Хакейны „Нёман” за крок да чэмпіёнства



Гарадзенскі „Нёман” у трэцім паядынку фінальнай серыі плэй-оф чэмпіянату Беларусі зноў адолеў сталічнае „Юнацтва”. На гэты раз падначаленыя Сяргея Пушкова прымалі суперніка на сваім лёдзе і пры гарачай падтрымцы сваіх трыбунаў перамаглі – 2:0.

Гарадзенцы надзейна „замуравалі” падыходы да сваёй брамкі, выглядалі вельмі арганізаванымі і не дазволілі апанентам разгарнуць напоўніцу атакі. Самы ж скарысталіся прадастаўленымі шанцамі. На самым зыходзе першага перыяду (за 2 секунды да сірэны на перапынак) шайбу закінуў Глеб Кліменка. У другім перыядзе на 25-й хвіліне перавагу гарадзенцаў замацаваў Сяргей Маляўка. А больш нёманцам і не было патрэбна.

Агульны лік у серыі – 3-0 на карысць „Нёмана”. 30 сакавіка ў Гародні ў разе вікторыі гаспадароў лёду фінальная стадыя можа завяршыцца з сухім вынікам.

Беларускае Радыё Рацыя