Хакеісты „Нёмана” разграмілі „Магілёў” у матчы экстралігі
Матчамі ў Гародні і Віцебску працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. На захадзе краіны „Нёман” прымаў „Магілёў”, які ідзе ў турнірнай табліцы апошнім. Нягледзячы на статус аўтсайдара, у пачатку сустрэчы госці выглядалі цікавей, адкрыўшы лік ужо на 20-й секундзе перыяду і развіўшы поспех бліжэй да яго сярэдзіны. Аднак яшчэ да перапынку гарадзенцы параўнялі лічбы, у наступнай трэці даслалі ў чужую брамку адразу чатыры шайбы, а ў заключнай 20-хвілінцы дадалі яшчэ дзве. На такі град галоў магілёўцы здолелі адказаць толькі раз, у выніку 8:3 на карысць „Нёмана”. Чатыры ачкі за гаспадароў (1+3) набраў Максім Цыбін, трыма баламі (2+1) разжыўся Ігар Казячы. Гарадзенскі клуб выйграў пяты матч з апошніх шасці, але па-ранейшаму размяшчаецца на пятай пазіцыі ў экстралізе. Паралельна ў Віцебску мясцовы клуб сустракаўся са жлобінскім „Металургам”. Крызіс дзеючых чэмпіёнаў краіны працягваецца: хлопцы Дзмітрыя Краўчанкі не змаглі закінуць супернікам ў другім матчы запар – 4:0 на карысць „мядзведзяў”. „Гомель” выйграў шосты матч запар, перамогшы „Юнацтва” – 2:1, „рысі” падоўжылі пераможную серыю да шасці матчаў, сталічны клуб, наадварот, церпіць трэцюю няўдачу запар.
„Вітэн” узняўся на пятае месца ў чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе
Аршанскі „Вітэн” святкаваў трэцюю перамогу запар у гульнях чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У хатнім паядынку 6-га тура аршанцы разграмілі гасцей з менскага „Дынама-БНТУ” з лікам 5:1 і ўзняліся на пятае месца ў турнірнай табліцы. Дакладна з такім жа лікам завяршыліся яшчэ два матчы: гомельскі БЧ абыграў гарадзенскае „УУС-Дынама”, а „Менск” таксама на сваёй пляцоўцы быў мацней за светлагорскі ЦКК. Гомельскі ВРЗ у Берасці перайграў з сухім лікам 5:0 мясцовы „Меркурый-ДМК”. Лідэары турніру спартоўцы „Сталіцы” пасля чатырох вікторый запар згулялі ўнічыю ў гасцях з „Барысавам-900” – 4:4
Каземіра шкадуе пра пераход у МЮ. Клуб хоча падпісаць на яго месца 19-гадовага Нэвеша з „Бенфікі”
Паўабаронца „Манчэстэр Юнайтэд” Каземіра лічыць памылкай сваё рашэнне пра пераход у гэтую каманду, паведамляе El Nacional. Па інфармацыі крыніцы, клуб незадаволены выступамі бразільца, а сам гулец таксама шкадуе пра тое, што пакінуў „Рэал” і далучыўся да каманды, дзе існуе нестабільнасць як на полі, так і за яго межамі. Адзначаецца, што кіраўніцтва «д’яблаў» разглядае магчымасць падпісання на месца Каземіра 19-гадовага гульца „Бенфікі” Жаау Нэвеша. Перамовы ўжо пачаліся, партугальцы хочуць атрымаць за свайго футбаліста не менш як 70 млн еўра. Каземіра далучыўся да „Юнайтэд” мінулым летам. Ён забіў 12 мячоў і аддаў 7 асістаў у 66 матчах за ангельскі клуб.
Беларускае Радыё Рацыя