Хакеісты „Шахцёра”, „Металурга” і „Гомеля” перамаглі ў матчах экстралігі



Матчамі ў Гомелі, Магілёве і Салігорску працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Дзеючы чэмпіён Беларусі – „Металург” – нарэшце перапыніў серыю з чатырох паразаў: жлабінчане ў гасцях абыгралі „Магілёў”. Зыход матчу быў вырашаны ўжо ў першым перыядзе, калі „сталёвыя ваўкі” вызначыліся адразу чатыры разы, дубль у свой актыў запісаў Канстанцін Лукін. У далейшым магіляўчане страпянуліся, але адыграцца не змаглі – 5:2 на карысць „Металурга”. Паралельна ў Салігорску лідэр сезона – „Шахцёр” – дамогся шостай перамогі запар, на гэты раз „гарнякі” былі мацней за наваполацкі „Хімік”. Дуплетам за салігарчан вызначыўся Міхаіл Шалагін, фінальны лік – 5:3. У цэнтральным паядынку вечара сышліся каманды з верхняй паловы табліцы – „Гомель” і „Лакаматыў”. Перад гульнёй супернікі мелі аднолькавую колькасць ачкоў, такой жа роўнай выдалася і вочная сустрэча. У выніку асноўны час скончыўся ўнічыю – 3:3. Авертайм мацнейшага таксама не выявіў, а ў серыі булітаў дакладней былі „рысі”. Дзякуючы гэтаму поспеху „Гомель” выйшаў на 4-е месца ў экстралізе, вышэй толькі „Шахцёр”, „Віцебск” і „Юнацтва”.

Хакеісты менскага „Дынама” пачынаюць выязную серыю ў Мыцішчах

Хакеісты менскага „Дынама” сёння пачнуць чарговую выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Першым супернікам дынамаўцаў у трохматчавай выязной серыі стане кітайскі „Куньлунь Рэд Стар”, які праводзіць хатнія матчы ў Мыцішчах. На другое ў гэтым сезоне гасцявое турнэ мінчане адправіліся пасля васьміматчавай хатняй серыі, падчас якой „зубры” пацярпелі тры паразы і святкавалі пяць перамог, у тым ліку па разе абыграўшы лідэраў лігі „Ак Барс” і „Лакаматыў”. Цяпер падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага дзеляць 7-9-е месцы на Захадзе, у актыве „Дынама” 16 балаў – столькі ж у санкт-пецярбургскага СКА і чарапавецкай „Северсталі”.

БАТЭ паўтарыў свой рэкорд 2013-га па колькасці бязвольных параз

Параза БАТЭ ад «Іслачы» з лікам 1:2 у 24-м туры вышэйшай лігі стала для барысаўчанаў трэцім у сезоне прайграным матчам, падчас якога яны вялі. Аналагічнымі былі матчы з «Нафтанам» 1:2 і «Тарпеда-БелАЗ» 1:2. Столькі ж бязвольных паразаў сёлета толькі ў прадстаўнікоў ніжняй паловы табліцы – «Белшыны», берасцейкага «Дынама» і «Смаргоні». За ўсю гісторыю выступаў БАТЭ ў вышэйшай лізе такое было толькі ў 2013 годзе. Рэкорд можа быць і пабіты, бо цяперашні сезон яшчэ не скончаны.

Матч Ізраіль – Швейцарыя перанесены на 15 лістапада

УЕФА назваў новую дату матча адбору Еўра-2024 Ізраіль – Швейцарыя, які быў перанесены з-за атакі тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС. Сустрэча пройдзе 15 лістапада. Месца правядзення матча будзе вызначана пазней. Спачатку гульня мусіла адбыцца 12 кастрычніка. У групе разам са зборнымі Ізраіля і Швейцарыі выступае Беларусь.

Філіпа Індзагі ўзначаліў «Салернітану»

«Салернітана» аб’явіла аб звальненні Паўлу Соўзы і прызначэнні галоўным трэнерам каманды Філіпа Індзагі. Дэталі кантракта з 50-гадовым італьянцам не раскрываюцца. Па інфармацыі Тransfermarkt, здзелка разлічана да завяршэння сезона. «Салернітана» пасля 8 тураў ідзе перадапошняй у Серыі А. У каманды 3 нічыіх і 5 паразаў з агульным лікам 4:17. Соуза трэніраваў каманду з лютага: 5 перамог, 12 нічыіх і 8 паразаў. Індзагі да жніўня трэніраваў «Рэджыну». Таксама ў яго трэнерскай карʼеры былі «Брэшыя», «Беневента», «Балоння», „Венецыя” і «Мілан».

Беларускае Радыё Рацыя