Хакеісты „Юнацтва” сталі чэмпіёнамі Беларусі



Хакеісты менскага „Юнацтва” ў авертайме перамаглі салігорскі „Шахцёр” у пятым паядынку фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі. 

Супрацьстаянне прайшло на лядовай пляцоўцы сталічнай „Чыжоўка-Арэны”. Гаспадары лёду ў пачатку матчу абралі тактыку чакання. „Шахцёр” жа намагаўся гуляць першым нумарам. Аднак на дзявятай хвіліне форвард „Юнацтва” Станіслаў Лапачук адкрыў лік, пасля чаго менчукі пачалі прэсінгаваць супернікаў. У другім перыядзе госці актывізаваліся і адразу ж кінуліся ў напад. На 22-й хвіліне нападнік  „Шахцёра” Аляксандр Жыдкіх зраўняў лік. Хакеістаў „Юнацтва” такое становішча спраў не задавальняла. Падначаленыя Аляксандра Макрыцкага павялічылі хуткасці і на 37-й хвіліне супрацьстаяння зноў вырваліся наперад. Аўтарам закінутай шайбы стаў абаронца Андрэй Антонаў – 2:1. У трэцім перыядзе на 56-й хвіліне гульні нападнік  салігорскай каманды Раман Крыкуненка аднавіў раўнавагу. Гульня перацякла ў авертайм, дзе мацнейшымі сталі сталічныя хакеісты. Пераможную шайбу закінуў Максім Парфеявец. Менчукі сталі ўладальнікамі залатых узнагарод і Кубка Прэзідэнта. Хакеісты „Юнацтва” з’яўляюцца ўжо дзевяціразовымі чэмпіёнамі краіны, іх супернікі адзін раз станавіліся ўладальнікамі залатых узнагарод.

Менскае „Дынама” выйграла ў „Тарпеда-БелАЗ”

Футбалісты менскага „Дынама” святкавалі першую перамогу ў матчах чэмпіянату Беларусі, перайграўшы на сваім полі жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” з лікам 2:0. З самага пачатку сустрэчы падначаленыя Сяргея Гурэнкі захапілі ініцыятыву, прымусіўшы „аўтазаводцаў” абараняцца. Да перапынку атакі дынамаўцаў двойчы завяршыліся галамі: на 21-й хвіліне лік адкрыў экс-тарпедавец Уладзіслаў Клімовіч, а яшчэ праз 20 хвілін Карла Бручыч замацаваў поспех мінчан. На старце 30-га нацыянальнага першынства менчукі прайгралі дэбютанту вышэйшай лігі берасцейскаму „Руху” – 0:1, а затым у гасцях саступілі землякам з „Мінска” – 2:3. Тарпедаўцы ў двух першых турах з аднолькавым лікам 1:0 перамаглі салігорскі „Шахцёр” (у гасцях) і бабруйскую „Белшыну” (дома). У іншым матчы дня футбалісты „Гарадзеі” перамаглі бабруйскую „Белшыну” з мінімальнай перавагай – 1:0. Пераможны гол на 66-й хвіліне гульні забіў Лазар Сайчыч. Усе прызёры мінулага першынства паядынкі 3-га тура правядуць сёння на сваіх палях. Чэмпіён краіны берасцейскае „Дынама” сустрэнецца з мазырскай „Славіяй”, уладальнікі срэбра футбалісты БАТЭ на полі „Барысаў-Арэны” згуляюць з „Рухам”, бронзавы прызёр салігорскі „Шахцёр” прыме на сваім стадыёне гарадзенскі „Нёман”.

Беларуска Ірына Курачкіна паднялася на трэцяе месца ў рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі барацьбы

Беларуская спартоўка Ірына Курачкіна займае трэцюю пазіцыю ў вагавай катэгорыі 57 кг ў рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі барацьбы (UWW).

Як паведаміў БЕЛТА галоўны трэнер зборнай Беларусі па жаночай барацьбе Алег Райхлін, раней Ірына Курачкіна займала чацвёртую пазіцыю. Зараз жа беларуска палепшыла свой вынік, падняўшыся на адну пазіцыю. Спартоўка на сусветным форуме-2019 у Нур-Султане стала трэцяй і заваявала ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Токіо. На чэмпіянаце Еўропы-2020 у Рыме Ірына Курачкіна паднялася на трэцюю прыступку п’едэстала гонару. На першай пазіцыі рэйтынгу размяшчаецца японка Рысака Кава. Сярод беларускіх прадстаўнікоў грэка-рымскай барацьбы ў вагавай катэгорыі 77 кг на пятай пазіцыі размясціўся Павел Лях.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pressball.by