Хакеісты «Шахцёра» сталі супернікамі «Юнацтва» ў фінальнай серыі
Хакеісты салігорскага «Шахцёра» абыгралі гарадзенскі «Нёман» з лікам 1: 0 у вырашальным матчы паўфінальнай серыі плэй-оф чэмпіянату Беларусі. Ключавы эпізод сустрэчы здарыўся на 49-й хвіліне матчу. Гарадзенцы, дапусціўшы парушэнне колькаснага складу, засталіся ў меншасці. Салігорцам адразу ўдалася атака, і Ілля Камбовіч закінуў адзіную шайбу ў гэтай сустрэчы. Такім чынам, лік у паўфінальнай серыі стаў 4:3 на карысць падначаленых Юрыя Файкова. Упершыню ў чэмпіянатах краіны па хакеі ў фінал прайшла каманда, якая гуляла сёмы матч у гасцях. Акрамя таго, салігорцам атрымалася перапыніць традыцыю з 2015 года, згодна з якой у фінале сустракаліся дружыны, якія занялі ў рэгулярным чэмпіянаце месца не ніжэй за другое.
Скабелка адмовіцца ад працы ў зборнай Казахстана?
Беларускі галоўны трэнер «Барыса» з Нур-Султана Андрэй Скабелка не зможа працаваць у зборнай Казахстана. Паводле інфармацыі bestnews.kz, адмова ад сумяшчэння пасадаў – адзін з пунктаў перамоў па новым кантракце з «Барысам». У рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі «Барыс» заняў другое месца ва Ўсходняй канферэнцыі, саступіўшы толькі казанскаму «Ак Барсу». Казахстанскі клуб адмовіўся ад працягу барацьбы за Кубак Гагарына з-за пандэміі каронавіруса.
Сяргей Кісляк: прэзідэнт краіны ўсіх супакоіў, распавёў, як змагацца з каронавірусам
Паўабаронца берасцейскага «Дынама» Сяргей Кісляк пракаментаваў рашэнне праводзіць футбольны чэмпіянат Беларусі без абмежаванняў у той час, як уся астатняя Еўропа прыпыніла нацыянальныя першынствы. – На самой справе наведвальнасць упала. Заўзятараў і раней на трыбунах было няшмат, а цяпер стала менш. Аднак чэмпіянат не думаюць спыняць. Усё спакойна. Прэзідэнт краіны ўсіх супакоіў, распавёў, як змагацца з каронавірусам. Па тэлебачанні круцяць ролікі з інфармацыяй пра тое, як засцерагчы сябе ад гэтай заразы. Людзей просяць радзей наведваць людныя месцы. Але каранціну ў краіне няма, – сказаў Кісляк у інтэрв’ю «Советскому спорту».
«Рома» хоча выкупіць у «Арсенала» Мхітарана
«Рома» мае намер захаваць у камандзе паўабаронцу Генрыха Мхітарана. Італьянскі клуб плануе выкупіць футбаліста, узятага ў арэнду ў «Арсенала», паведамляе Football Italia са спасылкай на Gazzetta dello Sport. Кантракт 31-гадовага гульца з «Арсеналам» разлічаны да чэрвеня 2021 года. Сума трансферу можа скласці 25 мільёнаў еўра. У гэтым сезоне серыі А Мхітаран правёў за «Рому» 13 матчаў і забіў 6 галоў.
Арамнаў назваў перанос Алімпіяды выдатнай навіной
Каля трох тыдняў таму алімпійскі чэмпіён па цяжкай атлетыцы Андрэй Арамнаў траўмаваўся пры выкананні рыўка з вагой 170 кг і толькі нядаўна вярнуўся да трэніровак. На паўнавартаснае аднаўленне перад Алімпіядай у Токіа ў запланаваныя раней тэрміны ў Арамнава часу не хапала, таму яго рэакцыі на перанос спаборніцтваў на год не варта здзіўляцца. «Алімпіяду адмянілі? Гэта дакладна? Для мяне гэта выдатная навіна, таму што напярэдадні атрымаў дастаткова сурʼёзную траўму. Спадзяваўся, што сурʼёзных стартаў сёлета ўжо не будзе. Не трэба баяцца каронавіруса і панікаваць, але сітуацыя вельмі сурʼёзная ў свеце, – цытуе атлета TUT.by.
Беларускае Радыё Рацыя