Харвацкі пераварот



У групе “С” галоўная інтрыга была ў тым, хто заваюе 1-е месца. Немцы абрынуліся на браму Паўночнай Ірляндыі усёй магутнасцю і прасавалі штрафную нібы тракамі танкаў. Адзін Томас Мюлер ужо да перапынку мог аформіць хет-трык. Небяспечна страляў Марыё Гётцэ. Але гераічна дзеіў на браме Майкл Макговерн, годны нашчадак знакамітага галкіпера Патрыка Джэнінгса, якога заўзятары са стажам памятаюць яшчэ з 80-ых гадоў. А аднойчы яму на дапамогу прыйшла штанга. І ўсё ж да перапынку тэўтонцы дамагліся свайго, Марыё Гомес злаўчыўся на падборы. Гэта быў 4-ы гол форварда на еўрачэмпіянатах. У другой палове нікому вызначыцца не ўдалося.

Паўночная Ірляндыя-Германія – 0:1 (Марыё Гомес, 29).

У паралельным матчы Польшча-Україна актыўней пачалі бялэ-чэрвоны. Украінцы аднак спакваля выраўнялі гульню, але ў цэлым яна глядзелася невыразна. Міхаіл Фаменка ў сваім развітальным матчы на чале дружыны слушна даў шанец маладым талентам – так на полі з’явіліся ўкраінскія надзеі Багдан Бутко і Аляксандар Зінчанка.  Намінальныя ж лідары ўкраінцаў Яўген Канаплянка і Андрэй Ярмоленка гульнёвы воз элементарна не пацягнулі. Зыход спаткання вырашыў выхад з лаўкі рэзервовых Якуба Блашчыкоўскага. Дасведчаны майстар некалькімі фінтамі раскідаў украінскую абарону і загнаў мяч у сетку. Адзначым, што Польшча не прапусціла аніводнага мяча на групавым турніры. Стала дакладна вядома, што ў 1/8 фіналу каманда Адама Навалкі сустрэнецца з Швайцарыяй.

Україна-Польшча – 0:1 (Якуб Блашчыкоўскі, 54).

Выніковае становішча ў групе “С”: 1. Германія – 7 ачкоў (розніца мячоў 3-0), 2. Польшча – 7 (2-0), 3. Паўночная Ірляндыя – 3, 4. Україна – 0.

Позна ўвечары завяршылі змаганне і прадстаўнікі групы “D”. Чэхія засмуціла сваіх прыхільнікаў, саступіўшы Турцыі, і пакідае Еўра. Янычары будуць чакаць апошніх вынікаў трэцяга туру. Страта з-за траўмы Томаша Расіцкага прадвызначыла агульную няўдачу славянскай дружыны, у вачах гульцоў якой не было бляску. Турцыя ж мела магутную падтрымку трыбунаў у Лансе. Першую прабоіну ў чэшскім караблі зрабіў акрылены ветэран Бурак Ілмаз. А на 65-й хвідіне канчаткова дэмаралізаваў суперніка Азан Туфан.

Чэхія-Турцыя – 0:2 (Ілмаз Бурак, 10, Азан Туфан, 65).

Матч Іспаніі і Харватыі меў закручаную і жарсную драматургію і завяршыўся перамогай балканцаў. Яны забілі ў самай канцоўцы і здзейснілі лідарскі пераварот. Настаўнік шахматных Антэ Чачыч меў сур’ёзныя кадравыя праблемы, пакінуў у запасе траўмаваных Модрыча і Манджукіча і выдаў карт-бланш некалькім рэзервістам. Іспанцы спярша цалком кантралявалі хаду сустрэчы, арганізавалі экспрэс-гол і страцілі пільнасць. У канцы першага тайма Нікола Калініч элегантным ударам пяткай перапыніў некалькі „барадатых” сухіх серый чэмпіёнаў кантыненту. У другім тайме кульмінацыяй стаў прыдуманы арбітрам пенальці ў браму харватаў – балазе Серхіё Рамас яго не рэалізаваў. Харваты паспяхова падсыпалі снатворнага пірэнейцам і гэтая тактыка спрацавала. Іван Перышыч імкліва прарваўся па левым фланзе і капітальна збянтэжыў Давіда дэ Хэа і ўсю “чырвоную фурыю”.

Харватыя-Іспанія-2:1 ( Нікола Калініч, 45, Іван Перышыч, 87; Альвара Марата,7). Серхіё Рамас пры ліку 1:1 не рэалізаваў пенальці (Даніэл Субашыч парыраваў).

Выніковае становішча ў групе “D”: 1. Харватыя – 7 ачкоў, 2. Іспанія – 6, 3. Турцыя – 3, 4. Чэхія – 1.

Пасля гэтага стала ведама, што ў 1/8-й сустрэнуцца гранды – фіналісты мінулага Еўра – Іспанія-Італія. Выйшлі ў плэй-оф таксама Славаччына і Паўночная Ірляндыя.

Сёння праграма групавога турніру будзе закрытая. А 19-й беларускага часу канчатковае высвятленне пачнуць дружыны квартэту “F”: у Ліёне Венгрыя і Партугалія, а ў Сэн-Дэні – Ісляндыя і Аўстрыя. Партугальцам патрэбная толькі вікторыя, венграм жа для першага месца напэўна дастаткова дамагчыся парытэту на табло, а 3-яе месца і выхад у 1/8-ю ў іх ужо ў кішэні. Цікава, ці перапыніць урэшце голавую засуху Крышціяну Раналду. Дарэчы на гэтым Еўра зусім не забіваюць многія прызнаныя снайперы, акрамя партугальца, гэта Златан Ібрагімавіч, Робэрт Левандоўскі, Томас Мюлер, Марыё Манджукіч, Уэйн Руні, іншыя майстры.

Позна ўвечары фінішуе група “Е”. У Лілі сустрэнуцца Італія і Ірляндыя. “Скуадры адзуры” нічога ўжо не патрэбна, яна гарантавана застаецца на першай пазіцыі і можа берагчы “картачнікаў”, найграваць рэзервістаў. Для ірляндацаў жа – момант ісціны, кельтам трэба толькі перамагаць. У той жа час будуць гарэць агні стадыёна ў Ніцы. Там Швецыя паспрабуе абвергнуць сваю нягегласць у паядынку з Бельгіяй. Скандынаваў выведзе ў плэй-оф толькі перамога, бельгійцаў можа задаволіць і нічыя.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя