Хакеісты „Юнацтва” перамаглі „Шахцёр” у чэмпіянаце Беларусі



Хакеісты менскага „Юнацтва” абыгралі салігорскі „Шахцёр” з лікам 3:0 у гасцявым матчы чэмпіянату Беларусі. У канцы снежня гэтыя супернікі таксама сустракаліся ў Салігорску, і тады поспеху дамагліся гаспадары 4:1, перапыніўшы дзевяціматчавую пераможную серыю мінчан. Аднак напярэдадні ў першым для абедзвюх дружын паядынку ў новым годзе гульцы „Юнацтва” узялі рэванш, закінуўшы па шайбе ў кожным з перыядаў. На 10-й хвіліне дакладны кісцевы кідок у дзявятку атрымаўся Уладзіславу Баркоўскаму, а ў канцы другой трэці вызначыўся расеец Аслан Раісаў, для якога гэты гол стаў дэбютным у беларускай экстралізе. Канчатковы вынік сустрэчы за 8 хвілін да фінальнай сірэны ўсталяваў Герман Пірагоўскі. Дзякуючы гэтай перамозе, дзейныя чэмпіёны краіны замацаваліся на першым месцы, набраўшы 63 ачкі. На другой пазіцыі „Гомель”, у якога на 4 балы менш, трэцім ідзе жлобінскі „Металург”, які мае 58 ачкоў, у актыве „Шахцёра” 57 балаў.

Арына Сабаленка прайграла 100-й ракетцы свету ў 1/8 фіналу турніру ў Адэлаідзе

Другая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка нечакана саступіла ў 1/8 фіналу турніру катэгорыі ВТА-500 у аўстралійскай Адэлаідзе, прызавы фонд якога складае 703 580 даляраў. Сабаленка прайграла ў двух сэтах славенцы Кае Юван, якая займае 100-е месца ў сусветным рэйтынгу. У гэтым паядынку беларуска дапусціла ажно 18 падвойных памылак, а яе суперніца – ніводнай. Суадносіны эйсаў – 5-4 на карысць беларускі. Гульня доўжылася 1 гадзіну 29 хвілін  і скончылася з лікам 6:7 (6:8), 1:6.

Шаранговіч трапіў у COVID-пратакол „Нью-Джэрсі” і не згуляе з „Бостанам”

Беларускі форвард „Нью-Джэрсі” Ягор Шаранговіч трапіў у COVID-пратакол „Нью-Джэрсі”. Гэта значыць, што нападнік здаў станоўчы або сумнеўны тэст на каронавірус. Такім чынам, Шаранговіч прапускаў матч з „Бостанам” гэтай ноччу, паведамляе прэс-служба клуба. Матч жа скончыўся перамогай «Бруінз» з лікам 5:3.  У сваю чаргу беларускі форвард Аляксей Протас быў зноў выкліканы ў размяшчэнне „Вашынгтона”, хаця дружына са сталіцы ЗША адправіла яго ў АХЛ зусім нядаўна, 2 студзеня.

Зборная Беларусі згуляе кантрольны турнір з удзелам каманд Венгрыі і Бахрэйна.

Пасля невялікай навагодняй паўзы мужчынская зборная Беларусі па гандболе аднавіла трэніроўкі перад чэмпіянатам Еўропы-2022. Як паведамляе афіцыйны сайт БФГ, у рамках заключнага падрыхтоўчага этапа каманда правядзе кантрольны таварыскі турнір у венгерскім горадзе Сігецэнтміклаш, у які адправіцца сёння. Апроч гаспадароў і беларусаў, у ім згуляе зборная Бахрэйна. Выязны склад беларускай зборнай складаецца з 18 гандбалістаў, у ім знайшлося месца Арцёму Каральку і Уладзіславу Кулешу, якія выступаюць за польскі «Кельцэ».

Уладзімір Нявінскі пакінуў трэнерскі штаб „Нёмана”

Беларускі спецыяліст Уладзімір Нявінскі пакінуў пасаду памочніка галоўнага трэнера футбольнага клуба „Нёман”. Нявінскі ўвайшоў у трэнерскі штаб „жоўта-зялёных” 21 студзеня 2020 года. Кантракт з памочнікам галоўнага трэнера быў разлічаны да канца мінулага сезона. Па выніках чэмпіянату было вырашана працягнуць супрацоўніцтва, і кіраўніцтва клуба працягнула кантракт з Нявінскім да канца сезона-2021, паведамляе прэс-служба клуба. За два сезоны ў „Нёмане” Уладзімір Нявінскі асіставаў Ігару Кавалевічу ў 66 афіцыйных матчах. 29 з іх завяршыліся перамогай для клуба.

Беларускі форвард Яўген Шыкаўка растаўся з карагандзінскім „Шахцёрам”

29-гадовы беларускі нападнік Яўген Шыкаўка пакінуў „Шахцёр” з Караганды. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт клуба. Шыкаўка папоўніў „Шахцёр” у ліпені мінулага сезона. У складзе карагандзінцаў правёў 15 матчаў ва ўсіх турнірах, забіў два галы і аддаў адну галявую перадачу. У мінулым сезоне „Шахцёр” заняў 7-е месца ў  казахстанскай прэм’ер-Лізе і стаў фіналістам Кубка краіны.

„Чэлсі” апублікаваў відэа з прабачэннямі Рамэлу Лукаку

Форвард „Чэлсі” Рамэлу Лукаку папрасіў прабачэння за скандальнае інтэрв’ю. Відэазварот бельгійскага форварда апублікавала прэс-служба лонданскага клуба. „Прашу прабачэння ў заўзятараў за тое, што засмуціў іх. Хлопцы, вы ведаеце, што я з звязаны з клубам з падлеткавага ўзросту, таму цудоўна разумею, што вы засмучаныя.

Вядома, зараз я павінен вярнуць ваш давер, і зраблю ўсё, каб даказваць прыхільнасць кожны дзень на трэніроўках і ў матчах, дапамагаючы камандзе перамагаць. Прашу прабачэння ў трэнера, у таварышаў па камандзе і кіраўніцтва”, — зазначыў Лукаку ў звароце.

Эрыксэн, які перанёс спыненне сэрца, мае намер згуляць на чэмпіянаце свету-2022

Хаўбек зборнай Даніі Крысціян Эрыксэн мае намер згуляць на чэмпіянаце свету-2022 у Катары. „Хачу гуляць у футбол. Няма прычын гэтага не рабіць. Адчуў, што прыйшоў час даць інтэрв’ю, таму што ведаю, чаго хачу. Больш ніякіх праблем не ўзнікала, хаця сэрца правяралі ўсімі магчымымі спосабамі. Лекары сказалі, што ўсё ў парадку. Мэта — згуляць на чэмпіянаце свету ў Катары. Мне па сілах вярнуцца», — цытуе Эрыксэна дацкая прэса. 12 чэрвеня ў канцы першага тайма матчу Данія — Фінляндыя Эрыксэн упаў на газон і не змог падняцца. Спартоўцу аказвалі экстраную дапамогу на полі на працягу 15 хвілін, потым яго павезлі ў шпіталь. Пазней высветлілася, што гулец перанёс спыненне сэрца. Крысціяну ўсталявалі кардыявертар-дэфібрылятар.

Беларускае Радыё Рацыя