Хакеісты „Шахцёра” перайгралі „Лакаматыў”



Першы перыяд прайшоў у роўнай барацьбе і не прынёс закінутых шайбаў ніводнай з дружын. У другім перыядзе „гарнякі” узмацнілі націск і абарона каманды з Воршы не вытрымала. Лік на 27-й хвіліне адкрыў Андрэй Фяклістаў, якому асіставалі Аляксандр Жыдкіх і Раман Крыкуненка. Праз некалькі секунд Ігар Кабанаў пасля перадачы Ягора Мажугі падвоіў перавагу каманды з Салігорска. На 32-й хвіліне сустрэчы ў брамцы Расціслава Зінавенкі пабывала трэцяя шайба. Гол на рахунку Андрэя Фяклістава. Аршанцы да канца другога перыяду змаглі адыграць адну шайбу намаганнямі Аляксандра Сёмачкіна.

У трэцім перыядзе „Лакаматыў” паспрабаваў выраўняць сітуацыю на пляцоўцы і быў блізкі да дасягнення сваёй мэты, пасля таго як на 52-й хвіліне шайбу закінуў Вячаслаў Шарыпаў. У далейшым „чыгуначнікі” працягнулі атакі, але лік да фінальнай сірэны не змяніўся.

Беларускія дзюдаісты засталіся без узнагарод у другі дзень ЧЕ ў Празе

Беларускія дзюдаісты засталіся без узнагарод у другі дзень чэмпіянату Еўропы ў Празе. На татамі выйшлі Ягор Трухан і Вадзім Шока, якія выступаюць у вагавой катэгорыі 73 кг. Нажаль, абодва беларуса спатыкнуліся на ранняй стадыі турніру. Ягор Трухан саступіў у першым жа паядынку Жоао Фернанда з Партугаліі. Вадзім Шока правёў на адну сутычку больш. Спачатку ён перамог азербайджанца Тэльмана Валіева, а затым быў вымушаны прызнаць перавагу шведскага спартоўца Томі Маціяса, які ў выніку выйграў бронзу. Перамог у гэтай вагавай катэгорыі Віктар Сцерпу з Малдовы. Другое месца заняў Лаша Шаўдатуашвілі з Грузіі. Другі бронзавы медаль дастаўся Рустаму Аруджаву з Азербайджана.

У катэгорыі 81 кг у мужчын золата кантынентальнага форуму выйграў грузінскі атлет Тато Грыгалашвілі.

У жанчын у другі дзень чэмпіянату Еўропы сталі вядомыя пераможцы ў вагавых катэгорыях 63 і 70 кг. У абодвух першынствавалі французскія дзюдаісткі. У вазе 63 кг перамагла Кларыса Агбегнену.

У катэгорыі 70 кг не было роўных Марго Піно. Ва ўмовах пандэміі каронавіруса чэмпіянат Еўропы праходзіць пры пустых трыбунах.

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка стаў паўфіналістам турніру ў Італіі

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка, які мае 113-ы нумар сусветнага рэйтынгу, прабіўся ў паўфінал турніру серыі „Чэленджэр” у італьянскім Артызеі з прызавым фондам 44 тысячы 800 еўра. У чвэрцьфінальным матчы беларус адолеў на двух тайбрэйках чэшскага тэнісіста Томаша Махача – 7:6 (7:4), 7:6 (7:5). Паядынак доўжыўся 1 гадзіну 39 хвілін.

У гульні за трапленне ў фінал супернікам Іллі Івашкі будзе 111-я ракетка планеты расеец Аслан Карацаў.

Джокавіч выйшаў у паўфінал выніковага турніру АТР

Лідар сусветнага рэйтынгу серб Новак Джокавіч прабіўся ў паўфінал выніковага турніру Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР), які праходзіць у Лондане. У матчы трэцяга тура групавога этапу Новак Джокавіч адолеў прадстаўніка Нямеччыны Аляксандра Зверава – 6:3, 7:6 (7:4). Сёння у першым паядынку за выхад у фінал Рафаэль Надаль сустрэнецца з Даніілам Мядзведзевым, а Дамінік Цім згуляе з Новакам Джокавічам. Агульны прызавы фонд цяперашняга выніковага турніру АТР, які завершыцца заўтра, складае 5 мільёнаў 700 тысяч даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя