Хакеісты „Нёмана” разграмілі „Металург” у пятым матчы фіналу
У беларускай хакейнай экстралізе працягваецца фінальная серыя, у якой трафей аспрэчваюць гарадзенскі „Нёман” і жлобінскі „Металург”.
Пяты матч супрацьстаяння за чэмпіёнства адбыўся ў гарадзенскім Лядовым палацы спорту, да гэтай сустрэчы каманды падышлі з роўнай колькасцю перамог у серыі 2:2. Ужо на сёмай хвіліне чарговую шайбу ў плэй-оф закінуў абаронца Даніла Паліўка, а неўзабаве Герман Паддубны падвоіў перавагу „Нёмана”. Скараціць адставанне жлабінчане змаглі ў сярэдзіне другой трэці, калі вызначыўся Вадзім Мароз. Але, як высветлілася, узяцце чужой брамкі стала для „Металурга” апошнім у гэты вечар. Трэці перыяд каманды пачалі пры ліку 2:1 на карысць „Нёмана”, а скончылі з лічбамі 6:1 на табло. Закінутымі шайбамі за гарадзенцаў адзначыліся Павел Баярчук, Сава Андрэеў, Вячаслаў Андрушчанка і Ігар Казячы.
Такім чынам, хакеісты „Нёмана” зараз знаходзяцца ў адной перамозе ад чэмпіёнства. Зрабіць вырашальны крок падначаленыя Яўгена Летава паспрабуюць у суботу ў Жлобіне, шостая гульня фіналу экстралігі пачнецца ў 16.30.
Вызначыліся паўфінальныя пары Лігі Еўропы
Завяршыліся матчы ў адказ 1/4 фіналу Лігі Еўропы, па выніках якіх вызначыліся паўфінальныя пары турніру.
„Севілья” на сваім полі разграміла „Манчэстэр Юнайтэд” з лікам 3:0 і прайшла ў наступную стадыю. У першым матчы каманды згулялі ўнічыю – 2:2.
„Ювентус” у гасцях згуляў унічыю са „Спортынгам” 1:1 і прабіўся ў паўфінал дзякуючы хатняй перамозе з лікам 1:0. „Баер” пасля нічыі у хатнім матчы 1:1 на выездзе ўпэўнена перайграў „Юніён” 4:1 і таксама працягнуў барацьбу за трафей. „Рома” зарабіла пуцёўку ў паўфінал у дадатковы час хатняга матчу з „Феенаордам” 4:1. У першым матчы клуб з Нідэрландаў дамогся на сваім полі перамогі з лікам 1:0.
«Ювентус» у паўфінале будзе змагацца з іспанскай «Севільяй”, а «Рома» з «Баерам».
„Фіярэнціна” прайграла „Леху”, але выйшла ў паўфінал Лігі канферэнцый
Завяршыўся матч у адказ 1/4 фіналу Лігі канферэнцый, у якім сустракаліся італьянская „Фіярэнціна” і познаньскі „Лех”. Гульня праходзіла ў Фларэнцыі на стадыёне «Артэміё Франкі» і завяршылася перамогай „Леха” з лікам 3:2. Галамі ў складзе пераможцаў адзначыліся Афонсу Соуза, Крыстафер Вельдэ і Артур Собех. Мячы ў складзе гаспадароў поля забілі Рыкарда Сатыль і Гаэтана Кастравілі. Першы матч завяршыўся перамогай „Фіярэнціны” з лікам 4:1. Па суме двух матчаў італьянскі клуб апынуўся мацнейшым 6:4.
Бадоса стала суперніцай Сабаленкі ў 1/4 фіналу турніру ў Штутгарце
Іспанская тэнісістка Паўла Бадоса стала суперніцай беларускі Арыны Сабаленкі ў чвэрцьфінале турніру катэгорыі WTA-500 у нямецкім Штутгарце з прызавым фондам 780 тысяч даляраў. У 1/8 фіналу Паўла Бадоса абыграла ў дзвюх партыях яшчэ адну прадстаўніцу Іспаніі Крысціну Бучу – 6:1, 6:2. Арына Сабаленка гэтак жа ўпэўнена выйграла ў двух сэтах у чэшскай тэнісісткі Барбары Крэйчыкавай – 6:2, 6:3.
Летась Сабаленка перамагла Бадосу ў паўфінале турніру ў Штутгарце, а да гэтага іспанка двойчы абыгрывала лепшую беларускую тэнісістку.
Каля 300 спартоўцаў будуць супернічаць за Кубак Беларусі на Вяслярным канале ў Берасці
Спаборніцтвы на вадзе спартовага комплексу сярод мужчын і жанчын пройдуць з 26 па 29 красавіка. У асабіста-камандных спаборніцтвах прымуць удзел зборныя каманды абласцей і Мінска – усяго больш за 280 спартоўцаў. У поўным складзе ўдзел у стартах прыме нацыянальная зборная Беларусі па акадэмічным веславанні.
Беларускае Радыё Рацыя