Хакеісты „Нёмана” і „Берасця” перамаглі ў матчах беларускай экстралігі



Матчамі ў Віцебску, Гародні і Лідзе працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Гарадзенскі „Нёман” на сваім лёдзе прымаў аднаго з аўтсайдэраў бягучага сезона – „Дынама-Маладзечна”. Для чарговай перамогі гаспадарам хапіла ўсяго дзвюх закінутых шайбаў, паколькі за 60 хвілін гульні госці так і не здолелі падабраць ключы да брамкі галкіпера „Нёмана” Міхаіла Карнаухава. Перамога 2:0 стала для гарадзенцаў чацвёртай у пяці апошніх матчах, каманда Яўгена Летава набрала 17 балаў і часова ўзнялася на 4-е месца ў табліцы. Таксама на захадзе краіны адносіны высвятлялі „Ліда” і „Берасце”. У стартавай трэці паўднёўцы адарваліся на дзве шайбы, але ў наступным гульнявым адрэзку „рыцары” здолелі зраўняць лічбы. Ужо на першай хвіліне трэцяга перыяду форвард „Брэста” Валерый Жыгалаў зноў вывеў сваю каманду наперад – 3:2, – і на гэты раз гаспадары лёду адказаць не змаглі. Яшчэ ў адным матчы „Віцебск” з такім жа лікам 3:2 адолеў „Юнацтва”, перарваўшы серыю з пяці перамог сталічнаа клуба, а „Віцебск” у сваю чаргу святкаваў ўжо дзявятую вікторыю запар.

Усе беларускія трэнеры пакінулі „Барыс”

Услед за адпраўленым у адстаўку Андрэем Скабелкам з казахстанскім клубам расталіся Уладзімір Копаць, Ігар Матушкін і Кірыл Легчакоў. Яны не ўвайшлі ў трэнерскі штаб Галыма Мамбеталіева.

Ілля Салаўёў трапіў у апошні адсеў з трэніровачнага лагера „Калгары”

Беларускі абаронца, які выдатна праявіў сябе ў выставачных матчах і захапіў экспертаў, пачне сезон у фарм-клубе „Калгары” ў АХЛ. Ростэр на першую гульню сезона „Флэймз” апублікуюць пазней. Напэўна ў яго ўвойдзе беларускі нападнік Ягор Шаранговіч. На старце чэмпіянату „Калгары” 12 кастрычніка згуляе на хатняй арэне з „Вініпегам”.

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў выйшаў у фінал кваліфікацыі турніру ў Кітаі

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў перамог у стартавым матчы турніру ў кітайскім Шэньчжэне з прызавым фондам 139 тысяч даляраў. У першым кваліфікацыйным раундзе беларус абыграў кітайскага тэнісіста Ліньянг Сяа – 6:4, 6:2. У вырашальным паядынку за выхад у асноўную сетку супернікам Ягора Герасімава будзе яшчэ адзін кітайскі тэнісіст Фацзін Сунь.

ФІФА забараніла „Шахцёру” рэгістраваць новых футбалістаў

Міжнародная федэрацыя ўжо паведаміла аб гэтым БФФ. Прычынай стала тое, што „Шахцёр” не выканаў фінансавыя абавязацельствы перад былым трэнерам брамнікаў Валерыем Чыжовым. ФІФА запатрабавала ад БФФ неадкладнай забароны для „Шахцёра” на рэгістрацыю новых гульцоў на нацыянальным узроўні.

Беларускае Радыё Рацыя