Хет-трык Бензема прынёс „Рэалу” выязную перамогу ў матчы з „Чэлсі”



Мадрыдскі „Рэал” на выездзе перамог лонданскі „Чэлсі” у першым матчы 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў — 3:1. Хет-трыкам вызначыўся французскі форвард Карым Бензема. Мюнхенская „Баварыя” на выездзе прайграла „Вільярэалу” ў першым матчы 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў — 0:1. Адзіны мяч забіў нападнік Арно Грунэвелд.

„Ракаў” прайшоў „Легію” і згуляе ў фінале

„Ракув”, колеры якога абараняе беларускі нападнік Ілля Шкурын, перайграў „Легію” ў паўфінальным матчы Кубка Польшчы — 1:0.

Шкурын у заяўку на паядынак не трапіў. У фінале 2 траўня „Легія” пазмагаецца з познаньскім „Лехам”.

Футбалісты „Нёмана” перамаглі БАТЭ ў першым паўфінале Кубка Беларусі

Футбалісты гарадзенскага „Нёмана” абыгралі БАТЭ ў першым паўфінальным матчы розыгрышу Кубка Беларусі. У першым тайме сустрэчы ў Гародні цяперашнія ўладальнікі трафея выйшлі наперад пасля дакладнага ўдару Неманьі Міліча. Пасля перапынку гаспадары не толькі аднавілі парытэт, але і дамагліся перамогі: на 54-й хвіліне вызначыўся Павел Савіцкі, а праз 18 хвілін Гегам Кадзімян забіў другі мяч у браму БАТЭ. Сёння ў другой паўфінальнай пары „Гомель” сустрэнецца на сваім полі з футбалістамі „Віцебска”.

Дзмітрый Бага перайшоў у „Гомель”

Беларускі паўабаронца Дзмітрый Бага (1990) перайшоў у „Гомель”.
Пра гэта паведамляе football.by. Папярэднім клубам хаўбека была латвійская „Ліепая”, якую ён пакінуў сёлета 1 студзеня пасля заканчэння кантракта і з таго часу знаходзіўся ў статусе свабоднага агента. У Беларусі Бага дагэтуль выступаў толькі за барысаўскі БАТЭ.

„Шахцёр” зраўняў лік у паўфінальнай серыі Кубка Прэзідэнта супраць „Металурга”

Хакеісты „Шахцёра” на хатняй арэне абыгралі „Металург” у шостым матчы паўфіналу плей-оф беларускай экстралігі і зраўнялі лік у серыі.

Шостая гульня супрацьстаяння праходзіла ў Салігорску. Гаспадары двойчы выходзілі ў матчы наперад, але абодва разы жлабінчане адыгрываліся. За хвіліну да заканчэння трэцяга перыяду лічбы на табло былі роўнымі, аднак авертайму не здарылася: шайба Арцёма Дзямкова прынесла „гарнякам” перамогу 3:2. Такім чынам, лік у серыі зноў роўны – 3:3, лёс пуцёўкі ў фінал вырашыцца ў апошняй сёмай гульні, якая адбудзецца заўтра ў Жлобіне. Пераможца гэтага матча аспрэчыць званне чэмпіёна Беларусі з мінскім „Юнацтвам”.

Арына Сабаленка прайшла Алісан Рыск на турніры ў Чарльстане

Пятая ракетка свету Арына Сабаленка перамагла амерыканку Алісан Рыск у матчы 1/16 фіналу турніру ў Чарльстане — 7:6, 6:4. У наступнай стадыі беларуска сёння будзе змагацца з іншай прадстаўніцай ЗША — 47-й ракеткай планеты Амандай Анісімавай.

Галкіпер Іван Мароз вярнуўся ў СКА

Галкіпер Іван Мароз падпісаў арэндную дамову са сталічным СКА да канца сезона. Пра гэта паведамляе сайт вайскоўцаў. Гэты і папярэдні сезоны Мароз правёў у запарожскім „Маторы”, а раней з 2016-га па 2020-ы год выступаў за СКА. Увогуле за мінскі клуб Мароз згуляў 111 матчаў. На гэты раз Іван абраў нумар 44. Першы матч пасля вяртання брамнік зможа правесці ўжо ў гэту нядзелю супраць „Мяшкоў Брэст” у рамках чэмпіянату краіны.

Беларускае Радыё Рацыя