Хакеісты „Шахцёра” і „Металурга” выйшлі ў паўфінал
У беларускай хакейнай экстралізе вызначыліся ўсе ўдзельнікі паўфінальнай стадыі плэй-оф. Дзве пуцёўкі ў паўфінал дасталіся пераможцу рэгулярнага чэмпіянату „Шахцёру” і дзейнаму ўладальніку трафея „Металургу”. Салігарчане шмат у чым нечакана зацягнулі серыю супраць „Дынама-Маладзечна” да шостага матча, але ўсё ж выйшлі з пары пераможцамі. Па ходу апошняй гульні „гарнякі” доўгі час мінімальна саступалі ў ліку, але затым за справу ўзяўся форвард каманды Ахмед Гімбатаў. У другім перыядзе расеец аформіў дубль за дзве хвіліны, вывеўшы „Шахцёр” наперад. У заключнай трэці Міхаіл Шалагін замацаваў перавагу гасцей – як вынік 3:1 у гульні і 4:2 у серыі. „Металург”, у сваю чаргу, таксама ў шасці матчах зламіў супраціў „Гомеля”. Сцэнар сустрэчы ў Жлобіне амаль у дакладнасці супаў з ходам паралельнага паядынку ў Маладзечне. „Сталёвыя ваўкі” таксама прайгравалі з лікам 0:1, але затым нападнік гаспадароў Ігар Угольнікаў закінуў двойчы запар, а кропку ў гульні паставіў Сяргей Касціцын. У выніку тыя ж 3:1 у матчы і 4:2 у „палескім дэрбі” – „Гомель”, як і „Дынама-Маладзечна”, пакідае турнір. На стадыі паўфіналу „Металург” згуляе менавіта супраць „Шахцёра”, іншую пуцёўку ў фінал плэй-оф экстралігі аспрэчаць гарадзенскі „Нёман” і сталічнае „Юнацтва”.
Анцілеўскі прызнаны лепшым гульцом першага тура чэмпіянату Беларусі
Нападнік БАТЭ Дзмітрый Анцілеўскі прызнаны лепшым гульцом стартавага тура 33-га чэмпіянату Беларусі па футболу па версіі Беларускай федэрацыі футбола. У гасцявым пераможным паядынку з „Гомелем” 25-гадовы форвард барысаўскай каманды паўдзельнічаў у двух узяццях брамы. У канцы першай паловы сустрэчы Анцілеўскі адкрыў лік, а пасля перапынку аддаў дакладную перадачу Аляксандру Французаву, які ўсталяваў канчатковы лік – 2:0 на карысць БАТЭ.
Цяпер у чэмпіянаце наступіў перапынак, звязаны з матчамі нацыянальнай і маладзёжнай зборных краіны.
Макаўчык упершыню выкліканы ў зборную Беларусі
Брамнік менскага „Дынама” Арцём Макаўчык выкліканы ў зборную Беларусі на матчы кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2024 са швейцарцамі і румынамі. У нацыянальнай камандзе Макаўчык замяніў кіпера „Шахцёра” Сяргея Ігнатовіча, які траўмаваўся. Беларусы 25 сакавіка згуляюць са швейцарцамі, а 28 сакавіка – з румынамі.
У паўфінале Кубка Беларусі па гандболе СКА згуляе з „Гомелем”, „Мяшкоў Берасце” – з фармам СКА
У офісе БФГ прайшло лёсаванне „фіналу чатырох” мужчынскага Кубка Беларусі. Турнір пройдзе ў Берасці на пляцоўцы Палаца спорту „Вікторыя імя А.П. Мяшкова” з 5 па 6 траўня. Гаспадары ў паўфінале згуляюць з менскім фарм-клубам, СКА сустрэнецца з „Гомелем”.
Захарава ўзначаліла прэс-цэнтр „Беларускай тэніснай федэрацыі”
Журналіст і вядоўца навін тэлеканала „Беларусь 5” Крысціна Захарава ўзначаліла прэс-цэнтр „Беларускай тэніснай федэрацыі”. У сферы спартовай журналістыкі Захарава працуе з 2015 года. Асвятляла такія буйныя міжнародныя падзеі, як Еўрапейскія гульні, чэмпіянат свету па хакеі, чэмпіянат свету па футболе, зімовыя Алімпійскія гульні ў Пекіне.
Упэўненыя, у новым для сябе амплуа Крысціна Міхайлаўна будзе бліскаць так, як і на тэлевізійным экране, прыўнясе ў айчынны тэніс новае бачанне і падачу інфармацыі з улікам развіцця сучаснай медыя-прасторы, – піша сайт БТФ.
Фінляндыя адмяніла турнір па фехтаванні з-за допуску расейцаў
Фінская федэрацыя фехтавання і пяцібор’я не будзе праводзіць турнір у Турку з-за допуску расійскіх і беларускіх спартоўцаў, паведамляе ТАСС.
Турнір мусіў праходзіць з 23 па 24 верасня. 16 сакавіка Федэрацыя фехтавання Германіі па той жа прычыне адмяніла правядзенне этапа Кубка свету па рапіры сярод жанчын.
У сакавіку гэтага года кангрэс Міжнароднай федэрацыі фехтавання дазволіў расейскім і беларускім спартоўцам прымаць удзел у міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе.
Беларускае Радыё Рацыя