Хакеісты „Нёмана” паўторна абыгралі „Магілёў”
Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” выйгралі другі матч запар у чвэрцьфінальнай серыі плэй-оф Кубка Прэзідэнта.
На гэты раз „Магілёў” быў абыграны з лікам 1:0. Проціборства двух каманд з розных канцоў Беларусі атрымалася на гэты раз вельмі упартым. Вырашальным стала ўзяцце брамкі магілёўцаў ужо на другой хвіліне гульні. Вызначыўся Мікіта Рэмезаў. У брамцы гарадзенцаў гуляў галкіпер Віталь Трус, які траўмаваўся ў матчы з „Юнацтвам”. Што да іншых чвэрцьфінальных матчаў плэй-оф Кубка Прэзідэнта, то тут не абышлося без сенсацый. Дзеючы чэмпіён Беларусі, сталічнае „Юнацтва”, выйграючы пасля першага перыяду, не змагло ўтрымаць перавагу ў сустрэчы з „Лакаматывам” з Воршы і прайграла 1:2. На шайбу Усевалада Кашкара „чыгуначнікі” адказалі двума дакладнымі стрэламі Артура Абмёткі і Андрэя Філічкіна. Лік у серыі стаў нічыйным – 1:1.
Узмоцненае шматлікім дэсантам са склада беларускага прадстаўніка ў КХЛ „Дынама-Маладзечна” у авертайме саступіла „Гомелю” пасля шайбы Ігара Равенкі – 2:3. Лік у серыі зраўняўся – 1:1. Салігорскі „Шахцёр” доўгі час прайграваў, аднак у выніку вырваў перамогу ў жлобінскага „Металурга” ў авертайме – 3:2. Лік у серыі стаў 2:0 на карысць „гарнякоў”.
Сабаленка выйшла ў фінал турніру ў Досе
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка стала першай фіналісткай турніру катэгорыі „Прэм’ер” ў катарскай Досе з прызавым фондам 2 мільёны 900 тысяч даляраў. У паўфінальным паядынку беларуска, якая займае 13-е месца ў сусветным рэйтынгу, перамагла ў двух сэтах расіянку Святлану Кузняцову, у якой 46-я пазіцыя з лікам 6:4, 6:3.
Суперніцай беларускі па фінальным паядынку стала чэшка Петра Квітава, якая ў трохсэтавым паядынку перайграла першую ракетку планеты аўстралійку Эшлі Барці – 6:4, 2:6, 6:4.
Раман Раманаў заняў 6-е месца ў гонцы па ачках на Чэмпіянаце свету па веласпорце
Раман Раманаў заняў 6-е месца ў мужчынскай гонцы па ачках на чэмпіянаце свету па веласпорце на трэку, які працягваецца ў Берліне.
Беларускі гоншчык зарабіў па ходзе гонкі 26 ачкоў. Золата выйграў навазеландзец Корбін Стронг, які набраў 58 ачкоў. Яшчэ адзін беларус, які выступаў у трэці дзень чэмпіянату свету, Міхаіл Шэмет заняў 15-е месца ў мужчынскім пераследзе. Чэмпіёнам стаў Філіпа Ганна з Італіі.
Напярэдадні чэмпіёнам свету ў дысцыпліне скрэтч стаў Яўген Каралёк, які прынёс першую ўзнагароду ў скарбонку беларускай зборнай.
БАТЭ перамог „Актобэ” і ўкраінскі „Рух” ў канцы турэцкага збору
Футбалісты БАТЭ дзвюма перамогамі завяршылі заключны перадсезонны збор у турэцкім Белеку. У першым спарынгу віцэ-чэмпіёны Беларусі абыгралі казахстанскі „Актобэ” – 2:1. У складзе барысаўчан галы забілі Ілля Васілевіч і Захар Волкаў. У другім кантрольным паядынку БАТЭ адолеў украінскі „Рух” з Львова з лікам 1:0. Пераможны гол на 84-й хвіліне гульні забіў Павел Няхайчык. Зараз каманда Кірыла Альшэўскага вяртаецца дадому і 9 сакавіка правядзе першы афіцыйны матч новага сезона ў гасцях у менскага „Дынама” ў чвэрцьфінале Кубка Беларусі.
Футбалісты „Айнтрахта” сталі апошнімі ўдзельнікамі 1/8 фіналу Лігі Еўропы
Футбалісты нямецкага „Айнтрахта” апошнімі выйшлі ў 1/8 фіналу футбольнай Лігі Еўропы. У паядынку ў адказ 1/16 фіналу прадстаўнікі нямецкай бундэслігі згулялі ўнічыю 2:2 у гасцях у аўстрыйскага „Зальцбурга”. У першай сустрэчы ў Франкфурце „Айнтрахт” разграміў аўстрыйскі клуб з лікам 4:1. У барацьбе за выхад у чвэрцьфінал „Айнтрахт” двойчы згуляе са швейцарскім „Базэлем”. Фінальны паядынак Лігі Еўропы адбудзецца 27 траўня ў Гданьску.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота hockey.by