Хакей. Беларусь-Францыя-3:4
На чэмпіянаце свету па хакеі 12 траўня Беларусь у Парыжы сустракалася з гаспадарамі турніру – зборнай Францыі. Да гэтай сустрэчы беларуская дружына прайграла ўсе чатыры сустрэчы і не мела аніводнага пункту (адзіная з усіх каманд на турніры!).
Матч з Францыяй таксама пачынаўся вельмі няўдала. У першым перыядзе беларусы паводле сумнай завядзёнкі зноў нічога не забілі і аднойчы прапусцілі. На пачатку другога перыяду „трохкаляровыя” былі ўжо наперадзе 2:0. А пасля беларусы нарэшце выявілі характар. Спярша пасля кідка Шаранговіча ўдала на дабіванні па-тэніснаму згуляў Аляксандр Паўловіч. А на 38-й хвіліне пасля чарговай атакі таго ж Ягора Шаранговіча шайба літаральна запаўзла за лінію брамы французаў – 2:2.
У трэцім перыядзе ўжо Аляксандр Кулакоў у колькаснай большасці вывеў Беларусь наперад. Аднак гаспадары пляцоўкі ўсё ж змаглі параўняць лік – 3:3. У самай канцоўцы зборная Беларусі гуляла ў бальшыні і мела рэальны шанец вырваць вікторыю ў асноўны час, аднак Шарль Лінгле трапіў у штангу. Справа дайшла да авертайму, дзе беларусы зноў гулялі пераважна ў бальшыні, але зноў не здолелі давесці справу да голу.
Такім чынам гульня дайшла да пасляматчавых булітаў. Там таксама не забракла драматызму. Урэшце ўдача ўсміхнулася французам. Такім чынам Беларусь прайграла 3:4.
Беларускае Радыё Рацыя