Беларусі і Расіі.

„Іслач” дагнала менскае „Дынама” ў футбольным чэмпіянаце Беларусі

Футбалісты „Іслачы” дагналі менскае „Дынама” ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. У хатнім паядынку 4-га тура „ваўкі” перайгралі гасцей з бабруйскай „Белшыны” 2:0. На 15-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў Прынс Квабена Аду, а ў сярэдзіне другога тайма Дзяніс Мітрафанаў забіў другі мяч. Гэта трэцяя запар перамога „Іслачы” з сухім лікам.
Таксама футбалісты „Нафтана” ў Наваполацку разышліся мірам з „Мінскам” – 0:0. У Мазыры мясцовая „Славія” разграміла футбалістаў „Смаргоні” з лікам 4:1. У першым тайме ў складзе гаспадароў вызначыўся Яўген Барсукоў, пасля перапынку галявы дубль аформіў Уладзіслаў Полаз, а яшчэ адзін мяч забіў Ілля Руцкі. Госці адказалі голам Мацвея Дукса. Сёння ў цэнтральным паядынку тура барысаўскі БАТЭ прыме лідара турніру мінскае „Дынама”, якое святкавала тры вікторыі ў трох стартавых турах. Дзеючы чэмпіён краіны салігорскі „Шахцёр”, у актыве якога дзве перамогі ў дзвюх праведзеных сустрэчах, згуляе на сваім полі з „Гомелем”. Футбалісты „Слуцка” сустрэнуцца з берасцейскім „Дынама”, якое пацярпела тры паразы, а ў Гародні мясцовы „Нёман” будзе супернічаць са сталічным „Энергетыкам-БДУ”. Жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” прапускае гэты тур.

„Барселона” канчаткова дамовілася з Ілкаем Гюндаганам

Паўабаронца „Манчэстэр Сіці” і зборнай Германіі Ілкай Гюндаган, які летам стане свабодным агентам, вырашыў далучыцца да „Барселоны”, паведамляе EL Chiringuito. Па інфармацыі крыніцы, прадстаўнік 32-гадовага футбаліста правёў перамовы з тэхнічным сакратаром каталонскага клуба Матэу Алемані. Сустрэча ў офісе „Барселоны” доўжылася больш за гадзіну. Пасля гэтага іспанскія СМІ паведамілі, што капітан „Манчэстэр Сіці” ўзгадніў кантракт па схеме 2+1. Зарплата Гюндагана ў „Барселоне” складзе 12 мільёнаў у год без уліку падаткаў.
Гюндаган выступае за англійскі клуб з 2016-га года і застаецца адным з лідэраў Blue Moon. У бягучым сезоне ён правёў 40 матчаў ва ўсіх турнірах, забіў пяць галоў і выканаў столькі ж асістаў.

Беларускае Радыё Рацыя