Хакеісты „Шахцёра” паўторна абыгралі „Гомель” у беларускай экстралізе
Трыма матчамі ў Гародні, Гомелі і Магілёве працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Цэнтральны паядынак вечара адбыўся ў Гомелі, дзе мясцовы клуб другі раз за тры дні прымаў салігорскі „Шахцёр”. У суботу каманды ўчынілі перастрэлку з дзевяццю галамі („гарнякі” перамаглі 5:4), чарговая гульня выдалася менш падзейнай. Гамяльчане так і не здолелі закінуць у брамку „Шахцёра”, а вось салігарчане правялі некалькі паспяховых атак і выйгралі 3:0. „Шахцёр” працягвае пагоню за лідыруючым „Віцебскам”, а „Гомель”, прайграўшы чацвёрты матч з апошніх пяці, пазбавіўся трэцяй пазіцыі ў табліцы. Самы выніковы паядынак вечара выдалі „Магілёў” і „Лакаматыў”. Па ходу сустрэчы аршанцы чатыры разы выходзілі наперад – гаспадарам атрымлівалася адыгрывацца тройчы, але ў канцоўцы матчу адказаць не атрымалася. „Чыгуначнікі” ў выніку перамаглі з лікам 6:5 і спынілі серыю з чатырох няўдач. Дублем за „Лакаматыў” вызначыўся Уладзіслаў Кавалевіч. Паралельна ў Гародні „Нёман” святкаваў шостую перамогу запар – ад рук падначаленых Яўгена Летава пацярпеў наваполацкі „Хімік” 4:2. Па тры балы за гарадзенцаў набралі Герман Паддубны (2+1) і Максім Цыбін (1+2).
Валейбалісткі „Мінчанкі” прайгралі маскоўскаму „Дынама” ў Суперлізе
Валейбалісткі „Мінчанкі” пацярпелі паразу ў выязным матчы рэгулярнага чэмпіянату жаночай расійскай Суперлігі. Падначаленыя Вольгі Пальчэўскай гасцявалі ў дзейных чэмпіёнак Расеі з маскоўскага „Дынама”. Нягледзячы на розніцу ў класе, беларускі навязалі суперніцам супраціў і нават выйгралі адзін сэт – трэці (25:23). У першай, другой і чацвёртай партыях перавага была ўсё ж на баку „Дынама” – 25:18, 25:15, 25:19 і выніковыя 3:1 па сэтах. Гэтая няўдача стала для „Мінчанкі” трэцяй запар. Пасля дзесяці тураў жаночага чэмпіянату Расеі нашы дзяўчаты размяшчаюцца на перадапошнім, 13-м месцы з шасцю баламі ў актыве.
„Вітэн” адолеў „Сталіцу” ў чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе
Аршанскі „Вітэн” нанёс першую паразу „Сталіцы” ў першым крузе 35-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Пасля першага тайма сустрэчы ў Оршы дзейныя чэмпіёны краіны выйгравалі 3:2, але пасля перапынку гаспадары змаглі не толькі адыграцца, але і вырваць перамогу 4:3. У сёлетнім першынстве „Вітэн” прайграў два першыя паядынкі, а потым выйграў 9 матчаў запар. Спартоўцы „Сталіцы” да гэтага не прайгравалі, святкаваўшы 9 перамог пры адной нічыі.
Зборную Беларусі пакінулі ў дывізіёне „С” Лігі Нацый
Выканаўчы камітэт УЕФА прыняў рашэнне захаваць за зборнымі Беларусі і Кіпра месцы ў дывізіёне „С” Лігі нацый. А ў адзіным паядынку, які вызначыць, каму пайсці на паніжэнне ў дывізіён «D», зборнай Літвы ў сакавіку наступнага года давядзецца сустрэцца не з беларусамі, а з камандай Гібралтара, якая таксама мае горшыя паказчыкі ў рэйтынг-лісце па выніках розыгрышу Лігі нацый. Такім чынам, увесну падначаленыя Карласа Алоса будуць пазбаўленыя афіцыйных стартаў, і могуць спакойна правесці падрыхтоўчы збор і нават згуляць таварыскі матч. Адпаведныя службы БФФ адразу пасля абвяшчэння рашэння УЕФА прыступілі да пошуку патэнцыйных спарынг-партнёраў. А 8 лютага ў Парыжы адбудзецца лёсаванне наступнай Лігі нацый.
Раналдзіньё – найлепшы гулец Ла-Лігі 2000-х гадоў
Бразілец Раналдзіньё прызнаны найлепшым футбалістам іспанскай Ла Лігі ў 2000-я гады, па версіі брытанскага часопіса FourFourTwo. Зорны нападнік абараняў колеры „Барселоны” з 2003 па 2008 гады. Дзесятку наймацнейшых гульцоў, паводле ацэнкі выдання, акрамя Раналдзіньё, склалі: Ліянэль Месі, Хаві, Рауль, Зінедзін Зідан, Андрэс Іньеста, Самюэль Это’О, Раберта Карлас, Дані Алвес і Раналда.
Іван Сіняк стаў срэбраным прызёрам чэмпіянату свету па боксе сярод юніёраў.
У сталіцы Арменіі Ерэване завяршыўся чэмпіянат свету па боксе сярод спартоўцаў не старэйшых за 16 гадоў, удзел у якім прымалі беларускія баксёры. У заключны дзень турніру адбыліся 13 фінальных паядынкаў. Беларусь на спаборніцтвах прадстаўлялі 17 баксёраў, да бою за золата дабраўся толькі Іван Сіняк, які выступае ў вагавай катэгорыі да 66 кг. Супернікам Івана па паядынку за чэмпіёнства стаў мясцовы баксёр Аргішці Хакабян, які і святкаваў перамогу адзінагалосным рашэннем суддзяў. Такім чынам, на юніёрскім чэмпіянаце свету па боксе беларускія спартоўцы заваявалі два медалі: раней бронзавым прызёрам планетарнага форуму ў вазе да 80 кг стаў Андрэй Румянцаў.
Беларускае Радыё Рацыя