Хакеісты менскага „Дынама” святкавалі трэцюю перамогу запар у КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” працягнулі пераможную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У заключным восьмым матчы хатняй серыі дынамаўцы прымалі лідэра Заходняй канферэнцыі – „Лакаматыў”, які падышоў да гэтай сустрэчы з пяццю перамогамі запар. Менавіта супраць яраслаўцаў мінчане пачалі серыю гульняў на „Мінск-Арэне” два тыдні таму, прайграўшы тады з лікам 1:4. У цяперашнім паядынку „зубры” адкрылі лік на 19-й хвіліне намаганнямі Віталя Пінчука, якому асіставаў абаронца Роберт Хэмілтан, які праводзіў першы матч у складзе „Дынама”. У наступнай трэці супернікі абмяняліся галамі: спачатку „Лакаматыў” зраўняў лічбы, але ўжо праз чатыры хвіліны Вадзім Мароз зноў вывеў мінчан наперад. Утрымаць лідэрства ў заключным перыядзе не атрымалася – яраслаўцы рэалізавалі большасць, і сустрэча перайшла ў авертайм. Лішнія пяць хвілін наймацнейшага не выявілі, а ў серыі пасляматчавых кідкоў лепш сябе праявілі мінчане. Буліты рэалізавалі Раман Гарбуноў і Сэм Энас, а Аляксей Коласаў адбіў усе спробы суперніка. Такім чынам – 3:2, трэцяя перамога запар і пяты паядынак запар з набранымі баламі для „Дынама”.
„Шахцёр” і „Віцебск” выйгралі чарговыя матчы ў беларускай хакейнай экстралізе
Трыма матчамі ў Жлобіне, Оршы і Маладзечне ў пятніцу працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Лідэр турнірнай табліцы – „Шахцёр” – святкаваў 12-ю вікторыю ў трынаццаці матчах сезона, салігарчане другі раз за тры дні перайгралі дзеючых чэмпіёнаў краіны з „Металурга” – 5:4, дублем за „Шахцёр” вызначыўся Арцём Дзямкоў. Галоўны пераследнік „Шахцёра” ў чэмпіянаце „Віцебск” таксама раздабыў чарговыя два ачкі, адолеўшы ў гасцях „Дынама-Маладзечна” 4:1. Па два выніковыя балы ў паўночнікаў набралі Мікіта Ядраец і Артур Гільманаў. У паралельным матчы ў Оршы мясцовы „Лакаматыў” узяў рэванш у „Нёмана” за паразу ў сераду, пятнічная гульня паміж камандамі завяршылася з лікам 4:2. Табліцу чэмпіянату краіны па хакеі пасля 13 тураў працягвае ўзначальваць „Шахцёр”, у актыве якога 24 балы. „Віцебск” адстае ад салігарчан на пункт, „Юнацтва” – на чатыры.
Футбалісты „Слуцка” перамаглі „Славію” ў чэмпіянаце Беларусі
Футбалісты „Слуцка” спынілі няўдалую серыю ў матчах чэмпіянату Беларусі. Гуляючы на сваім полі, падначаленыя Аляксандра Гурыновіча перамаглі мазырскую „Славію” з лікам 1:0. Пераможны мяч забіў 19-гадовы нападнік Ілля Дубінец, які вызначыўся на 67-й хвіліне сустрэчы. Да гэтага „Слуцк” не выйграваў у шасці матчах запар, а мазыране не прайгравалі чатыры туры запар. У другім матчы дня салігорскі „Шахцёр” перамог на хатняй арэне футбалістаў „Смаргоні” з лікам 2:0.
Шыкаўка згуляў увесь матч, але не забіў
Беларускі нападнік Яўген Шыкаўка правёў поўны матч у чэмпіянаце Польшчы. Футбаліст згуляў у 11-м туры «Экстракласы» паміж Каронай» і «Вартай», але не адзначыўся нават адзіным ударам па брамцы суперніка. Матч скончыўся лікам 1:1
Каманды Японіі, Калумбіі і Сенегала сталі супернікамі беларусаў на ЧС па пляжным футболе.
У Дубаі адбылося лёсаванне папярэдняга этапа чэмпіянату свету па пляжным футболе. Зборная Беларусі трапіла ў групу С, дзе яе супернікамі будуць каманды Японіі, Калумбіі і Сенегала. Беларусы, якіх трэніруе вядомы іспанскі спецыяліст Нікалас Альварада, трэці раз запар выступяць на планетарным форуме, пакуль ім не ўдавалася прабіцца ў плэй-оф.
Беларускае Радыё Рацыя