Харватыя перамагла Расею і выйшла ў паўфінал ЧС



Футбалісты Харватыі перамаглі каманду Расеі ў серыі пенальці з лікам 4: 3 (асноўны і дадатковы час завяршыўся з лікам 2: 2) і выйшлі ў паўфінал чэмпіянату свету.

Расея — Харватыя 2:2  (Чэрышаў, 31, Фернандэс, 115; Крамарыч, 39, Віда, 101)

Серыя пенальці 3:4: 

Расея:  Cмолаў (не забіў),  Дзагоеў, Фернандэс (не забіў), Ігнашэвіч, Кузяеў.

Харватыя: Брозавіч, Ковачыч (не забіў), Модрыч, Віда, Ракіціч. 

У 1/8-й фіналу каманда Златка Даліча пакінула вельмі невыразнае ўражанне і прайшла Данію толькі ў серыі пенальці. Тым не менш, супраць Расеі харватаў зноў лічылі відавочнымі фаварытамі – мабыць іх пераканаўчая перамога над Аргенцінай аказала вырашальны ўплыў на думкі букмекераў. Але ў гульні Харватыі мала што змянілася. Яны зноў валодалі ініцыятывай, трымалі мяч 63% часу, шмат білі, але практычна не стваралі небяспечныя моманты. Трапленне ж гаспадароў турніру ў чвэрцьфінал не стала нечаканасцю, зыходзячы з таго, як складваўся і гэты матч.

Расейцы пісьменна пачалі першы тайм гульні на сочынскім стадыёне «Фішт», перакрывалі харватам кісларод у цэнтры поля, рэгулярна выбягаючы ў контратакі. Адна з іх завяршылася эфектным голым на 31-й хвіліне Дзяніса Чэрышэва – Субашыч толькі праводзіў мяч позіркам. Першы гол расейцаў быў нелагічным, але харватам усю гульню было вельмі няпроста рэалізаваць сваю перавагу ў класе.  „Шашачныя” зноў сутыкнуліся з камандай, якая больш абараняецца, чым думае пра атаку.

Але ўжо да канца першага тайма запал гаспадароў вычарпаўся. Харватыя паступова перахапіла ініцыятыву, наблізілася да чужой брамы, стварыла некалькі момантаў, адзін з якіх ударам галавой з блізкай адлегласці на 39-й хвіліне рэалізаваў Крамарыч.

Другі тайм, а пасля яго і абодва экстратаймы прайшлі пад дыктоўку харватаў – Расея гуляла на адбой і нават не думала аб арганізаваным пазіцыйным нападзе. Але свае моманты харваты не выкарыстоўвалі – найлепшую магчымасць меў Перышыч, які з некалькіх метраў трапіў у штангу.

У экстратаймах каманды абмяняліся галамі пасля стандартаў –  Дамагой Віда забіў у харватаў, а Фернандэс – у расейцаў. Гісторыя матчу з Іспаніяй паўтарылася – каманда Станіслава Чарчэсава дацягнула да серыі пенальці, дзе ў яе былі добрыя шанцы. Але фартуна выбрала на гэты раз не расейскую зборную. Вырашальнымі сталі памылкі Смолава, cлабы удар якога па цэнтру брамы Субашыч адбіў, ды героя дадатковага часу натуралізаванага бразільца Фернандэса — ён паслаў мяч міма левай ад сябе штангі. Аднаго сэйва Акінфеева, які адгадаў кут пасля ўдару Ковачыча на гэты раз расейцам не хапіла, каб прайсці далей. Вырашальны дакладны ўдар з пенальці як і ў матчы з датчанамі запісаў сабе ў актыў Іван Ракіціч. 

Парадаксальна, але супраць Англіі харватам павінна быць прасцей чым з датчанамі і расейцамі – брытанцы хучэй за ўсё дадуць саперніку больш прасторы. Іншая справа, што дзейнічаць давядзецца другім нумарам, а такога з Харватыяй на гэтым чэмпіянаце свету яшчэ не было.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя