Харватыя і Расея выйшлі ў чвэрцьфінал мундыялю



У нядзелю на чэмпіянаце свету па футболе здарылася яшчэ адна вялікая сенсацыя. Зборная Іспаніі не здолела перамагчы дружыну Расеі і саступіла ёй у пасляматчавых пенальці.

Матч выдаўся незвычайны, але разам з тым лагічны. 90 хвілін асноўнага часу і 30 дадатковага іспанская зборная валодала ініцыятывай, мячом і ўсім, што толькі магло быць на футбольным полі. І дастаткова хутка адкрыла лік. Пры выкананні штрафнога Ігнашэвіч валіў Рамаса на газон, але пры тым мяч трапіў у нагу расейскага абаронца і спікіраваў у браму. Пасля гэтага здарэння расейцы ні на ёту не памянялі сваю тактыку глухой абароны. Разлік стаўся абсалютна верным – у канцы першага тайма рэдкая вылазка гаспадароў турніру завяршылася тым, што мяч пасля удару галавой Дзюбы трапіў у руку Піке. Галяндскі арбітр прызначыў неабавязковы, але і неаспрэчны пенальці. Дзюба ўпэўнена выканаў прысуд.

Як ні дзіўна, другі тайм нічога не памяняў у тактыцы “фурыі рохі”, якая не звяртала на браму суперніка ўвагі. Працяглае валоданне мячом не завяршалася нават дробнымі абвастрэннямі. Стала зразумела, што ў гэты дзень нешта не тое, што зоркі на баку Расеі. Ёсць рэчы фатальныя не толькі ў жыцці, але і ў гульні. Іспанія ніколі не перамагала ў плэй-оф на топ-турніры гаспадароў першынства. Не здолела яна і зараз узяць гэты рокавы бар’ер. Расейцы больш удала прабілі пасляматчавыя пенальці, плюс няздарна выявіў сябе пры тым брамнік пірэнейцаў Дэ Хэа.

Іспанія – Расея – 1:1 (Ігнашэвіч, 11, аўтагол, Дзюба, 41, з пенальці), па пенальці 3:4

Другі матч дня прыемна кантраставаў зместам з папярэднім. Бадай што, гэта была на гэтым турніры пакуль сустрэча сама высокага роўню. Каманды надзвычай хутка абмяняліся аляпаватымі экспрэс-галамі. Тут мелі месца рыкашэты, якія падарыла фартуна. Свае прозвішчы на табло запісалі Маціяс Ёргенсен і Марыё Манджукіч. Далей пайшла тактычная бітва гігантаў і сапраўды месца ў наступным раўндзе заслугоўвалі абедзве дружыны – творчыя аўтарскія праекты трэнераў Златка Даліча і нарвежца Оге Харэйдэ.

Час ішоў, а лік не мяняўся, да ўсяго беспамылкова гралі брамнікі Даніэл Субашыч і Каспер Шмейхель. У дадатковыя міні-таймы больш актыўна дзеілі датчане. А на 114-й хвіліне, здавалася, надышла развязка. Балканцы адзіны раз за матч злавілі супернікаў на контратацы: Лука Модрыч вывеў Антэ Рэбіча сам на сам з Шмейхелем, той абыграў брамніка, але быў збіты абаронцам. 11-мятровы ўзяўся выконваць штатны майстар Модрыч, але Шмейхель здзейсніў маленькі подзвіг, парыраваўшы мяч.

У пасляматчавых пенальці на вышыні былі брамнікі: Шмейхель адбіў два ўдары, а Субашыч ажно тры. Апошнюю кропку паставіў Іван Ракіціч. Харватыя ідзе ў чвэрцьфінал, а сімпатычная скандынаўская дружына скончыла свой выступ. Зборная Даніі – першая каманда, якую сапраўды шкада губляць на гэтай стадыі.   

Харватыя – Данія – 1:1 (Манджукіч, 4-я; М. Ёргенсен, 1-я), па пенальці 3:2.

Такім чынам у адным з чвэрцьфіналаў сустрэнуцца Харватыя і Расея.   

У панядзелак пройдуць яшчэ дзве сустрэчы 1/8-й фіналу. У Самары а 17-й гадзіне на поле выйдуць заакіянскія прадстаўнікі – каманды Бразіліі і Мексікі. На чэмпіянатах свету яны сустракаліся раней 4 разы: тройчы – у 1950-ым (4:0), 1954-ым (5:0) і 1962-ім (2:0) упэўнена бралі верх бразільцы. А вось на апошнім мундыялі ў родных сценах для Бразіліі на групавой стадыі падобныя па стылі зборныя разышліся мірам – 0:0. Фаварытамі цяпер лічацца пентакампеоны, але мексіканцы пасля разгрому ад шведаў, напэўна залізалі раны і рыхтуюцца да пераможнага паядынку. У іх шэрагах з-за двюх жоўтых картак не будзе абаронца Эктара Марэны.

Позна ўвечары (21.00) у Растове-на-Доне Бельгія будзе экзаменаваць Японію. Букмекеры выразна ставяць на шматнацыянальную еўрапейскую дружыну, але ў “сініх самураяў” павінны знайсціся свае контраргументы на гэта. Праблема ў азіятаў адна – траўма форварда Сіндзі Акадзакі.

Беларускае Радыё Рацыя