Халадовіч прайшла ў фінал чэмпіяната свету



Беларуская кідальніца дзіды Таццяна Халадовіч, якая выступала ў групе В, выйшла ў фінал чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы ў Досе.

У сваёй лепшай спробе беларуска адправіла снарад на 61 метр  74 сантыметры. Гэта восьмы вынік папярэдніх спаборніцтваў у двух групах. Беларускі лёгкаатлет Віталь Парахонька не трапіў у паўфінал спаборніцтваў на дыстанцыі 110 м з бар’ерамі. Парахонька, які займае 42-е месца рэйтынгу ў сваёй дысцыпліне, не змог трапіць у чацвёрку лепшых удзельнікаў папярэдняга забегу, заняўшы сёмае месца з вынікам 13,65 секунды, што больш за персанальны рэкорд беларуса ў гэтым сезоне на 0,16 сек. Крысціна Ціманоўская не здолела прабіцца ў паўфінал на дыстанцыі 200 м. Беларуская бягуха заняла чацвёртае месца ў сваім папярэднім забегу і не ўвайшла ў лік 24 спартовак, якія працягнулі барацьбу за месца ў фінале гэтага віду праграмы. Час беларускі 23,22 секунды.  

Ёнасэн пакінуў БАТЭ, Золатаў перайшоў у берасцейскае «Дынама»

Нарвежскі абаронца Эміль Ёнасэн пакінуў БАТЭ. Кантракт з футбалістам скасаваны па пагадненні бакоў. Гэты нарвежскі футбаліст ўліўся ў шэрагі „жоўта-сініх” у сакавіку гэтага года – і ў выніку згуляў за асноўны склад 7 матчаў, зрабіўшы адну выніковую перадачу, адзначае прэс-служба БАТЭ. А вось берасцейскае «Дынама» узмацнілася. У склад каманды перайшоў абаронца „Віцебска” і зборнай Беларусі Мікалай Золатаў. Па звестках pressball.by, асабісты кантракт з берасцейцамі футбалістам ужо аформлены, аднак у сілу ён уступіць пасля заканчэння сезона, у зімовы трансферны перыяд. У „Віцебску” і „Дынама” гэтую інфармацыю не пацвярджаюць, але і не абвяргаюць.

«Чырвоныя д’яблы» згулялі ўнічыю з «кананірамі» у цэнтральным матчы Прэм’ер лігі

У матчы 7-га тура англійскай Прэм’ер-лігі «Манчэстэр Юнайтэд» прымаў лонданскі «Арсенал». Сустрэча прайшла на стадыёне «Олд Трафард» у Манчэстэры і завяршылася з лікам 1:1. У канцы першага тайма, на 45-й хвіліне, лік у матчы прыгожым далёкім ударам адкрыў паўабаронца «Манчэстэр Юнайтэд» Скот Мактомінай. У другім тайме, на 58-й хвіліне, нападнік „Арсенала” П’ер-Эмерык Абамеянг зраўняў лік, абыграўшы сам-насам іспанскага галкіпера «чырвоных д’яблаў» Давіда дэ Хеа. «Манчэстэр Юнайтэд» набраў 9 ачкоў і падняўся на 10-е месца ў турнірнай табліцы. «Арсенал» мае 12 ачкоў і 4-е месцы. Лідарам спаборніцтваў з’яўляецца «Ліверпуль», які набраў 21 ачко у 7 матчах.

Беларускія валейбалісты апусціліся на 23-е месца ў сусветным рэйтынгу

Мужчынская зборная Беларусі па валейболе страціла адну пазіцыю ў рэйтынгу Еўрапейскай канфедэрацыі валейбола. Згодна з апублікаваным спісам з 44 валейбольных дружын, нацыянальная каманда пад кіраўніцтвам Віктара Бекшы перамясцілася з 22-га на 23-е месца. У актыве беларускіх валейбалістаў 134 ачкі. Зборная Беларусі апусцілася ў рэйтынгу, нягледзячы на другое месца ў залатой Еўралізе-2019 і бронзу Кубка прэтэндэнтаў цяперашняга года – пераходнага турніру за права выступаць у Лізе нацый. Узначальвае спіс зборная Сербіі, якая выйграла чэмпіянат Еўропы-2019.  У тройцы мацнейшых таксама зборныя Расеі і Польшчы. Рэйтынг з’яўляецца вызначальным для ўдзелу каманд у кваліфікацыі да Алімпіяды ў Токіо.

«Мінск» лідзіруе ў чэмпіянаце Беларусі па хакеі на траве

Клуб „Мінск” займае першае месца пасля трэцяга тура чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве сярод мужчынскіх каманд. На рахунку сталічнага клуба пяць вікторый і адна нічыя. Усяго за тры туры „Мінск” набраў 16 балаў. На другой пазіцыі размясціўся берасцейскі „Будаўнік”, які апынуўся мацней за сваіх апанентаў у чатырох гульнях, звёўшы ўнічыю адну сустрэчу і саступіўшы ў адным паядынку. На рахунку берасцейцаў – 13 ачкоў. Замыкае тройку лідараў „Гомель” з 6 баламі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pressball.by