Хакеісты „Юнацтва” наперадзе ў фінальнай серыі



Хакеісты менскага „Юнацтва” былі мацнейшыя за салігорскі „Шахцёр” і ў авертайме выйгралі трэці паядынак фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі – 2:1.

Першы перыяд прайшоў з перавагай „гарнякоў”, якія адкрылі лік на 19-й хвіліне сустрэчы. Раман Крыкуненка і Ілля Камбовіч вывелі на ўдарную пазіцыю Рамана Дастанку, які не прамахнуўся. „Юнацтва” адыгралася ў другім перыядзе. Міхаіл Стэфановіч пасля перадач Данііла Бокуна і Івана Драздова перайграў Максіма Малюціна, калі менчукі гулялі ў большасці. У трэцім перыядзе на 54-й хвіліне сустрэчы мянчук Іван Драздоў не змог рэалізаваць буліт. Апошнія хвіліны асноўнага часу матчу таксама прайшлі ў нападах шматразовых чэмпіёнаў Беларусі, аднак дамагліся яны свайго ўжо ў авертайме. Міхаіл Стэфановіч у дадатковы час аформіў дубль з падачы Івана Драздова.

Лік у серыі да чатырох перамог стаў 2:1 на карысць меныукоў. Чацвёртая гульня фінальнай серыі пройдзе сёння і пачнецца ў 19.30. Прамую трансляцыю матчу можна будзе пабачыць на тэлеканале „Беларусь 5”.

НХЛ падоўжыла рэжым самаізаляцыі да 15 красавіка

Нацыянальная хакейная ліга (НХЛ) падоўжыла рэкамендацыі па самаізаляцыі для гульцоў і супрацоўнікаў клубаў з-за каронавіруса да 15 красавіка, паведамляе TSN. Сезон НХЛ быў прыпынены з-за пандэміі каронавіруса 12 сакавіка, з тых часоў ліга трэці раз падоўжыла каранцін. Раней кіраўніцтва НХЛ рэкамендавала гульцам ня пакідаць дамы да 27 сакавіка, а потым – да 6 красавіка.

Экс-гулец „Гомеля” і берасцейскага „Дынама” пяройдзе ў „Белшыну”

Бразільскі нападнік Нівалда пяройдзе ў бабруйскую „Белшыну”. 31-гадовы форвард ў хуткім часе павінен папоўніць склад бабруйчан, паколькі ФІФА зняла з клуба забарону на трансферы. У мінулым сезоне Нівалда абараняў колеры „Гомеля”. У 27 матчах вышэйшай лігі ён забіў тры галы і аддаў чатыры выніковыя перадачы.

Заўзятары „Нёмана” заклікалі людзей не хадзіць на футбол, а федэрацыю прыпыніць чэмпіянат Беларусі

Актыўныя заўзятары „Нёмана” звярнуліся да ўсіх аматараў футбола Беларусі з заклікам не наведваць матчы вышэйшай лігі. „Мы ўсведамляем, што нам „хтосьці хлусіць”, і з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне не будзем наведваць хатнія і выязныя матчы нашай каманды. Гэта рашэнне няпростае, нам складана пакінуць каманду без падтрымкі, але зараз галоўнае – здароўе нашых грамадзян. Заклікаем усе фанацкія рухі Беларусі да гэтага. Давайце застанемся дома, знізім рызыкі, звязаныя з распаўсюдам каронавіруса, абаронім сябе і сваіх блізкіх. Таксама заклікаем федэрацыю пад кіраўніцтвам Базанава, нарэшце, набрацца адвагі і прыпыніць чэмпіянат, як гэта зрабілі ва ўсім свеце. Жадаем усім здароўя, не хварэйце! Беражыце сябе і сваіх блізкіх!” – цытуе зварот tut.by.

УЕФА правядзе відэаканферэнцыю з абмеркаваннем новага раскладу нацыянальных чэмпіянатаў

Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) сёння плануе правесці чарговую відэаканферэнцыю, прысвечаную далейшаму развіццю падзей у сувязі з пандэміяй каронавіруса. Для ўдзелу ў відэаканферэнцыі запрошаны генеральныя сакратары ўсіх 55 нацыянальных асацыяцый, якія ўваходзяць ва УЕФА. Яны будуць азнаёмленыя з вынікамі дзейнасці дзвюх рабочых груп і абмяркуюць прапановы па магчымых варыянтах пераносаў матчаў. Таксама будзе абмяркоўвацца сітуацыя ва ўсіх спаборніцтвах пад эгідай УЕФА сярод зборных і клубаў, становішча спраў з кантрактамі і трансфернай сістэмай у еўрапейскім футболе. Як паведамлялася, у выніку крызісу, выкліканага вірусам COVID-19 у Еўропе, УЕФА на год перанёс чэмпіянат Еўропы-2020, а таксама фінальныя стадыі Лігі нацый, моладзевы чэмпіянат Еўропы і жаночы чэмпіянат Еўропы. Таксама адкладзеныя фіналы Лігі чэмпіёнаў, Лігі Еўропы і фінал жаночай Лігі чэмпіёнаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ХК „Шахцёр”