Хакеісты „Юнацтва” абыгралі „Металург” у матчы чэмпіянату Беларусі
На пляцоўцы сталічнай „Чыжоўка-Арэны” матчам „Юнацтва” і „Металурга” завяршылася гульнявая праграма чацвярга ў беларускай экстралізе. Гэта вочная сустрэча стала для каманд першай у бягучым чэмпіянаце. Перамогу „Юнацтва” над дзейнымі чэмпіёнамі з лікам 3:2 прынёс Сяргей Дрозд. Раней у чацвер „Гомель” разабраўся з „Хімікам” 5:2, а „Нёман” нанёс паражэнне „Брэсту” 3:2.
Валейбалісты „Шахцёра” выйгралі першы матч 1/16 фіналу Кубка Расеі
Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” перамаглі ў першым матчы 1/16 фіналу мужчынскага Кубка Расеі па валейболу – 2023.
У плэй-оф Кубка Расеі салігарчане прабіліся праз папярэдні этап. У сваёй адборавай групе „Шахцёр” заняў другое месца, атрымаўшы тры перамогі ў шасці матчах, і вырваў пуцёўку ў накаўт-раўнд у „Газпрам-Югры” толькі дзякуючы лепшай розніцы сэтаў. Супернікам „гарнякоў” па стадыі 1/16 фіналу стаў „Яраславіч”, які прайшоў групавы этап без адзінай паразы. Стартавы матч у серыі да дзвюх перамог адбыўся ў Яраслаўлі. Першы і трэці сэты выйгралі гаспадары пляцоўкі, але ў другой і чацвёртай партыях беларусы адыгрываліся. Зыход паядынку вырашыўся ў пятым адрэзку, дзе мацней апынуліся нашы валейбалісты – 15:10 і выніковыя 3:2 па сэтах. Паядынак у адказ „Шахцёра” і „Яраславіча” пройдзе ў нядзелю ў Маладзечне і стартуе ў 18.00.
У Савіцкага фенаменальна высокі працэнт рэалізацыі адзінаццаціметровых
Павел Савіцкі ў матчы 17-га тура вышэйшай лігі супраць „Шахцёра”, які завяршыўся з лікам 5:2, рэалізаваў 22-і падыход да „кропкі” з 23. Да яго не менш як 20 разоў з адзінаццаціметровай адзнакі забівалі мячы толькі Раман Васілюк — 33 галы (пасля 41 удару), Андрэй Скарабагацька — 24 з 26, Андрэй Хлебасолаў — 22 з 28, Генадзь Блізнюк — 21 з 25 і Валерый Стрыпейкіс 20 з 25. У Савіцкага фенаменальна высокі працэнт рэалізацыі – 95,7! Гэта лепшы паказчык за ўсю гісторыю вышэйшай лігі сярод усіх пенальтыстаў, якія прабівалі адзінаццаціметровыя ўдары больш за 10 разоў.
«Чэлсі» гатовы прапанаваць «Напалі» 170 мільёнаў еўра за Асімхена
Нападнік «Напалі» Віктар Асімхен можа працягнуць кар’еру ў Англіі.
Як паведамляе Todofichajes, «Чэлсі» вярнуўся да кандыдатуры 24-гадовага нігерыйскага форварда. Лонданскі клуб знаходзіцца ў пошуку новага цэнтральнага нападніка. Кіраўніцтва каманды лічыць Асімхена ідэальнай кандыдатурай. Адзначаецца, што „Чэлсі” гатовы заплаціць за гульца каля 170 мільёнаў еўра.
Раней стала вядома аб канфлікце паміж Асімхенам і «Напалі» з прычыны з’яўлення ў сацыяльных сетках неапалітанскага клуба гумарыстычнага відэароліка ў дачыненні да нападніка. Агент форварда заявіў, што можа звярнуцца ў суд з-за роліка аб не забітым нігерыйцам пенальці, апублікаванага ў сацыяльных сетках.
У бягучым сезоне на рахунку Асімхена сем матчаў за „Напалі” ва ўсіх турнірах, у якіх ён вызначыўся чатырма галамі і адной выніковай перадачай.
Беларускае Радыё Рацыя