Хакеісты „Нёмана” параўнялі лік у паўфінальнай серыі



Хакеісты „Нёмана” перамаглі ў паўфінальнай серыі  салігорскі „Шахцёр” з лікам 4:3. Матч праходзіў у відовішчнай і бескампраміснай барацьбе. Абедзве каманды не жадалі саступаць. У выніку шчасце ўсміхнулася хакеістам „Нёмана”, якія дзякуючы шайбе Ягора Сцяпанава дамагліся перамогі ў авертайме. Такім чынам, лік у серыі да чатырох вікторый стаў нічыйным – 2:2. Каманды для выяўлення пераможцаў згуляюць яшчэ найменьш два матчы. Бліжэйшы з іх пройдзе ў Гародні ўжо заўтра.

Цікава, што перад гэтым матчам трэнер брамнікаў «Нёмана» Арунас Алейнікавас пракаментаваў рашэнне Федэрацыі хакея працягнуць плэй-оф чэмпіянату Беларусі па хакеі, у той час як усе еўрапейскія турніры былі прыпыненыя або адменены з-за каронавіруса. Ён заклікаў прыходзіць на матчы прадстаўнікоў федэрацыі, а пасля гульні прапанаваў зайсці у распранальню і паціснуць рукі ўсім хакеістам, падзякаваць за тое, што яны сапраўдныя мужыкі, якія не баяцца за сваіх блізкіх, сяброў і родных з-за нейкага там віруса. „Але гэта наўрад ці будзе. Яны глядзяць хакей дома ў каранціне”, – падагульніў Алейнікавас.

Валейбалісты „Будаўніка” лідзіруюць пасля чвэрцьфінальнай стадыі чэмпіянату Беларусі

Валейбалісты „Будаўніка” перамаглі гомельскую „Энергію” з лікам 3:0 і працягваюць узначальваць турнірную табліцу ў групе А, дзе сабраны каманды, якія змагаюцца за медалі чэмпіянату Беларусі. Самым выніковым у матчы стаў гулец „Будаўніка” Арцём Кудрашоў, які набраў 16 ачкоў. У другім паядынку групы А салігорскі „Шахцёр” перамог у Абухаве мясцовы „Легіён” – 3:0. Паводле рэкамендацый Беларускай федэрацыі валейбола, пасля завяршэння чвэрцьфінальнай стадыі турніру каманды чакае перапынак да 6 красавіка.

У Беларусі стартуе чарговы чэмпіянат па футболе ў вышэйшай лізе

Пачынаецца ён на фоне сусветнай пандэміі каронавіруса і адмены спаборніцтваў практычна па ўсёй Еўропе. Прычым Беларускай федэрацыяй футбола вырашана праводзіць матчы у «вышэйшай лізе»  з гледачамі. Сёння ў прыватнасці  турнір стартуе двума матчамі ў Менску і Салігорску. РЦАР-БДУ прымае ў 17 гадзін барысаўскі БАТЭ, а «Шахцёр» у 19 гадзін пачне гульню з жодзінскім  «Тарпеда-БелАЗ». Заўтра берасцейскае «Дынама» пачне абарону чэмпіёнскага тытула гульнёй з футбольным клубам «Смалявічы», а сталічнае «Дынама» прыме іншы берасцейскі клуб «Рух».

„Нёман” падпісаў 27-гадовага ўкраінскага нападніка Уладзіміра Коваля

Напярэдадні беларускія футбольныя клубы рабілі апошнія спробы ўзмацніцца. Гарадзенскі „Нёман” падпісаў кантракт з 27-гадовым украінскім нападнікам Уладзімірам Ковалем. Пагадненне разлічана да канца сезона, паведамляе афіцыйны сайт гарадзенцаў. Апошнім клубам футбаліста да пераходу ў «Нёман» быў адэскі „Чарнаморац”. У мінулым сезоне Коваль адзначыўся двума галамі ў 23 матчах ва ўкраінскай Прэм’ер-лізе, а ў гэтым сезоне ў складзе адэсітаў прыняў удзел у 6 матчах, але ўжо ў лізе рангам ніжэй. У барысаўскі БАТЭ перайшоў нігерыйскі нападнік Ідрыс Нурадзін. Ён прыбыў у БАТЭ ў студзені на прагляд. У выніку клуб і гулец дамовіліся аб супрацоўніцтве, адзначае football.by. Нападник „Шахцёра” Уладзімір Хвашчынскі перайшоў у „Мінск”. Паміж клубамі падпісана арэнднае пагадненне тэрмінам да канца першага круга вышэйшай лігі. Хвашчынскі ўжо выступаў за „Мінск” у сезонах 2014 і 2015. У рамках чэмпіянату Беларусі форвард правёў за сталічную каманду 41 матч, у якіх забіў 16 мячоў і зрабіў 4 галявыя перадачы. Тым часам аслабеў трэнерскі штаб берасцейскага «Дынама». Шатландскі спецыяліст Пітэр Левенэ пакідае клуб па заканчэнні свайго кантракту. Пра гэта інфармуе клубная прэс-служба. Левенэ пачаў працу ў Берасці ў красавіку 2018 года. Спачатку трэнер займаўся з камандамі старэйшых ліцэнзійных узростаў, а таксама кансультаваў дублюючы склад. Аднак ужо летам спецыяліст увайшоў у штаб галоўнай каманды, разам з якой за паўтара года заваяваў Суперкубак Беларусі і стаў чэмпіёнам  краіны.

Сусветны тэнісны сезон спынены да лета

Сусветны тэнісны сезон спынены да лета. Жаночая тэнісная асацыяцыя і Асацыяцыя тэнісістаў-прафесіяналаў прынялі сумесную заяву. У ёй аб’яўляецца, што ўсе турніры прыпынены да 7 чэрвеня. Тэніс, як і іншыя віды спорту, стаў ахвярай каронавіруса. Рэйтынгі тэнісістаў і тэнісістак будуць замарожаныя. Арына Сабаленка на бліжэйшыя месяцы застанецца 11-й ракеткай свету.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фото: ХК «Нёман»