Хакеісты „Юнацтва” і „Нёмана” выйшлі ў паўфінал



У Віцебску і Наваполацку адбыліся чарговыя матчы першага раунда плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі. Па выніках сустрэч вызначыліся першыя паўфіналісты сезона. Пуцёўкі ў наступную стадыю заваявалі „Юнацтва” і „Нёман”, прычым зрабіўшы гэта ў максімальна кароткі тэрмін – за чатыры матчы. Менчукі ў першым раундзе ні разу не дазволілі абыграць сябе „Віцебску”. Па ходу чацвёртага паядынку сталічны клуб двойчы вёў у ліку, але абодва разы „мядзведзі” зраўнялі лічбы. Аднак, калі „Юнацтва” намаганнямі Арсенія Каўгарэні зноў выйшла наперад, адказу ў віцябчан не знайшлося. Вынік матча – 3:2, мінчане забіраюць серыю ўсухую. З такім жа лікам – 4:0 скончылася і супрацьстаянне „Нёмана” і „Хіміка”. У чацвёртай і, як апынулася, апошняй гульні гарадзенцы проста не пакінулі суперніку шанцаў, правёўшы дзве шайбы ў першым перыядзе і па адной ў другім і трэцім. На гэта паўночнікі змаглі адказаць толькі адной галявой атакай. Верагодна, што „Юнацтва” і „Нёман” згуляюць у паўфінале плэй-оф.

Баскетбалісты „Менска” саступілі „Парме-Пары” ў Адзінай лізе ВТБ

Баскетбалісты „Менска” прайгралі на хатняй арэне лідару групы B пермскай „Парме-Пары” у перадапошнім матчы другога этапа рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі  ВТБ. Госці адразу захапілі ініцыятыву і выйгралі першую чвэрць з перавагай 15 ачкоў. У далейшым гаспадары спрабавалі дагнаць супернікаў, аднак пагоня не ўдалася і „Парма-Пары” перамагла 67:55. Пасля гэтай вікторыі пермская каманда забяспечыла сабе выхад у плэй-оф. На другую пуцёўку прэтэндуюць „Самара”, „Аўтадор” і „Енісей”. У сваім апошнім паядынку сёлетняга сезона БК „Менск” 26 сакавіка прыме гасцей з казахстанскай „Астаны”.

Мартынаў стаў аўтарам першага гола 33-га чэмпіянату Беларусі па футболе

Футбалісты „Менска” перамаглі мазырскую „Славію” з лікам 2:0 на старце 33-га чэмпіянату Беларусі. Аўтарам першага гола новага першынства стаў 17-гадовы нападнік мінчан Цімафей Мартынаў, які на 35-й хвіліне гульні адкрыў лік эфектным ударам з лініі штрафной плошчы. Пасля перапынку гаспадары таксама мелі перавагу, і на 88-й хвіліне сустрэчы пасля адной з іх атак абаронца мазыран Ілля Руцкі зрэзаў мяч у сваю браму. Сёння адбудуцца яшчэ чатыры гульні. Чэмпіён краіны трох апошніх сезонаў салігорскі „Шахцёр” прыме на сваёй арэне наваполацкі „Нафтан”, які вярнуўся ў элітны дывізіён. Уладальнікі Кубка Беларусі футбалісты „Гомеля” сустрэнуцца з фіналістам кубкавага розыгрышу, бронзавым прызёрам мінулага першынства барысаўскім БАТЭ. Яшчэ адзін фаварыт турніру сталічнае „Дынама” згуляе на сваім полі з „Іслаччу” з Менскага раёна. У Берасці мясцовыя дынамаўцы будуць супернічаць з жодзінскім „Тарпеда-БелАЗам”.

„Лех” згуляе з «Фіярэнцінай» у 1/4 фіналу Лігі канферэнцый

Пасля лёсавання ў штаб-кватэры УЕФА ў Ньёне вызначыліся пары чвэрцьфіналістаў у  Лізе канферэнцый – познаньскі «Лех» трапіў на італьянскую «Фіярэнціну», французская „Ніца” будзе супернічаць са швейцарскім „Базелем”. Склады астатніх пар: „Алкмаар” (Нідэрланды) – „Андэрлехт” (Бельгія),  „Гент” (Бельгія) – „Вэст Хэм” (Англія). Чвэрцьфіналы і паўфіналы пройдуць у тыя ж тэрміны, што і ў Лізе Еўропы, а фінал адбудзецца 7 чэрвеня ў Празе.

Кебікава выйшла ў чвэрцьфінал чэмпіянату свету па боксе

У сталіцы Індыі Нью-Дэлі працягваецца 13-ты чэмпіянат свету па боксу з удзелам беларускіх спартовак. У другі дзень спаборніцтваў стартавыя паядынкі ў сваіх вагавых катэгорыях правялі тры прадстаўніцы Беларусі. Аліна Вэбер, якая выступае ў вазе да 75 кг, адзінагалосным рашэннем суддзяў перамагла Эленаа Ліло з Новай Зеландыі і выйшла ў адну восьмую фіналу. Наступнай суперніцай беларускі стане францужанка Давіна Мішэль. Таксама паспяхова свой шлях на сусветным першынстве пачала Ала Івашкевіч – у першым раундзе турніру ў катэгорыі да 60 кг беларуска была мацней за Аслахан Мехмедавай з Балгарыі. На стадыі адной восьмай фіналу Івашкевіч пазмагаецца з прадстаўніцай Алжыра Хеліф Хаджылам. Акрамя таго, чвэрцьфіналісткай ЧС у вазе да 81 кг стала наша Вікторыя Кебікава. Па выніках яе адборавага паядынку супраць турчанкі Эды Енілмез усе пяць суддзяў аддалі перавагу беларусцы. За права выйсці ў паўфінал Кебікава паспрачаецца з Савіці Борай з Індыі.

Беларускае Радыё Рацыя